Махінацыі ў будаўнічай сферы

Filed under: Нумары,У Камітэце дзяржкантролю |

Камітэт дзяржкантролю ўдзяляе вялікую ўвагу рабоце будаўнічай галіны. Менавіта ў гэтай сферы выяўляюцца шматлікія парушэнні. Не стала выключэннем і праверка аднаго з буйнейшых будаўнічых трэстаў сталічнага рэгіёна.

Выяўлена, што яшчэ ў 2012 годзе будтрэст завысіў кошт будаўніча-мантажных работ пры будаўніцтве аб’екта. Заказчыку былі прад’яўлены для аплаты не пацверджаныя дакументальна работы па асфальтабетонным пакрыцці ў аб’ёме 4,7 тыс. м2 на суму 371 млн руб. Былі завышаны адлічэнні ў інавацыйны фонд на 151 млн руб.

Кіраўніцтвам будтрэста не прымаліся належныя меры па эканоміі матэрыяльных і грашовых рэсурсаў, па папярэджанні і выключэнні фактаў карупцыйнай накіраванасці, неабгрунтаваным удзеле пасрэдніцкіх структур у пастаўках тавараў.

Устаноўлена, што ў 2013–2014 гг. пры ўвядзенні двух фінансуемых з бюджэту аб’ектаў будтрэст узаемадзейнічаў з «фіктыўнымі» субпадрадчыкамі (ТАА «А» і яго філіялам). Згодна з табелем уліку рабочага часу на адным аб’екце будаўніцтва перагародак з гіпсакардонных лістоў выконвалі 30 работнікаў ТАА «А», а паводле даных фонду сацабароны, у таварыстве афіцыйна налічвалася толькі 8 чалавек. А ў філіяле ТАА «А», паводле даных падатковых органаў, сярэдняспісачная колькасць – адзін чалавек, а асноўны від дзейнасці – аптовы гандаль камп’ютарамі. Кіраўнік ТАА «А» прызнаўся, што з’яўляўся дырэктарам таварыства фармальна, што ў дакументах стаяць чужыя подпісы, а не яго.

Выяўлена, што дагаворы субпадраду, акты здачы-прыёмкі будаўнічых і мантажных работ, даведкі аб кошце выкананых работ і затратах па двух бюджэтных аб’ектах не адпавядалі рэчаіснасці. Такім чынам, трэст неабгрунтавана прыняў да ўліку дакументы, якія ўтрымлівалі фіктыўныя даныя аб выкананых работах.

Супрацоўнікі фінансавай міліцыі высветлілі, што жыхар Мінскага раёна незаконна стварыў будаўнічую брыгаду, зарплата выплачвалася будаўнікам у «канвертах». Пры заключэнні дагавораў субпадрадчык–ініцыятар здзелкі прадстаўляў інтарэсы брыгады, афармляў усе дакументы праз падстаўную кампанію ТАА «А» і яго філіял. У выніку кіраўнік будаўнічай брыгады незаконна атрымаў чатыры млрд руб. Падаткаў з гэтых даходаў дзяржава не атрымала.

Акрамя таго, начальнікі некаторых структурных падраздзяленняў будаўнічага трэста заключылі дагаворы на аўтамабільныя грузаперавозкі на суму 1,6 млрд руб. З камерцыйнымі структурамі, заснавальнікамі і дырэктарамі якіх былі іх родныя.

За дапушчаныя парушэнні 21 службовая асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, дысцыплінарная адказнасць прыменена да 45 работнікаў, з іх 8 – звольнены. Будтрэст аштрафаваны на суму 273 млн руб. Сума дапушчаных будтрэстам завышэнняў у поўным аб’ёме вернута ў бюджэт.

Матэрыялы праверкі па апісаных фактах накіраваны ў праваахоўныя органы для прававой ацэнкі.

Упраўленне кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>