Духоўная спадчына

Filed under: Лампада,Нумары |

БАЖЭСТВЕННАЯ ЛІТУРГІЯ У СВЯТА-УВАСКРЭСЕНСКІМ ХРАМЕ

Першага чэрвеня стаў знакавым днём для новага стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага прыхода – у храме, які будуецца, адбылася першая Бажэственная Літургія. Многія стаўбчане і вернікі іншых прыходаў благачыння сцякліся на гэтую ўрачыстасць. Новы храм напоўніўся радасцю, цеплынёю веруючых сэрцаў, любоўю. У храм дастаўлены іконы Спасіцеля і Божай Маці, якія часова знаходзіліся ў кафедральным саборы праведнай Ганны. Іконы напісаны для стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага храма на Святой Гары Афон, у Ватапедскім манастыры па благаславенні архімандрыта Яфрэма. Святыя абразы былі дастаўлены самалётам.

Урачыстасць ушанавалі сваім прыездам свяшчэннаслужыцелі Стаўбцоўскага благачыння. Храм напоўніўся малітваю. У гэты дзень Праваслаўная Царква адзначала вялікае свята – Дзень Святога Духа.

Звяртаючыся да настаяцеля новага прыхода протаіерэя Віталія Шаркова, прыхаджан храма і ўсіх удзельнікаў святочнай урачыстасці благачынны прыходаў Стаўбцоўскага благачыння протаіерэй Аляксандр Марцінчык адзначыў, што гэты дзень, калі адслужана першая Бажэственная Літургія, па сутнасці і з’яўляецца днём нараджэння новага прыхода. Вялікая міласць Божая сышла на прыход у гэты вялікі дзень прызывання Духа Святога. Айцец Аляксандр пажадаў, каб благадаць Духа Святога ўмацоўвала ўсіх у сумеснай малітве, у працы па заканчэнні будаўніцтва храма і развіцці прыхода, каб добраўпрыгожвалася гэтае святое месца.

У сваю чаргу протаіерэй Віталій Шаркоў падзякаваў благачыннаму за садзейнічанне ў будаўніцтве новай царквы ў Стоўбцах, за малітвы, парады, дапамогу ва ўзвядзенні святыні на нашай зямлі. Айцец Віталій падкрэсліў, што цуды Бог тварыў не толькі ў Сваім зямным жыцці, аб чым нам апавядае Святое Евангелле, але і ў нашы дні.

– Сёння мы тут сабраліся на сумесную малітву, – звярнуўся айцец Віталій да ўсіх удзельнікаў свята, – падзякаваць Богу за тыя дары, якія Ён нам дае, прычасціцца першы раз на гэтым месцы Прачыстага Цела і Крыві Яго. Гэтай падзеі мы чакалі, ішлі да яе ўсе гэтыя гады. Шлях быў цяжкі, і вы ўсе былі ўдзельнікамі шэсця, укладвалі сваю працу, малітву ў будаўніцтва храма. І вось мы сёння рэальныя сведкі цуда Божага: тут, на пустыры, дзе чатыры гады назад было пустое поле, Гасподзь дараваў нам храм, дзе мы можам збірацца, разам маліцца, ад адзінай Святой Чашы прычашчацца. Вялікі шлях пройдзены на шляху ўзвядзення храма, але яшчэ большы па заканчэнні будаўніцтва патрэбна прайсці. З Божай дапамогай будзем разам працаваць. І на самой справе: храм не «в брёвнах, а в рёбрах». Няхай наш прыход паціху абрастае «рёбрами».

Масавасць удзелу стаўбчан новага мікрараёна нашага горада ў службах, якія праводзіліся на тэрыторыі царквы, сведчыць аб тым, што новы храм ім палюбіўся. Цяпер богаслужэнні ў храме будуць праходзіць: у пятніцу ў 17.00 – акафіст Божай Маці з малебнам, у суботу ў 9 гадзін – Бажэственная Літургія.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

І СІМВАЛ ВЕРЫ

Благачынны цэркваў протаіерэй Аляксандр Марцінчык, які праводзіць заняткі ў тэрытарыяльным цэнтры для членаў клуба «Жывое слова», на гэты раз сустракаў сваіх слухачоў у сценах храма. 

