Жыццяпіс

Filed under: Лампада,Нумары,Соцыум |

БАЧЫЦЬ ПРЫГАЖОСЦЬ СВЕТУ БОЖАГА

Ксёндз Уладзімір Каспарэвіч, які нядаўна прыехаў служыць у Рубяжэвіцкі касцёл, успрыняты вяскоўцамі як цікавы і неардынарны чалавек. Да свяшчэннаслужыцеля заўсёды адносіны паважлівыя і шаноўныя. Сваім апостальскім служэннем святары закліканы на важную місію – несці нам Слова Божае, здзяйсняць Таінствы ў свяшчэннадзействах, акармляць люд Божы.

Выпускнік Гродзенскай духоўнай семінарыі да назначэння ў Рубяжэвіцкую парафію служыў у дзесяці каталіцкіх парафіях – у Паставах, Альковічах, Касцюковічах, Вілейцы, Волме…  У Рубяжэвічах служыць у высокім сане дэкана.

Касцельны дом знаходзіцца побач з велічным, стогадовай гісторыі, касцёлам. Ксёндз Уладзімір гаспадарчым вокам агледзеў храм і, заручыўшыся падтрымкай парафіян, ахвяравальнікаў, пачаў у ім замену вокнаў. Новыя выглядаюць прыгожа і светла, вельмі аздабляюць з любоўю дагледжаны вернікамі храм. У планах – іншыя рамонтныя работы, якія наспелі з бегам часу і  патрабуюць немалых фінансавых сродкаў.

Ксёндз Уладзімір прыгледзеў месца ў храме ля званіцы, дзе можна размясціць музейныя экспанаты. Такая ідэя гарманічна ўпісваецца ў агульную тэндэнцыю развіцця Рубяжэвіч турыстычных з напрацаванымі краязнаўчымі накірункамі па захаванні багатай гістарычнай спадчыны гэтага адметнага старадаўняга мястэчка. І ўзнікла ідэя ў свяшчэннаслужыцеля не спантанна – проста ў Рубяжэвічах ёй можна даць ход. Вельмі цікава пачуць, што ксёндз Уладзімір прыехаў на новае месца служэння з важкім багажом – калекцыяй старадаўніх рэчаў народнага побыту. Захапленне яго доўжыцца гадамі. Пераязджаючы на кожнае новае месца служэння, ксёндз Уладзімір вязе за сабою гэты скарб, пастаянна яго ўзбагачаючы новымі экспанатамі.

І калі б толькі такая калекцыя. А яшчэ – каля 30 акардэонаў, гармонікаў, баянаў, сярод якіх ёсць унікальныя, аўтарскай ручной работы. На ўсіх іх ксёндз Уладзімір можа сыграць. Асвоіў ігру на касцельным аргане. Гэтаму музычнаму інструменту каля 100 гадоў, ён уяўляе сабою вялікую каштоўнасць.

Ксёндз Уладзімір па нашай просьбе іграе нам у двары дома. Тут вольна пачуваюць сябе куры, гусі, качкі, індыкі, авечкі… І гэта таксама любімы занятак – даглядаць жывёлу. Акрамя ўсяго ёсць 20 вулляў. У руплівага гаспадара на іншых прыходах, дзе служыў да гэтага, было да 100 вулляў. На наша захапленне і здзіўленне ксёндз Уладзімір адказвае, што бачыць прыгажосць свету Божага, тварэння Усявышняга, жыць у гармоніі з прыродай – таксама пропаведзь. У свабодны час святар аддае сябе працы з малітвай – занятак, які не дае паслабіцца, дапамагае берагчы сваю душу ў міры і спакоі, жыць паўнавартасным жыццём. Праца і малітва – гэтым заўсёды былі напоўнены дні падзвіжнікаў на ніве Хрыстовай.

