Нарыхтаваць у поўным аб’ёме якасныя кармы

У сельскагаспадарчых таварыствах раёна пачалася нарыхтоўка травяных кармоў для грамадскага статка – галоўная па значнасці палявая кампанія. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Юрый Горлаў падчас правядзення раённага семінара-вучобы па арганізацыі нарыхтоўкі травяных кармоў у ААТ «Агранёманскі». У мерапрыемстве ўдзельнічалі дырэктары, галоўныя аграномы, галоўныя ветурачы і галоўныя інжынеры таварыстваў, адказныя спецыялісты райсельгасхарча і кіраўнікі арганізацый, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Запрасілі навуковых супрацоўнікаў з РУП «НПЦ  НАН Беларусі па земляробстве».

– Арганізоўваць і праводзіць семінары ёсць сэнс, бо, здавалася б, усё ведаем, а на самой справе атрымліваецца інакш. Вынікі мінулага года – яскравы таму прыклад. Летась корманарыхтоўшчыкі раёна спрацавалі не лепшым чынам: па такім паказчыку, як нарыхтоўка кармоў на ўмоўную галаву жывёлы, мы занялі апошняе месца ў вобласці, – падкрэсліў Юрый Мікалаевіч. –  Вынікі  гэтай «работы» сталі бачны вясною – некаторым прыйшлося закупляць кармы, бо не было чым карміць жывёлу. Падобная сітуацыя не павінна паўтарыцца. Сумленна выконваць сваю работу – абавязак кожнага кіраўніка і спецыяліста. 

Спачатку ўдзельнікі семінара праехалі на машынны двор таварыства, дзе была выстаўлена напаказ тэхніка, з дапамогаю якой гаспадарка будзе нарыхтоўваць кармы. Міжгаспадарчы мехатрад налічвае 16 адзінак сучаснай магутнай тэхнікі і сельгасмашын пераважна айчыннай вытворчасці. Агранёманцы скаапераваліся з СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Па такім прынцыпе будзе працаваць сёлета большасць гаспадарак. Кожная траншэя павінна запаўняцца не больш як за тры дні. У выпадку выяўлення парушэнняў тэрмінаў закладкі вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасці. Якасныя кармы, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, можна нарыхтоўваць толькі ў тым выпадку, калі строга і ва ўсім прытрымлівацца тэхналогіі.

Дажджлівае надвор’е, на жаль, не дазволіла пабачыць работу мехатрада на полі. А вось пра тэхнічныя характарыстыкі і перавагу выкарыстання на кожнай аперацыі той або іншай тэхнікі дакладна расказаў начальнік дзяржтэхнагляду Уладзімір Міхно, звярнуўшы ўвагу на абавязковае праходжанне тэхнічнага абслугоўвання і тэхагляду камбайнаў і іншай тэхнікі. Павінна весціся сэрвісная кніжка. Кормаўборачныя камбайны неабходна аснасціць абсталяваннем для ўнясення кансервантаў, выкарыстанне якіх пры такім неспрыяльным надвор’і абавязковае. 

Падкрэслівалася, што ў бурты травяны сянаж і сілас сёлета закладвацца не будуць, а толькі запрасоўвацца ў рулоны. Ва ўрочышчы Рудзьма таксама.

Рулонныя прэс-абмотчыкі  павінны не прастойваць, а працаваць у дзве змены. Заданне па ўпакоўцы сенажу ў палімерную плёнку складае 32 тысячы тон, і яго неабходна выканаць. Рулоны трэба дастаўляць як мага бліжэй да фермаў, бо на палях ніжнія рулоны пашкоджваюцца драцянікам. Спецыялісты павінны сачыць за герметычнасцю рулонаў і за кожны парваны, а такіх налічвалася летась нямала, спаганяць грошы з неахайнага механізатара. 

Зарплата ў «Агранёманскім» прагрэсіўна-ўзрастаючая: большая выпрацоўка – вышэйшая і расцэнка. Людзі зацікаўлены працаваць. Прадугледжана даплата за якасць, а пасля праверкі нарыхтаваных кармоў на класнасць – дадатковая прэмія. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што механізатар у кожным таварыстве павінен ведаць, колькі  будзе зарабляць.

– Два гэтыя тыдні корманарыхтовак год кормяць, – сказаў Юрый Мікалаевіч, звяртаючыся да кіраўнікоў. – Распрацуйце матэрыяльнае стымуляванне  для людзей. Добра працуюць – заплаціце, дрэнна – пазбаўце даплат. Арганізуйце належнае харчаванне  для занятых на касавіцы.

Удзельнікі семінара пабывалі на траншэі МТФ «Скамарошкі». Усё тут як след было зроблена для таго, каб пачаць закладку сенажу. Дырэктар таварыства Уладзімір Жукаў расказаў, што нарыхтоўку кармоў у гаспадарцы пачалі 6 мая. А іменна, затрамбавалі ў траншэю па новай тэхналогіі свірэпіцу разам з азімым жытам – усяго каля 900 тон. У наступным годзе плануюць павялічыць пасевы азімай свірэпіцы разам з азімым жытам да двухсот гектараў. А ўвогуле паўтарагадавы запас травяных кармоў у таварыстве сёлета плануюць нарыхтаваць абавязкова. Травы будуць скошаны на плошчы 1600 гектараў, пры гэтым  люцэрна займае 230 гектараў, канюшына – 500.

Затым усе сабраліся ў Старасвержанскім Цэнтры культуры, дзе праслухалі змястоўную лекцыю вучонага аб тым, як  правільна высяваць і вырошчваць шматгадовыя травы на кармы. Размова вялася пра сем асноўных відаў траў:  баркун двухгадовы, лядвінец, фестулоліум, люцэрну, кастрэц, эспарцэт і галегу. Усе яны былі прадстаўлены прысутным.

