Жывём з надзеяй на мір

Filed under: Дзякуй, салдат!,Нумары,Факты, падзеi, людзi |

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшлі на Стаўбцоўшчыне.

Шматлюдная калона воінаў-інтэрнацыяналістаў з кветкамі і вянкамі рушыла ад райваенкамата ў цэнтр горада, да помнікаў героям Вялікай Айчыннай на плошчы Бессмяротнасці і загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам – нашым землякам. У сэрцы кожнага – памяць пра тых, хто не вярнуўся з ратнай службы, удзячнасць за здзейснены подзвіг.

У знак удзячнасці героям ля помніка загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам, дзе сабралася грамадскасць горада, застыла ў ганаровай варце моладзь – піянеры сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, прайшоў урачысты мітынг. Адкрыў яго раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Слова прадастаўляецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя Горлаву. У сваім выступленні кіраўнік раёна падкрэсліў гістарычную значнасць гэтага дня і не мог не звярнуць увагу на яго цесную сувязь з днём сённяшнім, з тымі чаканымі надзеямі, якія літаральна ўвесь свет ускладае на мірнае вырашэнне ваеннага канфлікту ва Украіне. Ад раённага выканаўчага камітэта Юрыў Горлаў уручыў старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгору Мамайку падарунак – спартыўны інвентар. Усё гэта спатрэбіцца Рыгору Андрэевічу ў рабоце з членамі клуба «Абаронца Айчыны», які з’яўляецца структурным падраздзяленнем арганізацыі.

Пра патрыятычнае выхаванне моладзі, якое актыўна праводзіць раённая арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, працягнуў размову начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка. Ён уручыў дыпломы найбольш актыўным членам клуба (у клубе займаюцца і  падлеткі, якія раней адносіліся да катэгорыі «цяжкіх») і іх нязменнаму кіраўніку Рыгору Мамайку. З прывітальным словам звярнуўся да прысутных старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Іосіф Язвінскі, які, у прыватнасці, прапанаваў сёлета, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, увекавечыць імёны герояў вайны, загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў – нашых землякоў у назвах піянерскіх дружын раёна.

Рыгор Мамайка, па традыцыі звяртаючыся да сваіх баявых таварышаў, выканаў прыемнае даручэнне – уручыў медалі былым дэсантнікам Андрэю Федчанку і Вітольду Лісоўскаму. Дыпломам арганізацыі   за плённае супрацоўніцтва адзначана намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль. Эмацыянальным (і таксама не без узнагарод) было выступленне і старшыні раённай арганізацыі КПБ Ніны Дубовік. Ад імя моладзі вітала воінаў-інтэрнацыяналістаў вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы Валерыя Сінянкова.

Да помніка былі ўскладзены жывыя кветкі і вянкі памяці. Далей удзельнікі мітынгу перамясціліся ў Свята-Аннінскую царкву, дзе прайшла паніхіда па загінуўшых і памерлых у мірны час таварышах. Напярэдадні 15 лютага дэлегацыя прадстаўнікоў райваенкамата і райвыканкама наведала дома маці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў афганскай вайны. У школах раёна прайшлі акцыі памяці, сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, тэматычныя мерапрыемствы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара і А. ПЯТРОВА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>