Кошт аднаго вечара

Filed under: Нумары,Соцыум |

На пачатку лютага  прайшлі вечары сустрэчы з выпускнікамі. Шматлюдна было не толькі ў школах, але і ў стаўбцоўскіх кафэ і рэстаранах, куды накіраваліся ўчарашнія і далёка ўжо не ўчарашнія школьнікі пасля афіцыйнай, урачыста-настальгічнай, часткі сустрэчы. Месцы ў гэтых забаўляльных установах заказваліся, як правіла, адразу на вялікую кампанію (на цэлы клас!) і, безумоўна, загадзя (некаторыя рабілі гэта за месяц і больш), каб не аказацца нязванымі гасцямі. Відавочна, што рыхтаваліся да гэтага вечара як тыя, хто пажадаў сустрэцца з аднакласнікамі праз 5, 10, 20, 30…і г. д. гадоў пасля заканчэння школы, так і тыя, хто прадастаўляе падобную паслугу. 

Да прыкладу, у піцэрыі «Гарадок»  для выпускнікоў было складзена банкетнае меню, і для іх гуляння прадугледжана асобная зала. У «Прывале рыцара» таксама было састаўлена спецыяльнае меню, і кафэ ўвогуле дыстанцыравалася на той вечар ад іншых, адзінкавых і так бы мовіць выпадковых, наведвальнікаў. За дзень да вечара сустрэчы на маё тэлефоннае пытанне ў «Прывал рыцара», ці зможам мы з сяброўкай проста «пасядзець» у іх за столікам, адказ быў катэгарычны: «Ніхто вас не пасадзіць! У нас – спецабслугоўванне». Праўда, на той момант у кафэ «Стары Двор» яшчэ заставаліся вакантнымі кабінкі, разлічаныя акурат на невялікую кампанію. Абнадзеілі і ў рэстаране «Нёман»: гуляць там будуць 125 чалавек, аднак, калі кампанія невялікая, можам паставіць яшчэ адзін столік… Заспакоілі на ўсякі выпадак і ў  рэстаране «Турыст»: у самім рэстаране вольных месцаў не аказалася, затое побач бар «Бацькава хата», дзе таксама можна нядрэнна бавіць час…

Колькі ж каштаваў сёлета ўваходны білет на свята? Самы дарагі, 450 тысяч рублёў з аднаго чалавека, – у піцэрыі «Гарадок» і рэстаране «Нёман». Самы танны, 350 тысяч рублёў, – у кафэ «Стары Двор». Сярэдні паміж імі кошт, 400 тысяч рублёў, устанавілі «Турыст» і «Прывал рыцара». Практычна паўсюдна ў меню ўваходзілі 2-3 гарачыя стравы, столькі ж салатаў і нарэзка. Упрыгожвалі стол садавіна і цукеркі. Аднак усе забаўляльныя  ўстановы райспажыўтаварыства («Нёман», «Турыст», «Прывал рыцара» і інш.) выглядалі цікавей, бо прапаноўвалі яшчэ заліўную страву – прыкмету сапраўды дыхтоўнага стала.

Але не пра гэта размова. Узяўшы з кліента энную суму грошай, важна не толькі накарміць яго. У даным выпадку можна сказаць адназначна, што не галодны прыходзіць ён у рэстаран ці кафэ. І, хутчэй за ўсё, наўрад ці хто  вытрымаў дамашні дыетычны пост на працягу некалькіх дзён, каб усё тое, што будзе пададзена за вечар, з’есці або хаця б добра пасмакаваць. На маю думку, «разынкай», своеасаблівым дэсертам гэтага вечара ўсё-такі павінна стаць культурная праграма. А якой яна была? Нічога новага: магнітафон, флэшка з «папсовымі» запісамі… «Папса» многім падабаецца, але далёка не ўсім, хто прыходзіць на вечар сустрэчы. Ды, самае непрыемнае, ад яе дэцыбелаў аглухнуць можна. Каб пагутарыць з былым аднакласнікам па душах, трэба крычаць у самае вуха…

Выгадна адрозніваўся толькі рэстаран «Нёман». «Які магнітафон? У нас жа рэстаран з жывой музыкай!» – адразу расставіла ўсё на свае месцы работніца рэстарана. У «Нёмане», акрамя таго, не так даўно быў зроблены сучасны рамонт залы, і гэта таксама павышае  статус рэстарана. Дызайн, як кажуць, таксама каштуе грошай.

Іншая справа, што невялікія камерцыйныя кропкі (тая ж піцэрыя), якія апрыёры не могуць цягацца з «Нёманам», але сваім узроўнем сэрвісу маглі б яго і перасягнуць, насамрэч павышэннем якасці сэрвісных паслуг не надта заклапочаны. Пакуль, і гэта відавочна, яны дагналі «Нёман» толькі па цане ўваходнага білета… Прынцып, выбраны імі, не вельмі ўдалы і не надзейны: ёсць попыт – «задзірай» цану. Адразу было 350 тысяч з чалавека, а пад шумок, што долар нестабільны і, маўляў, усё ў нас на вачах даражэе, можна сарваць і на сотню больш. Такім спосабам бядотныя прадпрымальнікі мяркуюць «дацягнуць» да бліжэйшага ўсенароднага свята – 8 Сакавіка, калі людзі ізноў павернуццца тварам да рэстаранаў і кафэ.

З камерцыйнымі інтарэсамі тых, хто запрашае нас падчас вечароў сустрэчы ў свае «кафэшкі», напрамую звязана і доля спіртнога ў цане ўваходнага білета. У сваё банкетнае меню яны закладваюць «па ўмаўчанні» да 200 грамаў на брата і, як высветлілася, нават не ўдаюцца ў дэталі. Да прыкладу, будзе гэта кампанія сталых людзей ці моладзі, колькі канкрэтна ім дастаткова спіртнога, што яны ўвогуле будуць піць?.. Пры гэтым мы шмат і на розных узроўнях гаворым пра маладзёжны адпачынак, пра тое, што густ можна выхаваць  толькі  культурай  піцця і т. п. А дзе ж выхоўваць гэтую культуру піцця, як не ў кафэ, сярод прыстойнай публікі і этыкету? Нам да гэтага яшчэ далёка. Інакш, ці магчыма такое, што цалкам дзявочай кампаніі афіцыянт, амаль што іх равеснік, прынёс пляшку гарэлкі і, як кажуць, не паморшчыўся ад такой несуразнасці… Выходзіць, піце, дарагія нашы кліентачкі і кліенты, гарэлачку, напівайцеся, і тады вам будзе хораша і весела. Тады не адчуеце вы дыскамфорту ад «адбітых» дынамікамі вушэй, ад занадта тлустага меню і, зразумела, «патаннеўшага» кашалька…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>