Зразумела, мы задаём ксяндзу Уладзіміру пытанне: адкуль у яго такая любоў да сельскай працы, такія ўменні? Усё гэта – з бацькоўскага дому. Ксёндз Уладзімір родам са Стаўбцоўскага раёна, выпускнік Рочавіцкай СШ. Нарадзіўся ў вёсцы Таўкачоўшчына, адзін з пяцярых дзяцей у бацькоў, простых вясковых людзей – калгаснага вадзіцеля і тэхработніцы. Цяпер бацькі Антон Антонавіч і Алена Уладзіміраўна жывуць у Варапаях. Ксёндз Уладзімір акармляе гэтую вёску. Больш таго, сваімі рукамі абсталяваў каплічку, дзе вясковыя людзі могуць маліцца і ўдзельнічаць у Таінствах. Як кажуць мясцовыя людзі, ксёндз Уладзімір мае залатыя рукі і шмат што можа зрабіць з дрэва. Сам ён вельмі шаноўна адносіцца да сваіх бацькоў, а яны – да сына-святара, да якога ходзяць на споведзь. Так што служэнне ў Рубяжэвічах для дэкана Уладзіміра вельмі адметнае – тут яго радзіма, яго карані, яго зямля, яго землякі. А вёска ў свае абдымкі прымае слаўнага свайго сына.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАСЯБРУЮЦЬ СТАЎБЧАНЕ І БРАНЦЫ

У рамках рэалізацыі праграмы «Здаровыя дзеці» прадстаўніцтва ААТ «Нестле Расія»  ў лістападзе 2014 года  аб’явіла ў Рэспубліцы Беларусь аб правядзенні Першага міжнароднага конкурсу для дзяцей з мэтай павышэння эфектыўнасці навучання правільнаму харчаванню і асновам здаровага ладу жыцця праз пашырэнне прадстаўленняў аб кулінарных традыцыях і звычаях сваёй краіны і народаў іншых краін. Па прапанове  начальніка вучэбна-метадычнага аддзела пачатковай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кіраўніка творчай групы настаўнікаў пачатковых класаў Мінскай вобласці Людмілы Крагель настаўніца нашай школы Ала Ярмак і вучні трэцяга класа паўдзельнічалі ў гэтым конкурсе.

Конкурс праводзіўся ў тры туры. У першым туры ўдзельнічалі ўсе класы, зарэгістраваныя на сайце ўдзельнікаў. Нашымі ўдзельнікамі быў прадстаўлены відэаролік, зняты ў жанры сацыяльнай рэкламы, дзе вучні трэцяга класа прапагандавалі здаровае харчаванне ў школе і дома, здаровы лад жыцця праз захаванне правілаў асабістай гігіены, заняткі фізкультурай, спортам, танцамі, сумесныя паходы выхаднога дня з бацькамі. Па выніках першага тура з 42 удзельнікаў у другі тур выйшлі 20 устаноў адукацыі Расіі і 7 – Рэспублікі Беларусь. У ліку гэтых сямі была і наша школа.

У другім туры патрэбна было адказаць на пытанні віктарыны, прысвечанай традыцыям харчавання беларускага народа. Віктарына складалася з сямі пытанняў, якія ўтрымлівалі тры варыянты адказаў. І зноў наша перамога ў другім туры. У трэцім туры прапанавана было адказаць на пытанні віктарыны, складзеныя расійскімі школьнікамі і прысвечаныя расійскім кулінарным традыцыям. Удзельнікі з Расійскай Федэрацыі адказвалі на пытанні віктарыны, прысвечаныя нашым беларускім кулінарным традыцыям.

Па выніках віктарыны былі вызначаны два класы-пераможцы гэтага міжнароднага конкурсу. Адзін з іх – з Рэспублікі Беларусь, гэта трэці клас СШ № 2 г. Стоўбцы, адзін – з Расійскай Федэрацыі, гэта другі клас гімназіі № 4 г. Бранска.

25 мая ў форме тэлемоста адбыўся фінал конкурсу паміж пераможцамі. Былі прадстаўлены візіткі класаў-пераможцаў, кожнай камандзе давалася магчымасць задаць па 10 пытанняў.  Лепшым прызнана пытанне, якое задаў Мікаэль Сабо: «У Маскве жывуць масквічы, у Мінску – мінчане, у Стоўбцах – стаўбчане, а ў Бранску?» Вучні дружна адказалі: «Бранцы!»

Член журы конкурсу загадчык аспірантуры і дактарантуры Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук Алена Грабчыкава павіншавала пераможцаў конкурсу з перамогай, падзякавала настаўніку за глыбокія веды вучняў, пажадала ўстанавіць далейшыя сяброўскія сувязі паміж класамі са Стоўбцаў і Бранска.

