Навасвержанскі млын: з мінулага – да новага іміджу

Filed under: Аграсядзібы,Год гасцiннаcцi,Нумары |

Сёлета, на фінішы Года гасціннасці, на Стаўбцоўшчыне зафіксавана адметная падзея – адкрыццё аграсядзібы «Млын». Сімвалічна, што гэта першая аграсядзіба ў Новым Свержані і ўжо 16-я – на Стаўбцоўшчыне.

Назва аграсядзібы, своеасаблівага праекта сям’і мінчан Гальперыных, невыпадковая – яна фактычна ўзята з «радаслоўнай» гэтага старадаўняга будынка. Як сцвярджае карэнны новасвяржанін і, адначасова, сённяшні штатны захавальнік аграсядзібы 73-гадовы Пётр Бельскі, сапраўдны млын працаваў тут да вясны 1958 года – пакуль раптоўна не растаў снег і вялікая вада, падагнаная крыгамі, не зламала мост з драўлянымі палямі праз раку Жацераўку. Прамкамбінат, якому млын тады належаў, стараўся аднавіць яго работу (спрабавалі нават з дапамогай электраматора), аднак нічога не ўдалося. Цікавая і ваенная біяграфія навасвержанскага млына. Партызаны хацелі падарваць яго, каб не даць немцам карыстацца ім. Падклалі міну. Ды цагляны мур выстаяў. Адна толькі трэшчына з’явілася, затое ў суседніх дамах павыляталі шыбы…

Калі млын спыніў сваю працу, тутэйшыя людзі доўга не маглі забыць, як на іх вачах энергіяй рачной вады круціліся жорны, як навокал пахла збожжам і льняным маслам… Зрэшты, у любую пару года тут было завозна. Напэўна, таму многія выказвалі пажаданне, каб новы гаспадар млына аднавіў яго работу. Аднак гэта задача, бадай, з нерэальных. Для многіх местачкоўцаў яна абярнулася б  затапленнем…

А вось адраджэнне будынка, што пуставаў апошнія паўстагоддзя і прыйшоў у поўны заняпад, наданне яму другога, сучаснага, жыцця – гэта ўжо рэальнасць. Прыгожая ява, падобная на казку… з беларускай душой. З першага погляду пра самабытнасць і гасціннасць гэтай душы скажуць лепш за словы льняныя абрусы, ручнікі, сурвэткі і камплекты пасцельнай бялізны, а таксама мэбля з натуральнага дрэва. Усё з густам падабранае, айчыннай вытворчасці, яно будзе служыць наведвальнікам аграсядзібы. Гаспадыня абяцае і нашу, з дамашнім смакам, кухню.   

«Княжацкі» падарунак

– Мы не маглі даць сваёй аграсядзібе іншую назву, як «Млын», – адначыла падчас урачыстага адкрыцця яе гаспадыня Ала Гальперына (яе вы бачыце на здымку злева зверху). – Для нас гэта – яшчэ і свята сямейнае, таму што ўкладзена вялікая праца.  Муж – прараб, я – дызайнер…  Усе разлікі зрабіў архітэктар і навуковы кіраўнік аб’екта Юрый Смольскі. Я ўдзячна свайму мужу, сынам – гэта было такое сямейнае яднанне!  Будзем старацца прапанаваць турыстам якасны адпачынак у цёплай сяброўскай атмасферы.

Жыццёвы вопыт для гэтага ў гаспадыні аграсядзібы ёсць, яе сям’я – адзінае цэлае, а багаты на гісторыю Новы Свержань і яго ваколіцы, дзе сапраўды ёсць што паказаць і аб чым расказаць, для Алы Гальперынай –  малая радзіма. Непадалёку ад млына, побач з велічнымі мурамі Свята-Успенскай царквы і Петрапаўлаўскага касцёла, яна бегала дзяўчынкай…

Узнікаюць міжволі і іншыя паралелі. З часу  першага ўпамінання Новага Свержаня ў летапісе ідзе легенда, што князь Вітаўт падараваў мястэчка сваёй жонцы Юліяне. З вялікім Вітаўтам раўняцца ніхто не бярэцца, аднак і сімвалічнага падабенства нельга не заўважыць: набыўшы млын і ўклаўшы ў яго аднаўленне салідны капітал, Леанід Гальперын паўтарыў княжацкі ўчынак – таксама падараваў аграсядзібу сваёй жонцы.      

