Няма чалавека больш роднага

Filed under: Нумары,Сям'я |

Ірына Юльянаўна Кажура гаворыць: яна ніколі не думала, што ў 67 гадоў (цяпер ёй 72) прыйдзецца ўзяць на сябе ношу клапаціцца пра дзяцей-сірот. Аднак ніхто не можа прадказаць, як павернецца жыццё чалавека, якія падзеі прыйдзецца перажыць. Так і ў яе.  Ад унучкі засталіся трое праўнукаў, раскіданых па дамах-інтэрнатах. Тры гады назад Ірына Юльянаўна пахавала ўнучку, якой было толькі 30. Памерла нявестка, сын жыве ў Краснаярскім краі.

З другім сваім сынам Аляксандрам, які жыве з сям’ёю ў Стоўбцах, яны ўзялі клопат пра Вадзіма. Калі ў сям’і сына нарадзілася трэцяе дзіця, Ірына Юльянаўна забрала Вадзіма да сябе дамоў, аформіла апякунства па доглядзе праўнука. Хлопчык вучыцца ў сярэдняй школе № 3. Ён ужо пяць гадоў жыве ў бабулі. Ірына Юльянаўна ведала, што яшчэ двое братоў Вадзіма ў інтэрнатных установах. Стала шукаць іх, каб звесці дзяцей адзін з адным. Вялікую дапамогу ў гэтым аказала метадыст службы аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Антаніна Сідарэня, якая дапамагла не толькі Ірыне Кажура, але і іншым людзям адшукаць дзяцей, раскіданых па дамах-інтэрнатах. Сама выгадавала прыёмную дзяўчынку, якая цяпер мае сваю сям’ю і адносіцца да яе як да роднай маці. Таму сэрца Антаніны Сідарэня такое чулае да дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Так як і да тых людзей, якія бяруць клопат пра такіх дзяцей.

Аказалася, што ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці ў дапаможнай школе-інтэрнаце вучыцца і жыве брат Вадзіма Данііл. Ірына Юльянаўна ўзяла Вадзіма, паклажу і сабралася ў дарогу. Калі яны прыехалі, шчасцю Данілы не было межаў. Хлопчык бегаў па доме-інтэрнаце і ўсім апавяшчаў, што ў яго ёсць бабуля, да яго прыехала бабуля! Ірына Юльянаўна расказвае, плача, прыціскае да сябе Даніка.

– Бабуля, ты плакса, – гаворыць ёй Вадзім. – Яна гладзіць па галаве і гэтага хлопчыка.

Сустрэча гэтая адбылася ў пачатку мая. Выхавацелі сказалі, што за ўсе гады (Данік ужо закончыў трэці клас) яго ні разу ніхто не забіраў летам. Выязджаў ён з інтэрната толькі ў лагер. Ірына Юльянаўна паабяцала Даніку, што прыедзе па яго. І ўжо 30 мая Данік быў у Задвор’і.

У адносінах да трэцяга дзіцяці з гэтай сям’і Ірына Юльянаўна з дапамогай службы аховы дзяцінства даведался, што Максім знаходзіцца ў дзіцячым доме, аднак у адносінах да яго вырашаецца пытанне аб усынаўленні.

Лета ў бабулі для хлопчыкаў радаснае. У дзень нашага прыезду яны чакалі бабулю з Мінска. На клубніцы быў добры попыт, прадала выгадна. У хлопцаў радасць – бабуля зноў дала грошай на марожанае. Як яны любяць збегаць у вясковую краму! У адну з нядзель бабуля адправілася з хлопцамі ў парк Чалюскінцаў. Вось ужо пакаталіся на арэлях, машынках, атракцыёнах.

Ірына Юльянаўна гаворыць, што гэтыя тыдні трэба будзе папрацаваць – абіраць клубніцы і вазіць на сталічны рынак. Вакзал побач, чыгуначныя пуці ля дома. Апякунская сям’я і жыве з агароду. На рынак Ірына Юльянаўна возіць усе віды гародніны. Ёсць у яе і дамова з аптавікамі, якія прызджаюць да яе па гарбузы, зімою – па салёныя агуркі. Дзякуючы такому бізнесу яны з Вадзімам сябе цалкам забяспечваюць.

З любоўю гаворыць пра хлопчыка:

– Што б я была без цябе вартая, Вадзімка, ты ж у мяне памочнік.

І расказвае, што вады набраць у ёмістасці для паліўкі агароду – яго клопат, паліць грады – таксама. А Данік на днях без падказкі нагрэў вады і вымыў увесь посуд.

– Вады ўсюды паналіваў, – умешваецца Вадзім на правах гаспадара.

