Да ведама

Filed under: Нумары,Прававы лекторый |

ВАДЗІЦЕЛЯМ. АБ ЗМЯНЕННЯХ У ПРАВІЛАХ ДАРОЖНАГА РУХУ

З 16 студзеня 2015 года ўступіў у законную сілу ўказ нумар 483, у адпаведнасці з якім вадзіцелі абавязаны перавозіць дзяцей ва ўтрымліваючых прыстасаваннях і выкарыстоўваць зімовыя шыны з 1 снежня па 1 сакавіка.

Указ нумар 483 уносіць некаторыя змяненні і дапаўненні ў Правілы дарожнага руху. Так, вадзіцелі абавязаны перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў у легкавым аўтамабілі з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў або іншых сродкаў, якія даюць магчымасць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі (акрамя выпадкаў, калі рост дзіцяці перавышае 150 см, а таксама пры перавозцы ў аўтамабілі-таксі).

Акрамя таго, аўтааматары будуць абавязаны выкарыстоўваць з 1 снежня па 1 сакавіка зімовыя шыны на аўто з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 т, легкавых і грузапасажырскіх аўтамабілях масай звыш 3,5 т, а таксама аўтобусах.

У адпаведнасці з указам павялічваецца час навучання практычнаму ваджэнню аўтамабіля пры падрыхтоўцы вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў катэгорыі «В» з 40 да 50 гадзін. Пры гэтым аўташколам прадастаўляецца чатырохмесячны тэрмін для арганізацыі падрыхтоўкі вадзіцеляў у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.

З 16 студзеня да элементаў дарогі аднесены размешчаныя на праезнай частцы дарогі пасадачныя пляцоўкі і астраўкі бяспекі, што дасць магчымасць распаўсюдзіць абавязак уладальнікаў дарог па ўтрыманні элементаў дарог у бяспечным для руху стане на названыя збудаванні.

Змяняецца мінімальная ступень святлопрапускання для ветравога шкла транспартнага сродку, пры якой дапускаецца яго ўдзел у дарожным руху, з 75 працэнтаў да 70 працэнтаў. Уводзяцца новыя віды дарожнай разметкі для арганізацыі руху веласіпедаў, а таксама для абазначэння напрамкаў руху па палосах на скрыжаваннях са складанай канфігурацыяй.

БелТА

 

АБІТУРЫЕНТУ-2015. СЛУЖБА Ў МІЛІЦЫІ – ПЕРСПЕКТЫЎНЫ ВЫБАР

Акадэмія і Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – сучасныя навучальныя ўстановы ўніверсітэцкага тыпу, якія ўваходзяць у лік найбольш прэстыжных ВНУ рэспублікі.

Калі ты грамадзянін Рэспублікі Беларусь, мэтанакіраваны, адказны, ініцыятыўны, фізічна здаровы, псіхалагічна ўстойлівы, маеш агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную з агульнай сярэдняй або сярэднюю спецыяльную адукацыю і хочаш звязаць свой лёс са службай закону, дзяржаве, свайму народу, твой узрост ад 17 да 25 гадоў – ВНУ сістэмы МУС прапануюць бясплатную вышэйшую юрыдычную адукацыю, поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на перыяд вучобы, пасля заканчэння навучання – прысваенне спецыяльнага звання лейтэнант міліцыі. Тэрмін навучання (чатыры гады) залічваецца ў стаж службы. Курсанты вызваляюцца ад службы ў арміі і залічваюцца ў кадры МУС. Мінімальная стыпендыя (па стане на 01.12.2014) – 2 000 000 рублёў. Перавагай з’яўляюцца: права выхаду на пенсію праз 20 гадоў службы, магчымасць будаўніцтва жылля на льготных умовах, кар’ерны рост.

Залічэнне ажыццяўляецца на конурснай аснове (сума балаў сертыфікатаў ЦТ па грамадазнаўстве, замежнай мове, рускай (беларускай) мове і сярэдняга бала атэстата).

Каб стаць курсантам, неабходна да 15 красавіка звярнуцца ў Стаўбцоўскі раённы аддзел унутраных спраў (кантактныя тэлефоны – 5-52-99, 8-033-384-39-19), прайсці ва ўстаноўленым парадку спецыяльную праверку, медыцынскі агляд і псіхалагічнае абследаванне ў ваенна-ўрачэбнай камісіі, прадаставіць не менш за дзве рэкамендацыі ад супрацоўнікаў міліцыі або пенсіянераў МУС.

Перад залічэннем абітурыенты праходзяць канчатковы медыцынскі агляд непасрэдна ў ВНУ. З імі заключаецца кантракт, які прадугледжвае абавязак праходжання службы ў органах унутраных спраў на працягу тэрміну навучання, а такама не менш за пяць гадоў пасля яго заканчэння.

Штогадова калектыў райаддзела міліцыі папаўняецца выпускнікамі Акадэміі і Інстытута МУС Рэспублікі Беларусь. У заўтрашніх абітурыентаў ёсць магчымасць пагутарыць з імі і з першых вуснаў атрымаць вычарпальную інфармацыю аб асаблівасцях навучання, умовах пражывання і сацыяльна-бытавога забеспячэння курсантаў, задаць пытанні наконт службы і адпачынку, удзелу ў шматлікіх маладзёжных праектах.

Звяртайцеся ў райаддзел міліцыі – мы гатовы дапамагчы рэалізаваць ваш выбар.

Ала СЦЕФАНОВІЧ, старшы інспектар групы кадраў райаддзела міліцыі       

 

АХОВА ПРЫРОДЫ. У МЕНТУЗА – НЕРАСТ

Да 28 лютага ў Беларусі ўстанаўліваецца забарона на лоўлю ментуза (налима) звычайнага. Гэта звязана з аховай данага віду рыбы падчас нераставага перыяду. На працягу амаль двух месяцаў мянтуз нерасціцца ў халоднай, блізкай да нуля градусаў вадзе. Пры мінусавых тэмпературах нераст праходзіць актыўней, чым пры адлізе.

Акрамя цёплых зімаў на аднаўленне ментуза адмоўна ўплываюць і браканьеры. За незаконную здабычу яго ў перыяд нерасту прадугледжана адміністрацыйная або нават крымінальная (калі сума нанесеных прыродзе страт складае больш за 100 базавых велічынь) адказнасць, і сама кампенсацыя страт павялічана да трайнога памеру (27 базавых велічынь) за кожную асобіну.

Мянтуз – адзіны прадстаўнік сямейства трасковых у прэсных водах, які жыве пераважна ў басейнах Заходняй Дзвіны, Нёмана, Заходняга Буга, Дняпра, Сожа і Прыпяці,у азёрах Браслаўскай і Нарачанскай груп. 

Дзмітрый ЦЯРЭШКА, намеснік начальніка Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>