Традыцыі бюро падарожжаў

Filed under: Нумары,Паездкі, экскурсіі |

Старэйшыя пакаленні стаўбчан памятаюць, як з чыгуначнай станцыі ў Стоўбцах накіроўваліся па розных маршрутах турысцкія паязды. Даязджалі яны нават да Узбекістана.

– Турпаязды фарміраваліся раз у квартал, а значна больш частымі былі аўтамабільныя і самалётныя турысцкія групы, – прыгадвае Леаніда Высоцкая, вядучы спецыяліст службы турызму аддзела перавозак аўтапарка № 17, якая стаяла ля вытокаў развіцця турызму на Стаўбцоўшчыне.

А пачыналася ўсё трыццаць гадоў таму, 1-га студзеня 1985 года, калі было ўтворана Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій. Заснавальнікам яго выступіў абласны савет прафсаюза, а памяшканне для новаўтворанага бюро прыйшлося арандаваць у філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Загадчыца філіяла Софія Міцкевіч фактычна ўзначаліла турысцкую галіну на Стаўбцоўшчыне. Софія Пятроўна і яе муж Георгій Міхайлавіч  выступілі і першымі экскурсаводамі бюро. У гэтым жа 1985 годзе, у лістападзе, на працу ў бюро прыйшла Леаніда Высоцкая. Выказваючы віншаванні ўсім сваім сённняшнім і былым калегам, Леаніда Генадзьеўна з настальгіяй успамінае:

– У 1989 годзе адбылося аб’яднанне бюро з турбазай «Высокі бераг», у выніку чаго ўтварыўся турысцка-экскурсійны комплекс «Высокі бераг». У штаце яго была вялікая колькасць работнікаў. На чале турысцкай галіны раёна знаходзіліся ў свой час Уладзімір Кукалевіч, Мікалай Белановіч, Віктар Агароднік. Працавала салідная каманда пазаштатных экскурсаводаў. Усіх іх мы помнім! Самымі актыўнымі сярод пазаштатнікаў былі Галіна Грыгор’ева, Анатоль Шакель і іншыя. Займаліся мы і прыёмам, і размяшчэннем турыстаў, якія прыязджалі з розных кропак Савецкага Саюза. Іх было так многа, што размяшчаць прыходзілася не толькі ў Стоўбцах, а і ў суседніх гарадах – Нясвіжы, Мінску, Клецку, Дзяржынску, Уздзе.

Што паказвалі турыстам на Стаўбцоўшчыне? Як правіла, ім прапаноўвалі аглядавую экскурсію па Стоўбцах і экскурсію «Мой родны кут» – па родных мясцінах Якуба Коласа.            

Сёння турысцкая дзейнасць на Стаўбцоўшчыне прадстаўлена службай турызму ў аўтапарку № 17. Для яе ажыццяўлення ёсць значна большыя, чым 30 гадоў таму, транспартныя магчымасці. Турысты могуць выязджаць на сучасных камфартабельных аўтобусах, якія не ідуць ні ў якое параўнанне з колішнімі жорсткімі «ЛАЗамі». Служба турызму прапануе разнастайныя маршруты, але найбольш папулярнымі ў жыхароў раёна застаюцца машруты па Беларусі. Сучасныя магчымасці ў таго, хто хоча спазнаць Беларусь, іншыя краіны свету, проста неабмежаваныя. Як і раней, не стаяць убаку прафсаюзныя арганізацыі, якія выступаюць заказчыкамі экскурсій і забяспечваюць сваім работнікам аплату транспартных і іншых паслуг. Галоўнае –  турыстам можа стаць любы жадаючы. Спецыяліст падбярэ варыянт згодна з пажаданнямі і фінансавымі магчымасцямі кліента.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>