Перспектывы

Напрыканцы лістапада сімвалічную чырвоную стужачку на ўваходзе ў аграсядзібу «Млын» перарэзаў разам з гаспадыняй і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. У яго прывітальным слове гучала пачуццё гордасці за людзей, якія застаюцца патрыётамі сваёй краіны, малой радзімы і ўносяць асабісты ўклад у яе развіццё. «Гэта 16-я аграсядзіба раёна і ўжо відавочна, што ў кожнай пачынае выкрышталізоўвацца спецыялізацыя, якая ў будучым дасць падставы для стварэння  кластарнай сістэмы», – падкрэсліў Сяргей Шэсцель.   

Для гасцей пад гукі жывой гітарнай музыкі была прапанавана першая экскурсія па аграсядзібе.

Пачалася яна са знаёмства з насценнай фотаэкспазіцыяй. На дыхтоўных ілюстрацыях – млын «да» і «пасля». «Пасля» – гэта сучасны трохпавярховы (асвоены і мансардны паверх) атэль,  варты «трох зорак з плюсам». У кожным з васьмі камфартабельных нумароў, разлічаных на два-тры чалавекі, – сучасны  тэлевізар, падключаны да спадарожнікавых каналаў, самы сучасны і запатрабаваны фармат сувязі – Wi-Fi.

–  Будзем развівацца і далей, – апярэджвае пытанні Леанід Гальперын. – Установім трэнажоры для дарослых, дзецям прапануем нарды, шахматы.  Для іх абсталюем пляцоўку і на дваровай тэрыторыі аграсядзібы. Будуць веласіпеды, рыбалка. І – абавязкова – бібліятэка.

Гаспадыня дадае, што для пражываючых (спальныя нумары разлічаны на 20 чалавек, абедзенная зона – на 32 чалавекі) тут гатовы ладзіць тэматычныя вечары, розныя культурныя мерапрыемствы. Месцам прыцягнення павінен стаць бераг ракі Жацераўкі, які плануецца акультурыць, аздобіць  імправізаваным млынавым колам…

Як ты мне мілы!

Націск не толькі на еўрапейскі ўзровень сэрвісу, а і на духоўны складнік асабліва парадаваў адну з гасцей урачыстасці – дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага  музея Якуба Коласа Зінаіду Камароўскую. «Мір, Нясвіж з іх замкавымі комплексамі адсюль сапраўды недалёка, але вельмі разумна, што вы вырашылі ўзбагаціць экскурсійную праграму наведваннем яшчэ больш блізкіх турыстычных аб’ектаў – філіялаў музея Якуба Коласа. Летам 1912 года Янка Купала прыходзіў да Коласа ў Мікалаеўшчыну, і, як вядома з гісторыі, у  Новым Свержані яны адзначалі гэту першую сустрэчу. Увогуле варта стварыць турыстычнае «Залатое кальцо Стаўбцоўшчыны», – прапанавала дырэктар музея.      

Свае пажаданні гаспадарам аграсядзібы выказалі сябры і блізкія, сярод якіх – паважаныя браты гаспадыні: Георгій Гоцкі, прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, і Аляксандр Гоцкі, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Манрэалі ў 1976 годзе. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на такі важны момант, як інтэграцыя аграсядзібы ў мясцовае сацыяльна-культурнае асяроддзе – да прыкладу, неабходна наладзіць фэст, спартыўнае свята і т. п., каб аграсядзіба, як і калісьці млын, вабіла да сябе людзей.

Мы жадаем, каб імідж аграсядзібы «Млын» трывала ўвайшоў у жыццё і побыт Новага Свержаня, працаваў на іх агульную перспектыву.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>