«Млын», дзе ёсць ініцыятывы

Filed under: Аграсядзібы,Нумары |

На Стаўбцоўшчыне прайшла каардынацыйная нарада па садзейнічанні развіццю аграэкатурызму. Яе вынікам стала стварэнне раённага грамадскага савета.  

У новаствораны раённы грамадскі савет увайшлі гаспадары аграэкасядзібаў – Валянціна Шумілава (аграэкасядзіба «Рубяжэвічы», аграгарадок Рубяжэвічы), Яўгенія Фаменка («Машын хутар», Кругліца), Тамара Кійко («Ів-Ле», Падзерычы), Ала Гальперына («Млын», Новы Свержань), Анжэла Аляксеенка («Green House», Сверынава), Алякандр Комар («Ігліца», Мешычы), а таксама Леаніда Высоцкая, вопытны спецыяліст у сферы турызму  і Іван Вільнявец, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Грамадскі савет узначаліла Леаніда Высоцкая.

На Стаўбцоўшчыне сёння зарэгістраваны 16 аграэкасядзібаў. У нас працуюць турысцка-аздараўленчы комплекс «Высокі бераг», турысцка-рыбалоўны комплекс «Кромань» і сядзібна-паркавы комплекс «Панскі маёнтак «Сула». У аўтапарку з 2008 года дзейнічае сектар падарожжаў і экскурсій. Кожны з названых аб’ектаў фактычна заняў сваю нішу на рынку паслуг.

Што датычыць аграэкасядзібаў, то сітуацыя сярод іх далёка няроўная і насамрэч патрабуе актывізацыі. Самыя першыя з аграэкасядзібаў – «Зарачанскія Яніны» і «Ів-Ле» – існуюць з 2007 года. А самы «свежы» аб’ект аграэкатурызму – навасвержанскі «Млын», адкрыты напрыканцы 2014 года. Хаця і адкрыты ён быў пазней за іншыя сядзібы, тут сапраўды ёсць чаму павучыцца. Невыпадкова, што і каардынацыйную нараду было вырашана правесці на базе гэтай аграэкасядзібы.

Яго гаспадыня Ала Гальперына запрасіла на экскурсіі па трох паверхах старажытнага млына, дзе побач з нацыянальным каларытам суседнічаюць і ўсе ўмовы цывілізацыі, па ландшафтах прылеглай тэрыторыі. У плане добраўпарадкавання тэрыторыі гэта толькі пачатак – яшчэ прадстаіць рэалізаваць шмат якія праекты. Выбраны фармат сустрэчы дазволіў не толькі абмяняцца з калегамі думкамі і падзяліцца планамі на бліжэйшы час, а і паказаць сваю гасціннасць, адметнасць. Так, своеасаблівым «дэсертам» ад аграэкасядзібы «Млын» было частаванне гасцей уласнай выпечкай.

Акрамя месца правядзення, асаблівасцю каардынацыйнай нарады стала і яе прадстаўнічасць. Удзел у ёй узялі начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Любоў Максімава, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, начальнік аддзела упраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Інга Малашкевіч, старшыня абласнога грамадскага савета па аграэкатурызму Мінскай вобласці Сяргей Міхайлаў. Ад імя раённага выканаўчага камітэта выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Удзельнікам былі прадстаўлены прэзентацыі (апаратуру для паказу выдзеліла Навасвержанская сярэдняя школа), ішло зацікаўленае абмеркаванне актуальных праблем развіцця аграэкатурызму ў рэспубліцы і непасрэдна на Міншчыне і Стаўбцоўшчыне, тых праектаў, якія могуць рэалізоўваць гаспадары аграэкасядзібаў на сваім рэгіянальным узроўні. Дзяржава аказвае ім у гэтым падтрымку – да прыкладу, у выглядзе невялікіх падаткаў. Пры гэтым важна імкненне тых, хто займаецца аграэкатурызмам, да супрацоўніцтва з дзяржаўнымі і іншымі арганізацыямі, а таксама ўзаемасупрацоўніцтва з перспектывай аб’яднання ў кластары. Свае бізнес-ідэі трэба «раскручваць». Сёння ў партнёрстве з БГА «Адпачынак у вёсцы» паспяхова рэалізуецца праект USAID/ПРООН «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», згодна з якім ініцыятыўныя гаспадары, якія ідуць далей звычайнага бізнесу, а адраджаюць культурныя традыцыі пэўнай мясцовасці, знаходзяць уласны брэнд, атрымліваюць і фінансавую патрымку.

На каардынацыйную нараду былі запрошаны і прадстаўнікі мясцовых арганізацый – райаддзела міліцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ДРБУ № 135. Гаспадары аграэкасядзібаў актыўна задавалі свае пытанні. Найбольш іх паступіла да дарожнікаў, што сведчыць пра актуальнасць стану пад’язных шляхоў да аграэкасядзібаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>