Абслугоўванне

Filed under: Нумары,Соцыум |

ПА ЗНАЁМЫМ МАРШРУЦЕ

Сярод «старажылаў» спажывецкай кааперацыі раёна – вадзіцель Іван Чышэвіч. На працоўным гарызонце Івана Казіміравіча можна адсачыць этапы развіцця і станаўлення райспажыўтаварыства. У гісторыі арганізацыі 33 гады складае асабісты вопыт работы Івана Чышэвіча. У яго абавязках заўсёды было развозіць прадукты па магазінах раёна. Кожны дзень яго з таварам чакалі прадаўцы.

Цяпер Іван Казіміравіч абслугоўвае прадпрыемствы грамадскага харчавання. Ён дастаўляе прадукты ў кафэ і рэстараны горада. У вопытнага вадзіцеля машына заўсёды на хаду, час дакладна спланаваны. З гэтых знаёмых маршрутаў і складаецца кожны яго рабочы дзень.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ДЛЯ АЗДАРАЎЛЕНЧАГА КОМПЛЕКСУ

Швейны цэх раённага камбіната бытавога абслугоўвання выканаў вялікі заказ па пашыве пасцельнай бялізны і падушак для новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.

Добрай традыцыяй для мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў сталі заказы на пашыў спецадзення не за межамі раёна, а ў сваім мясцовым швейным цэху. Кіраўніцтва камбіната ўдзячна за падтрымку ў гэтай дзейнасці раённаму выканаўчаму камітэту.

Не адзін раз рабілі заказ на пашыў спецвопраткі цэнтральная раённая бальніца, філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Згодна з запатрабаваным асартыментам выкананы заказ для  РБУ, ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», сельскагаспадарчых таварыстваў «Жацерава», «Агранёманскі». Вопытныя майстры швейнага цэха імкнуцца не падводзіць заказчыкаў, улічыць усе іх пажаданні і выканаць заказ хутка і якасна.

Пр

 

Паспець папярэдзіць

Па выніках работы за мінулы год аб стане інфекцыйнай сітуацыі, аналізе імунізацыі ў раёне мы вядзём гутарку з галоўным санітарным урачом раёна Ігарам Кунцэвічам.

–       Ігар Георгіевіч, чым быў адметны для працаўнікоў прафілактычнай медыцыны мінулы год?

–  Пачаць можна з таго, што год праходзіў пад знакам гасціннасці. Улічваючы наша геаграфічнае становішча на перасячэнні важнейшых аўтамабільных і чыгуначных шляхоў з краін Заходняй Еўропы, Расійскай Федэрацыі і іншых краін СНГ, гэта абавязвала санітарна-эпідэміялагічную службу забяспечыць эфектыўны комплекс папераджальных прафілактычных і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, у першую чаргу, –  на маршрутах руху гасцей і турыстаў, забяспечыць санітарную ахову тэрыторый. Наша служба паспяхова з гэтым справілася.

–       Як вы наогул ацэньваеце эпідэмічную абстаноўку ў раёне?

–       Як стабільную і кіруемую. За мінулы год зарэгістраваны 161 выпадак інфекцыйнай і паразітарнай захваральнасці, што на 57 працэнтаў ніжэй, чым у 2013 годзе. Аднак аслабляць кантроль за інфекцыйнай паталогіяй нельга. Імклівае распаўсюджванне такога смяротнага захворвання як вірус Эбала ў Заходняй Афрыцы выклікала неабходнасць міжнароднай барацьбы з вірусам. Па-ранейшаму лідзіруючае месца ў структуры інфекцыйнай захваральнасці займаюць група вострых рэспіраторных захворванняў і грып. У мінулым годзе па медыцынскую дапамогу ў нашым раёне звярнуліся 11456 чалавек, ці 28 працэнтаў насельніцтва.

–       Апошнім часам вялікая ўвага надаецца імунізацыі супраць грыпу, што стала дзяржаўнай праграмай. Якія поспехі і якія праблемы ў правядзенні вакцынацыі?

