• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Агракамбінат «Колас» – вытворчасць будучага

Filed under: Нумары,Прадпрымальніцтва |

17-07-2015-9

СЗАТ «Агракамбінат «Колас» урачыста адкрыў новы, чарговы вытворчы аб’ект.  Уведзены ў эксплуатацыю 13-ты па ліку птушнік – буйная ферма з аднаразовай пасадкай 40 тысяч куранят-бройлераў. 

І цяпер птушкаферма ўяўляе сабою буйны комплекс з размешчанымі ў рады прыгожымі, бялюткімі  вытворчымі памяшканнямі.

З інтарэсам пазнаёміўся з гэтай вытворчасцю і прыняў удзел ва ўрачыстасці старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Цырымонія адкрыцця новага птушніка была прыўрочана па часе да прыбыцця партыі сутачных куранят з ААТ «Александрыйскае», для якіх і было прымеркавана гэтае наваселле.

Кароткая ўрачыстая частка адкрыцця птушніка з удзелам птушкаводаў і іншых спецыялістаў птушкафермы адбылася на вуліцы. Юрый Горлаў павіншаваў вытворцаў з гэтай падзеяй, якая па праву прызнана поспехам і ў маштабах раёна. Як адзначыў Юрый Мікалаевіч, агракамбінат «Колас» на правільным шляху – ідзе будаўніцтва, значыць, развіваецца вытворчасць. Такі накірунак мадэрнізацыі ў галіне жывёлагадоўлі – прыярытэт у нашым раёне і ў Мінскай вобласці ў цэлым. Вытворцам прыемна было пачуць добрую ацэнку работы агракамбіната «Колас» кіраўніком раёна. Гэтае прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці ў валавой вытворчасці сельскай гаспадаркі раёна мае высокую ўдзельную вагу – 10,6 працэнта. Юрый Мікалаевіч адзначыў высокія паказчыкі работы калектыву, выказаў задаволенасць створанымі ўмовамі працы для жывёлаводаў і наогул культурай вытворчасці. Прамоўца адзначыў, што ў рамках дзеючага заканадаўства райвыканкам і надалей будзе аказваць садзейнічанне, падтрымку вытворцам у далейшым развіцці агракамбіната, які ўносіць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Юрый Горлаў уручыў узнагароды лепшым працаўнікам птушкафермы – падзяку райвыканкама вядучаму механіку Віталю Дашкевічу, падзячныя пісьмы – інжынеру па будаўніцтве Сяргею Мілістферу, начальніку ўчастка падрыхтоўкі птушнікаў Іне Гурыновіч, птушкаводу Жанне Кісун.

У сваю чаргу дырэктар СЗАТ «Агракамбінат «Колас» Аляксандр Скрыпко выказаў задаволенасць, што стратэгія развіцця агракамбіната «Колас», які 12 гадоў ажыццяўляе сваю дзейнасць на Стаўбцоўшчыне, супадае з інтарэсамі раёна, і гэта дае стымул будаваць планы і іх паспяхова рэалізоўваць.

На сучасны момант птушкаферма вырошчвае ў год 2 мільёны 300 тысяч куранят-бройлераў. Гэта адно са значных прадпрыемстваў раёна, якое стала ўзорам эфектыўнай дзейнасці. Аб гэтым скажуць хоць бы такія некалькі лічбаў. За шэсць месяцаў работы ў бягучым годзе да ўзроўню мінулага года аб’ём вытворчасці прадукцыі вырас на 17,5 працэнта і ў лічбах склаў плюс 500 тон мяса. Агракамбінат мае высокі паказчык сутачных прыбаўленнях у вазе птушкі. Еўрапейскія стандарты сталі арыенцірам кампаніі для вытрымлівання такога параметра, як вытворчасць мяса з аднаго квадратнага метра. У 2013 годзе гэты выхад складаў 47 кілаграмаў, у 2014 годзе – 55, у 2015 – 60 кілаграмаў. Варта звярнуць увагу і на індэкс прадукцыйнасці – у 2015 годзе з 36 партый бройлераў камбінат не апускаўся ніжэй 330 адзінак.

Развіваючы гадоўлю птушкі, кампанія паралельна ўдасканальвае і перапрацоўчую вытворчасць. Ведамасны мясакамбінат у вёсцы Зарэчча ў мінулым годзе мадэрнізаваны пад вытворчую патрэбнасць перапрацоўкі такога вялікага аб’ёму мяса птушкі. І цяпер ёсць сур’ёзны запас вытворчых магчымасцяў для перапрацоўкі мяса з улікам пашырэння жывёлагадоўчых плошчаў.