– Нічога, нічога, ваду падцерці – невялікі клопат, – заступаецца за Даніка бабуля. І гаворыць, што тры класы ён закончыў з граматай. У доме-інтэрнаце вельмі паслухмяны, актыўны, удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах.

– Люблю матэматыку, рускую мову, маляванне, працу, – давяраецца нам Данік.

Мы разумеем Ірыну Юльянаўну, якая гаворыць, што за гэты няпоўны месяц яна так змагла яго палюбіць, адкрыць у ім столькі добрых якасцяў, што не спускае яго з рук. Мы і самі палюбілі гэтага хлопчыка, хоць бачым яго нейкія паўгадзіны. Бабуля знаходзіць час прыгатаваць яму паесці тое, што ён любіць.

– Бульбу смажаную з зялёнай цыбуляй і кропам, сасіскі люблю, – Данік цалкам узяў нас у палон сваёй абаяльнасцю.

– І мне з імі весялей, – гаворыць Ірына Юльянаўна. – Цяпер вось рамонт робім, ужо печ пераклалі, засталося паклеіць, пафарбаваць пакоі.

Ірына Юльянаўна ужо пяць гадоў жыве ўдавою. Усё жыццё працавала на стаўбцоўскім мясакамбінаце. Яна заслужыла льготную пенсію. Нямала ў яе зайздроснікаў: бізнесменка, маўляў, разбагацела з агароду. І тут яшчэ выгаду мае, дзяржава на дзяцей плаціць. А «бізнесменка» толькі тайком слёзы сцірае. Верыць яна Богу, спадзяецца на Усявышняга, што дасць ёй сілы падгадаваць сірот. Ужо пастаралася з дапамогай службы аховы дзяцінства паставіць на чаргу на атрыманне жылля Вадзіма. Пра Даніка ў гэтым плане паклапацілася інтэрнатная ўстанова. На Вадзіма завяла банкаўскі рахунак – на працягу пяці гадоў усе грошы, якія выплачвае яму дзяржава, адкладвае. Цяпер вось рыхтуе Вадзіма да здачы экзаменаў у ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце. Калі не паступіць, пойдзе ў сёмы клас, а на наступны год будзе паступаць у абласное кадэцкае вучылішча ў Слуцк. Хлопец ён спартыўны, загартаваны. Такі розум, такая хватка – пашанцавала дзеткам з бабуляй. Сама яна ведае смак сіроцкага хлеба. Бацька яе загінуў у час вайны. Пяцёра дзяцей у сям’і, якія з маленства былі ў працы, мала таго, што дома неслі на сабе ношу, яшчэ і наймаліся ў работнікі да іншых.

…У Даніка наперадзе яшчэ цэлае лета. Самае шчаслівае лета ў яго жыцці.

 

СТВАРАЮЦЦА ПРЫЁМНЫЯ СЕМ’І

Інстытут прафесійнага сямейнага клопату аб дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў, у Рэспубліцы Беларусь існуе з 1999 года. У нашым раёне прыёмнае бацькоўства атрымала распаўсюджанне з 2001 года. Першыя прыёмныя сем’і ствараліся  з лепшых апякунскіх.

За гэты час умацавалася ўпэўненасць, што ўладкаванне дзяцей, якія страцілі родныя сем’і, у прыёмныя, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу – дадатковы шанц для дзяцей рэалізаваць права на выхаванне ў сям’і.

На сучасны момант у нашым раёне пражываюць 74 непаўналетнія, якія маюць статус дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з іх 24 выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, 41 – у апякунскіх, 7 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Усынаўленне, нягледзячы на прыярытэтнасць для дзіцяці, не стала масавым працэсам хоць бы таму, што грамадзяне, якія жадаюць усынавіць дзіця, аддаюць перавагу дзецям ва ўзросце ад трох да пяці гадоў.

Прыёмныя бацькі – гэта людзі ўсіх слаёў грамадства, і жывуць яны ў розных умовах. У іх могуць быць уласныя малыя ці дарослыя дзеці. Прыёмныя бацькі бяруць у свае сем’і чужых дзяцей і выхоўваюць іх. І яны ўзнагароджаны ўсведамленнем таго, што ўнеслі станоўчыя і трывалыя змены ў жыццё маладых людзей.

Звяртаем увагу жыхароў раёна на такую прафесію, як прыёмныя бацькі. Гэта прафесійна аплатная праца з захаваннем працоўнага стажу, водпускам, курсавой падрыхтоўкай.

Калі вы гатовы працаваць у гэтым накірунку, выхоўваць дзяцей з асаблівым лёсам, звяртайцеся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па тэлефоне 5-32-42. Атрымаць інфармацыю па гэтым пытанні можна і ў ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна» па тэлефоне 5-49-56.

Алена ГАМЗА, вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>