Звязала жыццё з нялёгкай справай

Filed under: Людзі і лёсы,Нумары,Факты, падзеi, людзi |

Па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год брыгадзір МТФ «Слабада» ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Соф’я Апановіч прызнана лепшай у сваёй прафесіі. Соф’я Іосіфаўна працуе ў жывёлагадоўлі звыш дваццаці гадоў. Пачынала працоўную дзейнасць на гэтай ферме памочнікам брыгадзіра.

– Адпрацавала два гады і пайшла ў дэкрэтны водпуск, – расказвае жанчына. – Пасля раздойвала пяршачак. Неўзабаве прапанавалі пасаду брыгадзіра, прычым на выбар. Старшыня гаварыў,  каб прымала любую ферму. Але тады не згадзілася. Пабаялася адказнасці, бо не мела спецыяльнай адукацыі.

Справа ў тым, што Соф’я Іосіфаўна скончыла агранамічны факультэт Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Па збегу абставін пайшла з калгаса і ўладкавалася на работу аграномам падсобнай гаспадаркі на садавіна-агароднінны завод. Работа задавальняла, але на падворку трымала дзвюх кароў, немалую гаспадарку. Трэба было жывёлу даглядаць, таму прыйшлося выбіраць – або ездзіць у горад, або ісці на працу ў гаспадарку. І выбар быў зроблены – Апановіч прыняла Яблынаўскую ферму, а праз пяць гадоў узначаліла калектыў МТФ «Слабада». З таго часу і працуе, ужо трынаццаць гадоў. Паважаны ў калектыве чалавек. Спакойная ўраўнаважаная.

– Як пайшла на пенсію, то два гады не хадзіла на работу, – тлумачыць Соф’я Іосіфаўна. – І не хацелася вяртацца, але ўгаварылі мяне дапамагчы. Кіравалі гаспадаркай ужо  ўласнікі. Купілі мне службовы веласіпед, на якім езджу на работу з вясны да позняй восені. І хоць прымала справы на тры месяцы, а расцягнуліся яны амаль на тры гады. Праца ў жывёлагадоўлі вельмі цяжкая і клапатлівая, але цяпер лягчэй, бо многія працэсы механізаваны.

Кіраўніцтва цэніць брыгадзіра,  няўмелага спецыяліста на работу ў прыватнае прадпрыемства не запрашаюць. За мінулы год жывёлаводы фермы надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы 6143 кілаграмы малака. Гэта амаль у два з паловай разы больш, чым на той час, як прыняла ферму.

– І сапраўды, паказчыкі павялічыліся намнога, – гаворыць Соф’я Іосіфаўна. – Зараз штодзень  атрымліваем у сярэднім ад кожнай каровы звыш 16  кілаграмаў малака. Вышэйшы вынік маем за кошт належнага кармлення жывёлы. Рыхтуюцца кармасумесі, якія збалансаваны па пажыўных рэчывах. І каровы ў нас цяпер высокаўдойныя, бо вядзецца селекцыйная работа. Калі раней пяршачка давала 15 кілаграмаў малака, і гэта было добра, то цяпер удвая больш атрымліваем. І людзі шчыра працуюць. Даяркі Вольга Максімава і Галіна Фенька маюць багаты вопыт, у кожнай за плячыма звыш дваццаці гадоў работы на ферме. Надаілі летась 6442 і 6246 кілаграмаў малака ад каровы, і сёлета справы ладзяцца. Неблагія вынікі ў цялятніцы Зінаіды Трацяк, сярэднясутачныя прывагі гадаванцаў па яе групе складаюць у сярэднім 900 грамаў.

Дойны статак на ферме налічвае каля двухсот галоў. Штодзень перапрацоўшчыкам адсюль адгружаецца 2400 тон малака вышэйшым гатункам і «экстра». Брыгадзір хваліць намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Уладзіміра Жукава. Менавіта дзякуючы яго ведам і адказным адносінам да работы ладзяцца справы на ферме і ўвогуле на прадпрыемстве.

– Ён хварэе душою за справу і дапамагае мне ў рабоце, – гаворыць Соф’я Апановіч. – Калі надарыцца якая праблема, то абавязкова вырашыць яе станоўча, арганізуе людзей.

Соф’я Іосіфаўна родам з вёскі Барок. Пасля заканчэння васьмі класаў уладкавалася на працу ў калгас «Чырвоная зорка», рабочай у цяпліцу. А затым паступіла на дзённае аддзяленне ў тэхнікум, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Спачатку маладыя жылі ў Нясвіжскім раёне, а затым пераехалі на Стаўбцоўшчыну. Атрымалі калгасны дом, а пасля і ўласны купілі. На адным участку пабудавалі новую хату, дзе жыве дачка з сям’ёй. У бабулі  чацвёра ўнукаў. Соф’я Апановіч ветэран працы, агульны працоўны стаж яе налічвае сорак шэсць гадоў.

Надзея БАТАЛКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>