На пасяджэнні, якое адбылося пасля агляду, старшыня райвыканкама яшчэ раз падкрэсліў, што неабходна нарыхтаваць жывёле на зімоўку якасныя кармы. Пра гэта гаварылася і на абласным семінары, які прайшоў напярэдадні ў Капыльскім раёне з удзелам старшыні Мінаблвыканкама. Уся зялёная маса павінна закладвацца ў траншэі толькі правяленай, як таго патрабуе тэхналогія. Неабходна вытрымліваць тэрміны закладкі і тэмпературны рэжым зялёнай масы. Хутчэй трэба завяршыць узвядзенне новых сянажных траншэй. У жывёлагадоўлі неабходна павялічваць якасць і тлустасць малака, бо з 1 верасня ўступае ў сілу рэгламент Мытнага саюза. Трэба тэрмінова завяршыць будаўніцтва кармавых сталоў для жывёлы, а таксама працягваць праводзіць дні жывёлаводаў, удзяляючы ўвагу людзям і вырашэнню іх праблем.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

У РАЙВЫКАНКАМЕ. ДА ЗІМЫ РЫХТУЕМСЯ ЗАГАДЗЯ

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта было разгледжана пытанне аб задачах па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу раёна да ацяпляльнага сезона 2015-2016 гадоў з улікам вынікаў работы за перыяд 2014-2015 гадоў.

З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. Аляксандр Мікалаевіч паведаміў, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна прымаліся меры па эканомным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, своечасова ліквідаваліся аварыйныя сітуацыі, забяспечваліся палівам цеплакрыніцы, у належным стане падтрымлівалася вулічна-дарожная сетка. Функцыянаванне асноўных аб’ектаў народнай гаспадаркі раёна характарызуецца ў цэлым здавальняюча.

Арганізацыям раёна выдадзена 45 заключэнняў Дзяржпрамнагляду аб гатоўнасці да ацяпляльнага сезона 2014-2015 гадоў.

Неспрыяльная абстаноўка па падрыхтоўцы і ўтрыманні цеплакрыніц склалася ва УП «Стаўбцоўскае АКС». На прадпрыемстве ўпусцілі тэрміны прадаўжэння ліцэнзіі на права эксплуатацыі газавых кацельняў. Пры экспертным абследаванні аб’ектаў выяўлены значныя недахопы, выдадзена адмоўнае экспертнае заключэнне. Працягвае заставацца нявырашаным пытанне бяспечнай эксплуатацыі пяці кацельняў, размешчаных у падвальных памяшканнях. УП «Стаўбцоўскае АКС» распрацавала мерапрыемствы па мінімізацыі небяспечных фактараў пры эксплуатацыі. У працэсе ацяпляльнага асенне-зімовага перыяду 2014-2015 гадоў УП «Стаўбцоўскае АКС» выпрабавала 85,9 км цеплавых сетак у аднатрубным вылічэнні (100 % да плана) і 35 адзінак абсталявання кацельняў (план – 35 адзінак). Праведзены прафілактычны рамонт абсталявання 32 кацельняў і двух бойлераў, ачышчана ўнутраная паверхня 10 катлоў, заменена 4,7 км цеплавых сетак, прыведзена да нарматыўных характарыстык 600 м ізаляцыі цеплавых сетак.

Ва УП «Стаўбцоўскае АКС» таксама рэалізаваны мерапрыемствы па праграме энергазберажэння, што дазваляе прадпрыемству эканоміць паліўна-энергетычныя рэсурсы і грашовыя сродкі, а таксама бесперабойную падачу цеплавой энергіі спажыўцам у асенне-зімовы перыяд. Для захоўвання цяпла ў жылых дамах і прыдання ім эстэтычнага выгляду за даны перыяд зроблены бягучы і капітальны рамонты жылога фонду на суму 4303 млн руб. У гэтым сезоне запланавана зрасходаваць на даны від работ 2707 млн руб. Пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона ў бягучым годзе неабходна правесці выпрабаванне 92,4 км цеплавых сетак і 48 кацельняў, атрымаць на іх пашпарты гатоўнасці.

Стаўбцоўскім філіялам ДП «Мінаблпаліва» было пастаўлена арганізацыям 1586 тон торфабрыкету і 2509 м3 дроў, насельніцтву адпаведна – 887 тон і 510 м3. У бягучым ацяпляльным годзе неабходна паставіць арганізацыям 1560 тон брыкету і 2550 м3 дроў, насельніцтву – 890 тон брыкету і 550 м3 дроў.

Запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы ўстаноў аховы здароўя да ацяпляльнага перыяду 2014-2015 гадоў выкананы ў поўным аб’ёме. Выкананы ўсе работы і ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

На балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ёсць 51 спажывец цеплавой энергіі. Усе ўстановы адукацыі былі поўнасцю забяспечаны неабходным палівам. Для правядзення ацяпляльнага перыяду ў 2015-2016 гадах аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама запланавана акрамя штогадовых мерапрыемстваў правесці замену катла ў ДУА «Рубяжэвіцкі дзіцячы сад», замяніць трубы сістэмы ацяплення ў ДУА «Любкаўшчынская СШ» і т. п.

Ва ўстановах культуры ў ацяпляльны перыяд 2014-2015 гадоў збояў з цеплазабеспячэннем не было. Пашпарты гатоўнасці былі атрыманы своечасова. Распрацаваны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы і на ацяпляльны перыяд гэтага года.

Н. Леанідава

 

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>