Па запрашэнні арганізатараў конкурсу Ала Ярмак прадстаўляе Рэспубліку Беларусь і нашу ўстанову  ў Маскве на 15-й Міжнароднай канферэнцыі «Выхоўваем здаровае пакаленне». Пажадаем ёй поспехаў!

Людміла СТАРАВОЙТАВА, намеснік дырэктара СШ № 2 г. Стоўбцы

 

«ВЕТРАЗІ» РАСПРАЎЛЯЮЦЬ КРЫЛЫ

Стала добрай традыцыяй трох школ-суседак – Старасвержанскай і Горкаўскай СШ, Залужскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад – сярэдняя школа» – збірацца разам. На гэты раз у ДУА «Горкаўская сярэдняя школа» завіталі вучні-старшакласнікі і іх настаўнік. Клуб старшакласнікаў «Пунсовыя ветразі» існуе ўжо шмат гадоў, мае свой гімн. У цэнтры прыбранай залы заўсёды знаходзіцца прыгожы фрэгат з пунсовымі парусамі, на якім прымацаваны гербы школ.

 Розныя тэмы хвалююць юных грамадзян, цяпер жа размова вялася аб прыгажосці. Прайшла яна ў форме «ток-шоу». «Ці патрабуе прыгажосць ахвяр?» – так гучала тэма сустрэчы. Вядучыя Антон Пучкоўскі і Кацярына Курдун запрасілі прысутных да разважання. У дамашнім заданні вучні дэманстравалі свае рэцэпты прыгажосці. Як правільна харчавацца, каб быць здаровым, расказала педагог сацыяльны Ларыса Гіраеўская. Юнакі і дзяўчаты прыйшлі да высновы, што прыгажосць патрабуе не ахвяр, а ўвагі да сябе, да свайго здароўя. Кожны імкнецца быць прыгожым, але перш за ўсё прыгожымі павінны быць думкі і ўчынкі.

Галіна ЦІТОВІЧ,

член гуртка «Юны карэспандэнт» Горкаўскай СШ

 

ПАМЯЦЬ АБ ПРОДКАХ

Пачну з таго, што на тэрыторыі Шашкоўскага сельсавета ёсць вёска Караліна. І жывуць у ёй з карэнных жыхароў чалавек шэсць. Астатнія – дачнікі. Таксама дзеці аднаўляюць бацькоўскія хаты, бо месца тут прыгожае – вёску вакол абступае лес, а побач цячэ Сула. Некалі гэтымі землямі валодаў пан, але яшчэ да рэвалюцыі ён іх прадаў, а сам з’ехаў за мяжу. І сюды пачалі прыязджаць людзі, хто хацеў купіць надзел і меў грошы на першы ўзнос. Ехалі праваслаўныя і католікі. Набралася чалавек дваццаць. Зямлю падзялілі, і так тут заснавалася вёска.

А каля дарогі на Ціханаву Слабаду купілі зямлю пад могілкі. Хавалі тут толькі праваслаўных з Караліны і Аколава. Вакол выкапалі роў. А вось абгарадзілі могілкі пераважна нядаўна. Сельвыканкам закупіў сетку і слупы. Вароты і брамку прывёз з дому Вацлаў Вікенцьевіч Кохан, які разам са старшынёй сельвыканкама правёў вялікую работу па арганізацыі добраўпарадкавання могілак. Сабраў на суботнік дзяцей і ўнукаў тых людзей, якія пахаваны на могілках, і прыняў у ім самы непасрэдны ўдзел. Разам з Іосіфам Аляксандравічам Талстым яны ачысцілі тэрыторыю ад хмызняку – пагрузчык выдзеліла кіраўніцтва торфабрыкетнага завода. Цяпер, калі прыязджаеш на могілкі, то душа радуецца. Дзякуй Вацлаву Вікенцьевічу за яго старанне і памяць аб нашых продках. А таксама ўсім, хто парупіўся і навёў парадак на могілках, за зробленую імі добрую справу.

Лідзія КАНДУХОВІЧ, аг. Шашкі

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>