Дні вясны

Filed under: Нумары,Соцыум |

КАБ РАДАВАЎ АДПАЧЫНАК ЛЯ ВАДЫ

Хаця да 1-га мая, афіцыйнай даты адкрыцця чарговага купальнага сезона, яшчэ ёсць час, самая пара падвесці вынікі работы за год мінулы і акрэсліць задачы на будучы сезон. Мінулы год для раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах стаў адметным.

– Па выніках работы мы занялі трэцяе месца на Міншчыне, сярод 22-х раённых і Жодзінскай гарадской арганізацый, – падкрэсліў у сваім дакладзе старшыня раённай арганізацыі Іван Шчарбанюк. – На Стаўбцоўшчыне налічваецца 3 057 членаў Асвод, аб’яднаных у 39 пярвічных арганізацый. 13 прадпрыемстваў і арганізацый з’яўляюцца юрыдычнымі членамі АСВОД. І гэтыя лічбы – далёка не мяжа.

У сезон на гарадскім возеры дзейнічае выратавальны пост, на якім за час яго дзеяння выратаваны 28 чалавек, 39 – абучаны плаванню. На турбазе «Высокі бераг» працуе ведамасны пост. Неўзабаве пачнецца падрыхтоўка плаўсродкаў, падбор на работу матросаў-выратавальнікаў і інш. Што датычыць падрыхтоўкі зонаў масавага адпачынку на вадзе, то ўсе пляжы да сезона павінны быць абсталяваны неабходнай інфраструктурай, а месцы купання ахоплены падводна-тэхнічнымі работамі і абазначаны буямі. Павінны быць устаноўлены інфармацыйныя стэнды, якія будуць нагадваць адпачываючым аб правілах паводзін на вадзе і ля вады, у тым ліку аб забароне купання ў неўстаноўленых месцах, распіванні на пляжы спіртных напіткаў. Як вядома, летась на вадаёмах Стаўбцоўшчыны ахвярамі вады сталі пяць чалавек. Якраз трое з іх увайшлі ў ваду там, дзе купанне забаронена, і ўвайшлі, будучы ў стане алкагольнага ап’янення.

Для прафілактычнай работы сярод дзяцей неабходна прыцягваць усе магчымыя сродкі: куткі Асвод і іншую наглядную агітацыю, выступленне ў школах, паказ відэафільмаў і т. п. Эфектыўнасць гэтых мерапрыемстваў узрастае значна  пры ўзаемадзеянні з іншымі грамадскімі арганізацыямі (БРСМ і інш.). Актуальнай задачай застаецца навучанне дзяцей плаванню і асновам аказання першай медыцынскай дапамогі, што дазволіць рыхтаваць з іх ліку дружыннікаў-выратавальнікаў. Своеасаблівае лідарства сярод школ раёна ў прафілактычнай рабоце ўтрымліваюць Мікалаеўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, Коласаўская і Любкаўшчынская школы. Дыпломы пераможцам уручыў на сходзе вядучы спецыяліст Мінскай абласной арганізацыі Асвод Міхаіл Фралоў.                  

Аб неабходнасці працягваць арганізацыю спаборніцтваў сярод санітарных пастоў школ раёна нагадала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская: «Кожная школа адказна падыходзіць да гэтага мерапрыемства, і дзеці паказваюць добрыя веды». Адначасова прадстаўляючы і цэнтральную раённую бальніцу, Ірына Пярхальская звярнула ўвагу на тое, што ў бальніцы падрыхтавана брыгада спецыялістаў, якая выязджае на месца здарэння для аказання пацярпеламу кваліфікаванай дапамогі. Выезд на месца здарэння ажыццяўляюць і выратавальнікі, сігнал якім можна адрасаваць па адзіным нумары – 112. «З 2010 года ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях арганізавана асобная служба выратавання на вадзе», – зазначыў намеснік начальніка РАНС Віталь Кожыч.   

У бягучым годзе пашырацца перспектывы для навучання дзяцей плаванню, на што звярнуў увагу прысутных у зале настаўнікаў фізічнай культуры школ раёна намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Вільнявец: «У лістападзе плануецца ўвесці ў строй плавальны басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу».    

Урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык акцэнтавала ўвагу на падтрыманні парадку ў зонах масавага адпачынку на вадзе. Рабіць гэта трэба не аднаразова, а на працягу ўсяго летняга перыяду: своечасова вывозіць смецце, касіць траву ў прыбярэжнай зоне і на пляжы. Неабходна заключыць дагавор на праходжанне вытворчага кантролю, у прыватнасці, за якасцю вады. У пачатку сезона пажадана падаць заяўку і на акарыцыдную апрацоўку тэрыторыі (супраць кляшчоў). Малыя архітэктурныя формы на пляжах павінны быць эстэтычнымі, прывабнымі, як, напрыклад, выглядаюць яны на замацаванай тэрыторыі ААТ «Вялікі Двор». Асабліва ўлічыць гэта трэба прыватнаму прадпрыемству «Профі-Аграцэнтр», за якім у бягучым годзе ўпершыню замацаваны зоны масавага адпачынку на вадзе.      

Асобная і надзвычай важная тэма – правілы бяспечных паводзін на вадзе, на якую выказаліся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч, інспектар Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Іосіф Грыгарцэвіч. Да прыкладу, летась у Мінскай вобласці патанулі трое чалавек, якія рыбачылі з лодкі ў нецвярозым стане. Варта ведаць, што, згодна з новымі правіламі аховы жыцця на водах і правіламі плавання на маламерных суднах, падчас руху ўсе члены экіпажа павінны быць у выратавальных камізэльках і – у зашпіленым выглядзе. Штраф за гэтае парушэнне – да 50 базавых велічынь. І, акрамя таго, нецвярозы суднавадзіцель рызыкуе развітацца і з вадзіцельскім пасведчаннем.    

Традыцыйна перад пачаткам купальнага сезона пройдуць сумесныя агляды месцаў масавага адпачынку на вадзе, удзел у якіх бяруць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іншыя.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: вядучы спецыяліст Мінскай абласной арганізацыі Асвод Міхаіл Фралоў (злева) уручае дыплом старшыні раённай арганізацыі Івану Шчарбанюку.

Фота Васіля ЗЯНЬКО 

 

АЛІМПІЯДА – ДЛЯ ЗДАРОЎЯ

«Алімпіяда школьнікаў па фізічнай культуры і здароўі» – назва мерапрыемства, якое можна акрэсліць як спартыўнае. Падлік вёўся па суме ачкоў. А набіраць іх трэба было і шляхам удзелу ў спаборніцтвах, і паказваючы веданне тэарэтычных асноў спорту.

У зале СШ № 3 г. Стоўбцы хлопцы і дзяўчаты стараліся забяспечыць перавагу сваім камандам у конкурсах фізпадрыхтоўкі. Акрабатыка – аснова асноў у развіцці каардынаванасці, рытмічнасці рухаў. Дзяўчатам важна мець прыгажосць паставы, хлопцам – сілу і фізічную вынослівасць. Гэтаму і садзейнічалі практыкаванні, дзе ацэньвалася ўменне ў падцягванні на перакладзіне ў юнакоў і згібанні тулава ў дзяўчат. Вядзенне мяча і кідкі ў баскетбольную карзіну патрабавалі дакладных тэхнічных дзеянняў, важна было і ўкласціся ў вызначаныя нарматывы часу. А яшчэ ацэньваліся ачкамі скачкі ў даўжыню з месца, «чаўнаковы» бег.

Да элементаў спартыўных дысцыплін патрабавалася веданне гісторыі спорту, вынікаў і герояў буйнейшых спаборніцтваў. Фізічная культура – гэта ж і дасведчанасць маладога чалавека, яго кругагляд.

Хто ж выдатна справіўся з даведзенымі заданнямі? Найбольшую суму ачкоў набралі адпаведна каманды СШ № 3 г. Стоўбцы, Старасвержанскай і Заямнаўскай сярэдніх школ. У асабістым заліку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. У дзяўчат – Настасся Лявончык (гімназія № 1), Настасся Шпадарук (СШ № 3 г. Стоўбцы), Паліна Качановіч (Навасвержанская СШ). У юнакоў – Ягор Саскевіч (Любкаўшчынская СШ), Руслан Тамілін (Старасвержанская СШ), Сяргей Машлякевіч (Заямнаўская СШ). Назавём і выкладчыкаў фізічнага выхавання, якія даюць трывалыя веды. Рыхтавалі пераможцаў і прызёраў алімпіяды Наталля Санько, Рыгор Мамайка, Анатоль Галаўко, Юрый Кручок. Усе настаўнікі, якія ўмела працуюць на гэтай ніве здароўя, належна рыхтуюць маладых людзей.

Пр

 

***

“Прагноз – на добры настрой” – артыкул Антаніны УСТАВІЧ, начальніка метэастанцыі «Стоўбцы», чытайце на 8-й старонцы газеты.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>