Са шматлікімі гандлёвымі кропкамі заключаны дагаворы на пастаўку мясных вырабаў на пастаяннай умове, фрагментальна кампанія працуе з іншымі прадпрыемствамі гандлю. Кожны дзень ідзе адгрузка прадукцыі ў 120 магазінаў краіны. Кампанія «Галерэя смаку» аб’ядноўвае не толькі птушкагадоўчы комплекс, мясаперапрацоўчае прадпрыемства, але і сетку фірменных магазінаў – іх тры, і лагістычны цэнтр, які размясціўся на плошчах былога стаўбцоўскага малаказавода. Асноўная доля выпушчанай прадукцыі паступае ў магазіны нашай краіны, агракамбінат «Колас» паспяхова вытрымлівае канкурэнцыю.

Расказваючы аб новаўвядзеннях, Аляксандр Скрыпко адзначае:

– Захаванне высокага ўзроўню ветэрынарна-санітарных патрабаванняў дазволіла нам пайсці на такі адказны крок – адмовіцца ад антыбіётыкаў на ўсіх стадыях вырошчвання птушкі – як у якасці кармавых інгрыдыентаў, так і ў лячэбных прафілактычных мэтах. Гэта патрабавала дадатковых сіл для нашых спецыялістаў, і мы ім удзячныя за захаванне пагалоўя. Наш агракамбінат прызнаны ў рэспубліцы сыравіннай базай для вытворчасці дзіцячага харчавання. Сыравіна кампаніі ідзе пад маркай «Натуральны прадукт». Прадукцыя пазнавальная, запатрабаваная пакупнікамі. Для нашых тэхнолагаў гэта стымул думаць над новымі распрацоўкамі. Наш мясакамбінат адзін з нямногіх у рэспубліцы, які выпускае сыравэнджаную прадукцыю з мяса птушкі. Калі далей гаварыць аб адметнасцях камбіната, то важна сказаць пра сыравінную базу. Мы распрацавалі арыгінальную рэцэптуру кармлення бройлераў.  Камбікармы для нас рыхтуюць Баранавіцкі і Пухавіцкі камбінаты хлебапрадуктаў. Мы працуем з самымі лепшымі пастаўшчыкамі сутачных куранят, задаволены прадукцыяй ААТ «Александрыйскае», бацькоўскі статак якога ў 2014 годзе прызнаны лепшым у рэспубліцы. Мы ўдзячны сваім партнёрам за здаровае пагалоўе птушкі. Калі гаварыць аб складаемых поспеху, трэба адзначыць і такі важны момант, як нашы кадры. Гэта каманда аднадумцаў, якая падтрымлівае стратэгію кампаніі сваімі добрасумленнымі адносінамі да працы кожнага на сваім рабочым месцы.

Кампанія «Галерэя смаку» прадаставіла рабочыя месцы каля 500 працаўнікам. Аўтаматызацыя вытворчасці, сучасныя сродкі сувязі дазваляюць выконваць вялікія аб’ёмы работы з малой колькасцю спецыялістаў. Напрыклад, уведзеная ў 2015 годзе праграма дыспетчырызыцыі дазваляе аднаму чалавеку кіраваць мікракліматам 13-ці птушнікаў са свайго рабочага месца, гэта выконваецца аддаленым доступам. І калі мы гаворым аб агракамбінаце як аб прадпрыемстве будучага, то ў гэтым няма ніякага перабольшвання. На ўсіх аб’ектах вытворчасці ўражвае самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне лепшых еўрапейскіх фірмаў, высокая культура вытворчасці, бездакорнае захаванне санітарных патрабаванняў як у вытворчых, так і ў бытавых памяшканнях, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

…Усе ўдзельнікі ўрачыстаці з задавальненнем паглядзелі, як разгружаюцца скрынкі з жывымі жоўтымі камячкамі – крыклівымі сутачнымі куранятамі. Іх хутка заносяць у падрыхтаванае ўтульнае і камфортнае памяшканне. У новым птушніку будзе працаваць птушкавод Вольга Скроб. Яе стаж работы складае больш за пяць гадоў. На наша пытанне, што для яе значыць яе работа, яна адказвае, што як бы кап’ютарызавана ні была вытворчасць, такому жывому матэрыялу, як малюсенькія кураняты, патрэбны цеплыня чалавечых рук, увага, вялікі клопат, належны догляд, уменне адчуць стан птушкі. Захаваць іх здаровымі, накормленымі, каб праз 50 дзён атрымаць патрэбны вынік – і ёсць паўсядзённы клопат птушкаводаў.

Прыемна было паназіраць за настроем працаўнікоў агракамбіната «Колас», якія даражаць сваёй работай, ганарацца сваім прадпрыемствам, думаюць аб яго заўтрашнім дні і робяць усё магчымае, каб кампанія трымала сваю высокую марку, свой аўтарытэт і імідж.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, дырэктар СЗАТ «Агракамбінат «Колас» Аляксандр Скрыпко і дырэктар птушкафермы Міхаіл Пратасевіч на адкрыцці аб’екта; куранят-бройлераў прымае птушніца Вольга Скроб; прыўзняты настрой у начальніка зоны вырошчвання Сяргея Дразда; падзяляюць радасць падзеі ветфельчар Юлія Віткоўская, інжынер па ахове працы Вольга Калошыч, бухгалтар Ірына Рыцько.

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>