Бадзёры дух спартакіяды

Filed under: Нумары,Спорт,Факты, падзеi, людзi |

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Меліяратар» прымаў удзельнікаў чарговай, пятай па ліку зімовай раённай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу. Памерацца сіламі прыехалі ў Дзераўную васямнаццаць камандаў, кожная з якіх была поўная рашучасці стаць пераможцай.

 Да ўдзельнікаў спаборніцтваў з прывітальным словам і пажаданнямі звярнуўся старшыня райвыканкама Юрый Горлаў:

– Сёння для вас, аграрыяў нашага раёна, урачысты і знамянальны дзень. Чарговы раз вы дружна сабраліся разам у сценах гэтага гасціннага спарткомплексу, каб памерацца сіламі ў спорце. Пераможцаў будзе многа, але не трэба адчайвацца і тым, хто не зойме прызавое месца. Вы ўсе прынялі актыўны ўдзел, а гэта ўжо перамога. Упэўнены, што сённяшняе мерапрыемства стане сапраўдным святам і застанецца адным з яркіх успамінаў у асабістым жыцці кожнага з вас.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень дадаў:

– У зале вітаюць напружанне і хваляванне. Адчуваецца вялікае жаданне ўзяць рэванш у тых, хто  мінулы раз спыніўся за крок ад п’едэстала, а ў тых, хто быў ніжэй у турнірнай табліцы, падняцца на вышэйшую прыступку. Жадаю, каб усе яны здзейсніліся.

– Сёння ў вас ёсць магчымасць паспаборнічаць не толькі на палях і фермах, – адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч.

Пажадала сельскім працаўнікам бадзёрасці духу і аптымізму ў спартыўнай барацьбе за перамогу намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль. Супрычыніўся да пажаданняў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Вільнявец.

Праграма спартакіяды традыцыйна ўключала восем відаў спорту, адзін з якіх – новы (шашачны турнір сёлета быў заменены на практыкаванні са скакалкай). Першымі выйшлі на дыстанцыю лыжнікі. Сярод мужчын удача ўсміхнулася Уладзіміру Рымашэўскаму з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», а сярод жанчын Алене Конюх з УП «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства». Другую прыступку занялі Дзмітрый Яўсейчык (УП «Стаўбцоўскае ХПП») і Хрысціна Місюкевіч  (ААТ «Рочавічы»), трэцюю – Міхаіл Валента (ААТ «Стаўбцоўская ПМК») і Вольга Голышава (ААТ «Рубяжэвічы»).

Гіравы спорт для мужчын – магчымасць праявіць не толькі сілу, а і волю, характар. Барацьба ў асілкаў-гіравікоў была напружанай. У вагавай катэгорыі звыш 75 кілаграмаў перамог Сяргей Пяткевіч (ААТ «Рубяжэвічы), другое месца ў Яўгена Ляўковіча (ААТ «Жацерава»), трэцяе – у Віктара Смаўжа (УП «Стаўбцоўскае ХПП»). У вагавай катэгорыі да 75 кілаграмаў пераможцам і прызёрамі сталі Аляксей Чарняўскі (УП «Стаўбцоўскае ХПП»), Камо Бараян (ААТ «Рочавічы») і Аляксандр Руч’ёў (ААТ «Дзераўное»).

У баскетболе больш трапнымі аказаліся прадстаўнікі каманды ААТ «Каганец» Тамара Рубін і Аляксандр Кутас, на другім месцы Зінаіда Дрозд і Андрэй Клімко (ААТ «Агранёманскі»), на трэцім – Святлана Філіповіч і Аляксандр Гаптар (ТАА «СЖК «Налібакі»).