–       Найбольш эфектыўнай і эканамічна апраўданай мерай застаецца прафілактыка захворванняў на грып. У падтрымку вакцынацыі гавораць і такія факты: захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі сярод прышчэпленых у дзясяткі разоў ніжэйшая, чым у тых, хто не прайшоў імунізацыю. Гэта даказана на прыкладзе такіх прадпрыемстваў як філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод»  у г. Стоўбцы і іншых. Нашым супрацоўнікам патрэбна было правесці вялікую работу, каб пераканаць насельніцтва і паспяхова выканаць пастаўленую Міністэрствам аховы здароўя рэспублікі задачу па ахопу вакцынацыяй супраць грыпу не менш за 40 працэнтаў насельніцтва. Мы выканалі гэтую задачу – прышчэплена 16436 чалавек, ці 40,8 працэнта жыхароў раёна. За разуменне і падтрымку ў данай рабоце хачу выказаць удзячнасць райвыканкаму, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, калегам з цэнтральнай раённай бальніцы. Згодна з дзеючымі нарматыўнымі дакументамі праводзілася работа па імунапрафілактыцы іншых інфекцыйных захворванняў.

–       Якіх?

–       Супраць адзёру, краснухі, эпідэмічнага паратыту, дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, коклюшу, эпідэмічнага паратыту. Па ўсіх пазіцыях дасягнуты рэкамендаваныя крытэрыі. Летась не дапушчана выпадкаў групавой і ўспышачнай захваральнасці на кішэчныя інфекцыі. Актуальнай для раёна застаецца праблема туберкулёзу. У 2014 годзе туберкулёз зарэгістраваны ў 20 чалавек. Зноў жа адной з важных складаючых у папярэджанні гэтага цяжкага захворвання з’яўляецца вакцынапрафілактыка. Асаблівая ўвага надаецца ахопу рэнтгена-флюараграфічным даследаваннем асоб з абавязковага кантынгенту. За нясвоечасовае праходжанне такога абследавання восем службовых асоб з сельскагаспадарчых таварыстваў раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 119 чалавек былі адхілены ад работы. Улічваючы такую праблему, хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна мець асабістую зацікаўленасць рэгулярна і своечасова праходзіць флюараграфічнае абследаванне. Сур’ёзнай праблемай застаецца захваральнасць на парэнтэральныя вірусныя гепатыты. У пяць разоў адзначаны рост захваральнасці на вострыя вірусныя гепатыты. Адным з важных спосабаў прафілактыкі з’яўляецца пазбяганне выпадковых палавых кантактаў. Па-ранейшаму вялікая ўвага надаецца прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. У мінулым годзе ў раёне зарэгістраваны два новыя выпадкі, гэта ніжэй узроўню 2013 года на 45 працэнтаў. Хочацца станоўча адзначыць работу лячэбнай часці па ахопе насельніцтва скрынінгам на ВІЧ-інфекцыю. Усяго на ўліку ў раёне знаходзяцца 23 ВІЧ-інфіцыраваныя, 12 атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію.

–       Якія новыя метады прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі выкарыстоўваюцца вашай службай?

–       Па-ранейшаму цесна працуем з іншымі ведамствамі  ў рабоце з моладдзю. Актывізавалася прафілактычная работа ў сферы працы. Больш цесна сталі працаваць з кіраўнікамі арганізацый і калектываў. У справаздачным годзе нашымі супрацоўнікамі  праведзена навучанне 133 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый і іх намеснікаў па ідэалагічнай рабоце, 11 старшынь сельвыканкамаў, 839 працаўнікоў працоўных калектываў і 5811 чалавек – сіламі спецыялістаў прадпрыемстваў. У 2015 годзе будзе працягнута работа па забеспячэнні санэпіддабрабыту і ўмацаванні здароўя насельніцтва раёна.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>