Бягучы год для кафедральнага сабора святой праведнай Ганны – юбілейны, 190-ты з дня заснавання. Сёлета ў сувязі з утварэннем новых епархій стаўбцоўская Свята-Аннінская царква атрымала статус кафедральнага сабора.  Форма яго здзіўляе сваёй архітэктурай – ён выцягнуты, нібыта карабель, які плыве ў вечнасць. Адметны, так бы мовіць, ваенны перыяд храма, бо людзі, якія служылі ў ім, разбіралі па дамах параненых і выходжвалі іх ад цяжкіх ран сваёй цярплівасцю, міласэрнасцю. Асаблівую ўзнёсласць храму надаюць іконы, сярод якіх ёсць і іконы-артэфакты. Абразы, якія прыбылі са Святой грэчаскай Гары Афон, таксама яго ўпрыгожвалі. У ім незвычайны алтар, выраблены з дрэва. «Сабор наш уяўляе сабою святыню і таму, што ў яго фундамент падчас апошняга рамонту ў 2003 годзе былі закладзены святыні, прывезеныя з розных святых месцаў: гары Афон, Іерусаліма, вострава Поймас, – расказаў Аляксандр Марцінчык. – І гэта нагода наведваць яго і «знаходзіць» тут свой Іерусалім».

Сустрэча са святаром працягнулася ў памяшканні нядзельнай школы. Айцец Аляксандр адказаў на пытанні, уручыў на памяць іконкі.

– Не засталіся ўбаку і нашы валанцёры, – звяртае ўвагу загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту  і куратар клуба Сяргей Есіс. – Адна з валанцёраў, Аляксандра Клышка, падрыхтавала для членаў клуба «Жывое слова» тэматычныя сувеніры: кожнаму – сімвал веры ў выглядзе кампазіцыі з велікоднага яйка і свечкі, вырабленых… з цеста.  

Сярод мерапрыемстваў, якія праводзіць цэнтр, варта выдзеліць і майстар-клас «Мама, бабуля і я – дом упрыгожыць наша сям’я».

У актавай зале сабраліся разам тры пакаленні – матулі і дзеці-школьнікі, а таксама шаноўныя бабулі з ліку наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Яны шмат чаму навучыліся, а таму змаглі па-валанцёрску, ад душы, падзяліцца сваімі творчымі навыкамі.

Майстар-клас быў прысвечаны стварэнню розных дэкаратыўных вырабаў з газетных трубачак і праходзіў пад наглядам кіраўнікоў гурткоў – Людмілы Няверавай і Таццяны Шаўчук.

Пажылыя людзі вельмі хутка знайшлі агульную мову і падружыліся са школьнікамі – вучнямі 7 «А» класа гімназіі № 1. Адведзенага на творчы працэс часу аказалася мала, бо той, хто чымсьці захапіўся, на стрэлкі гадзінніка не глядзіць. Апроч таго, удзельнікаў майстар-класа зблізілі вершы і песні ў выкананні моладзі і старэйшага пакалення. Гімназіст Дзмітрый Анучын прачытаў уласныя вершы. Яго аднакласніцам Машы Серада, Анастасіі Галушка, Дзіяне Акуліч, Аліне Лісоўскай так спадабалася гэтая «сямейная» сустрэча, што яны выказалі жаданне наведваць аддзяленне і працягваць навучанне ў бабуляў-валанцёраў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

***

Пра паломніцтва ў Свята-Елісееўскі манастыр і ўрачыстасць у Інстытуце тэалогіі можна прачытаць на 5-й старонцы газеты “Прамень”.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>