У гульні ў настольны тэніс сярод мужчын вызначыліся Міхаіл Севасцьяновіч (ААТ «Рубяжэвічы»), Дзмітрый Ярашэвіч (ААТ «Радзіма Якуба Коласа») і Дзмітрый Біюць (ААТ «Стаўбцоўская ПМК»). У жанчын не было роўных па спрытнасці Хрысціне Ярашэвіч (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Кацярыне Стралковіч (ААТ «Вішнявецкі-агра») і Марыне Крамко (ААТ «Агранёманскі»). Даўжэй за ўсіх скакалі на скакалцы Аліна Шуцько (ААТ «Дзераўное») – пераможца, Наталля Саўчыц (ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і Хрысціна Місюкевіч (ААТ «Рочавічы»). У мужчын месцы размеркаваліся наступным чынам: Яўген Кутас (ААТ «Шашкі»), Сяргей Шапялевіч (ТАА «СЖК «Налібакі») і Віталій Тарабэш (ААТ «Жацерава»).

У такіх відах спаборніцтваў як стральба з вінтоўкі і дартс прымалі ўдзел кіраўнікі і старшыні прафкамаў. Першае месца заняў начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень, на другім і трэцім месцах – галоўны эканаміст ААТ «Вялікі Двор» Ала Полацкая  і дырэктар ААТ «Рочавічы» Святлана Міхалевіч. У дартсе перамог Леанід Банцарэвіч (ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі»), другое і трэцяе месцы – за Леанідам Слесарчыкам (ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») і Паўлам Яраховічам (УП «Стаўбцоўскае ХПП»).

Самай азартнай і захапляльнай стала спартыўная эстафета. Мужчыны і жанчыны віртуозна ўпраўляліся з баскетбольным мячом. Аднак адным гэта ўдавалася зрабіць хутчэй, ад іншых мяч пастаянна «ўцякаў». Здараліся і кур’ёзныя падзенні на дыстанцыі: хтосьці не ўтрымаўся на нагах падчас скачкоў у мяхах, хтосьці падчас бегу ў абручы. Тады ўжо радасныя крыкі балельшчыкаў уступалі месцы кароткім расчараванням. Удача ўсміхнулася квартэту з ААТ «Шашкі», які паказаў самыя хуткія секунды. Другое месца дасталося спрытным спартсменам з ААТ «Жацерава», трэцімі сталі прадстаўнікі каманды УП «Стаўбцоўскае ХПП».

Усе пераможцы ў індывідуальных спаборніцтвах і эстафеце ўзнагароджаны граматамі і медалямі. У якасці падарунка кожны з іх атрымаў запрашэнне  на экскурсію ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і аглядную экскурсію па Мінску.

Па выніках усіх відаў спорту чэмпіёнам зімовай спартакіяды стала каманда УП «Стаўбцоўскае ХПП».

– Каманда наша не вельмі маладая, і ішлі мы да гэтага выніку шэсць гадоў, – адзначыў капітан каманды, старшыня прафкама Павел Яраховіч. – Безумоўна, мы задаволены. На мінулай спартакіядзе сталі прызёрамі, а сёлета, дзякуючы пастаянным трэніроўкам, перамаглі.

Другое месца заняла каманда ААТ «Рочавічы», трэцяе – ААТ «Жацерава».

Пераможцам і прызёрам уручаны кубкі, дыпломы і каштоўныя падарункі.

Чацвёртае месца занялі працаўнікі ААТ «Агранёманскі», якія атрымалі дыплом і прыз у намінацыі «За імкненне да перамогі». «Самай крэатыўнай»  прызнана каманда ўпраўлення райсельгасхарча, якая ўпершыню прыняла ўдзел у спаборніцтвах і выступала ў прыгожых чырвона-зялёных касцюмах, а «Не падаючай духам» – каманда ААТ «Вішнявецкі-агра». Гэтыя дзве каманды таксама былі заахвочаны дыпломамі і прызамі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і пастаянны спонсар – Аграпрамысловы саюз. Як і ў мінулыя гады ўдзельнікі спартакіяды частаваліся смачнай кашай, што была прыгатавана на палявой салдацкай кухні, якую прадаставіла камандаванне вайсковай часці № 25819.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>