Стоўбцы – «астравок», дзе ёсць чаму павучыцца

Развіццё прамысловага комплексу Мінскай вобласці, а таксама праблемныя пытанні яго функцыянавання разгледжаны на пасяджэнні, якое праходзіла ў Стоўбцах з удзелам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэя Уладзіміравіча Кабякова.

Да пасяджэння прэм’ер-міністр наведаў два стаўбцоўскія прадпрыемствы – філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод»  і філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

На філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Андрэй Кабякоў пазнаёміўся з ходам рэалізацыі праекта «Будаўніцтва вытворчасці высокадакладнага высокатрывалага чыгуначнага ліцця». Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» Ігар Емельяновіч паведаміў, што на даны момант філіял у г. Стоўбцы спецыялізуецца на выпуску дэталяў і вузлоў да дызельных рухавікоў, перасовачных і стацыянарных кампрэсарных станцый, займаецца пераабсталяваннем аўтамабіляў і сельгастэхнікі, рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем аўтамабільнай і аўтатрактарнай тэхнікі, а таксама вырабам цеплавой энергіі для ўласных патрэб. Прадпрыемства аказвае таксама паслугі па будаўнічых і рамонтных работах. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг., зацверджанай Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 669 ад 26.05.2011, вядзецца праектаванне і будаўніцтва аб’екта «Вытворчасць высокадакладнага  высокатрывалага чыгуннага ліцця». Асноўнай мэтай рэалізацыі данага праекта з’яўляюцца: забеспячэнне вытворчасці рухавікоў ААТ ККХ «ММЗ» высокатрывалым чыгунным ліццём, павелічэнне экспартнай складаемай выпушчанай прадукцыі і зніжэнне залежнасці ад імпарту (адліўкі маторнай групы для новых рухавікоў 34Д, высоканагружаных турбінных рухавікоў экалагічнага стандарту Euro-4(5), а таксама адліўка «Гільзы блока цыліндраў», якая закупляецца за мяжой, што прыводзіць да адтоку валюты з краіны).

Магутнасць цэха чыгуннага ліцця складзе 50 тысяч тон чыгунных адлівак у год, вырабленых з чыгуну высокатрывалых марак, з прымяненнем сучаснага аўтаматызаванага абсталявання і сучасных тэхналогій ліцейнай вытворчасці. Плануецца вытворчасць больш як 120-ці найменняў адлівак масай ад 0,2 кг да 200 кг (блок цыліндраў, галоўка блока цыліндраў і т. п.). Ужо пабудаваны цэх чыгуннага ліцця, зроблены мантаж тэхналагічнага абсталявання. Для ўсіх прысутных быў праведзены пробны запуск тэхналагічнага абсталявання і выраб адлівак «Гільза блока цыліндраў».

Затым А.  У. Кабякоў пазнаёміўся з работай Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Аб рабоце гэтага прадпрыемства дакладвалі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы і генеральны дырэктар ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» Міхаіл Васільевіч Крыштаповіч. На прадпрыемстве рэалізаваны праект «Мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне МАУП «Стаўбцоўскі садавіна-агароднінны завод». Набыта сучаснае тэхналагічнае абсталяванне для вытворчасці агародніннага і фруктовага пюрэ ў асептычных мяшках, а таксама сокаў, павідла, соусаў, джэмаў у шкляную тару тыпу «твіст-оф». Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» па даручэнні намесніка прэм’ер-міністра М. І. Русага пачаў выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, менавіта фруктова-ягадныя напаўняльнікі, сокі і нектары ў сучаснай упакоўцы bag-in-box. У рамках рэалізацыі праекта распрацавана больш за 700 лабараторных узораў напаўняльнікаў фруктовых для вырабу тварагу зярнёнага, сыркоў глазураваных, пасты тварожнай, кефірнага прадукту фруктова-ягаднага, ёгурту двайнога, ёгурту змешанага, марожанага. Усе напаўняльнікі вырабляюцца з натуральнай сыравіны (ягад). Таксама вядзецца работа па выпуску прадукцыі ў інавацыйнай упакоўцы bag-in-box. У такой упакоўцы ёмістасцю пяць літраў выпускаюцца сокі бярозавы і бярозава-яблычны. У 2015 годзе пачаты выпуск сокаў і нектараў па 0,25 л, а таксама фасоўка саленняў і квашанняў у вакуум-упакоўцы для далейшай рэалізацыі ў гандлёвыя сеткі як Беларусі, так і Расіі, Казахстана.

Падводзячы вынікі работы на Стаўбцоўшчыне, А. У. Кабякоў адзначыў: «На гэтым тыдні я пазнаёміўся з работай прадпрыемстваў Міншчыны. Ёсць праблемы, ёсць і станоўчае. Возьмем, напрыклад, два стаўбцоўскія прадпрыемствы. Гэта цікавыя прадпрыемствы. Паглядзелі новую ліцейную вытворчасць на філіяле маторнага завода. Гэта самая сучасная лінія, якая ёсць у Еўропе. Многія спецыялісты з замежжа імкнуцца трапіць на гэты завод, каб паглядзець, што новага ў гэтай сферы робіцца. Адразу думалі, што гэтая лінія будзе працаваць толькі на Мінскі маторны завод, але ўжо і цяпер вялікая колькасць заказаў паступае з краін СНД. Гільзы з трывалымі характарыстыкамі, якія тут атрымліваюцца, вельмі запатрабаваныя. Спецыялісты разумеюць, што гэта «апошняе» слова ў данай сферы. Кіраўніцтвам прынята рашэнне, каб максімальна была выкарыстана ліцейная вытворчасць. Гэта цікавы перспектыўны праект, і ён рэалізуецца ў адпаведнасці з планамі, стабільна. Падтрымка будзе гэтаму заводу і гэтай вытворчасці.

На філіяле «Гарадзейскі цукровы камбінат» у Стоўбцах вырабляецца добрая прадукцыя. Яна карыстаецца попытам, асабліва фруктовыя напаўняльнікі для малочнай і кулінарнай прамысловасці. Адразу многіх кліентаў не задавальняў колер напаўняльнікаў, але было патлумачана, што яркасць прадукт мае тады, калі дабаўляюцца штучныя фарбавальнікі, а тут – натуральныя ягады. Таму і колер няяркі. Напрыклад, маліна не можа даваць яркі колер. З пастаўшчыкамі згадзіліся, што якасць – гэта галоўнае, таму што прадукт павінен прыносіць карысць здароўю. Думаю, што апошнім часам будуць выкарыстоўвацца толькі беларускія напаўняльнікі, а не замежныя.

Вось гэтыя два прадпрыемствы ў Стоўбцах з’яўляюцца прыкладам, як трэба працаваць, для некаторых рэспубліканскіх прадпрыемстваў. У эканоміцы ў нашай краіне не ўсё так прыгожа і добра, але радуе, што ёсць такія «астраўкі», як Стоўбцы, дзе ёсць чаму павучыцца. А праблемы на тое і існуюць, каб з імі змагацца, каб садзейнічаць развіццю эканомікі».

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>