На вахце ўраджаю

Filed under: Нумары,Ураджай-2015 |

ПОБАЧ З ВОПЫТНЫМІ ШЧЫРУЮЦЬ МАЛАДЫЯ

У ААТ «Агранёманскі» сёлета вырашчаны неблагі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, які неабходна зжаць на плошчы 2600 гектараў.  На гэтым тыдні хлебаробы прыступілі да жніва, першым убіраюць ячмень. Гэтая культура займае ў гаспадарцы плошчу 860 гектараў.

Разам з намеснікам дырэктара па раслінаводстве Іванам Скварчэўскім пад’ехалі да камбайнаў. Пасля моцнага ліўня з градам, які прайшоў па тэрыторыі таварыства ў мінулы аўторак, экіпажы чакалі спрыяльнага надвор’я, каб працягнуць уборку.

– На 120 гектарах у нас пасеяны сорт кармавога ячменю «бацька», – расказвае Іван Іванавіч. – Высяваем яго другі год запар, бо маем неблагую аддачу. Вырошчваем таксама «водар», «стратус», «бровар» і новы перспектыўны сорт «магутны» айчыннай селекцыі.

Галоўны спецыяліст падкрэслівае, што ячмень абавязкова патрэбна ўбіраць у першую чаргу, бо ў адваротным выпадку можна страціць да пяці працэнтаў ураджаю. Першыя намалоты паказалі, што на гэтым полі ўраджайнасць у межах 50 цэнтнераў на круг. Многа было затрачана сіл і сродкаў для таго, каб вырасціць такі ячмень. Нямала прыйдзецца парупіцца экіпажам, каб убраць яго своечасова і якасна.

На жніве ў таварыстве задзейнічаны дзесяць камбайнаў. Тры з іх выйшлі на палеткі за тэрыторыяй былой воінскай часці. Сярод вопытных хлебаробаў і маладзёжны экіпаж. Для камбайнера Аляксандра Гярлоўскага  гэтая ўборачная шостая ў працоўнай біяграфіі. Аляксандр Новік працуе памочнікам трэці сезон. Ён студэнт апошняга курса БНТУ, будучы інжынер. Летась экіпаж стаў прызёрам раённага спаборніцтва сярод маладых удзельнікаў жніва. 

– Хлеб на корані стаіць багаты, – гаворыць Аляксандр Гярлоўскі, – можна працаваць і зарабляць. Мы ўжо ўбралі рапс і спадзяёмся, што надвор’е ўсталюецца, каб мець магчымасць працаваць без прастояў.

У Міхаіла Таяноўскага сёлетняе жніво юбілейнае – саракавое па ліку. На рахунку дбайнага працаўніка не адзін дзясятак тысяч тон намалочанага збожжа. Другі год ён працуе з Юрыем Сідорыкам, вадзіцелем раённага аддзела ўнутраных спраў, бацька якога таксама шчыраваў на камбайне. Пятнаццаты сезон прымае ўдзел у жніве Валерый Жук, апошнія гады – у пары з сынам Андрэем. Валерый Аляксеевіч хоць цяпер і не працуе ў таварыстве, але пастаянна, з году ў год, дапамагае ўбіраць ураджай. Яшчэ памятныя яго двухтысячныя намалоты і ўдзел у рэспубліканскіх дажынках.

– У нас падабраўся моцны касцяк механізатараў, здольных выконваць пастаўленыя задачы. – Працягвае гаворку Іван Скварчэўскі. – Усе дзесяць экіпажаў не ўступаюць адзін аднаму ў працавітасці і пастаянна дабіваюцца высокіх вынікаў. На сяўбе збожжавых вылучыліся Аляксандр Гярлоўскі, Казімір Дамброўскі і Дзмітрый Сагайдакевіч. На ўнясенні мінеральных угнаенняў – Аляксей Пухоўскі, Віктар Семянько і Аляксей Пальчык. Пальчык праводзіў і хімпраполку азімых і яравых збожжавых – штодзень за змену апрацоўваў расліны на плошчы 250-300 гектараў. У яго распараджэнні сучасны замежны апырсквальнік.

Іван Іванавіч хваліць агранома-аграхіміка Аляксандра Булаша, з якім  у звязцы працуе восем гадоў. Аляксандр – выдатны спецыяліст, прыйшоў у таварыства пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Добра ўгноеная глеба, своечасовая сяўба, унесеныя пад патрэбнасць угнаенні, апрацоўкі  мікраэлементамі і хімічнымі сродкамі – усё гэта паспрыяла таму, што на палях стаіць добры ўраджай. Важную ролю адыграла і насенне. Таварыства з’яўляецца элітгасам па вырошчванні збожжавых, зернебабовых культур і рапсу. Высяваюць толькі эліту і суперэліту. З новых сартоў прапісаліся на палетках  азімыя пшаніца «ода» і трыцікале «кастусь».

– Азімыя пасля зімоўкі не пацярпелі. Мы не перасявалі ніводнага гектара дзякуючы таму, што пшаніца і трыцікале ў нас беларускай селекцыі, – канстатуе Іван Скварчэўскі.

Уборка толькі пачалася, але ўраджайнасць ужо радуе. Без сумнення, з кожным днём яна будзе павялічвацца. У гаспадарцы разлічваюць  справіцца з уборкай збожжавых за 20 дзён. А пры спрыяльным надвор’і – затраціць і таго менш часу.

 Надзея БАТАЛКА

На здымках: маладзёжны экіпаж у складзе Аляксандраў Гярлоўскага і Новіка; у камбайнера Міхаіла Таяноўскага саракавое юбілейнае жніво; задаволены ўраджаем намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі; жніво.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПРАВЕСЦІ ЖНІВО БЕЗ ТРАЎМАТЫЗМУ

На базе ААТ «Жацерава» адбыўся раённы семінар па ахове працы «Уборачная кампанія 2015 – без траўматызму». Гаспадарка гэтая была выбрана невыпадкова, бо ёсць тут чаму павучыцца, пераняць станоўчы вопыт. У мерапрыемстве бралі ўдзел спецыялісты па ахове працы сельскагаспадарчых арганізацый, старшыні прафсаюзных камітэтаў і грамадскія інспектары па ахове працы.

Адкрыў семінар першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень.

– На спецыялістах па ахове працы ляжыць вялікая адказнасць – забяспечыць работнікам бяспечныя ўмовы падчас уборачнай кампаніі і не дапусціць выпадкаў траўматызму, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч, – патрабаваць ад людзей выканання правілаў, каб былі дысцыпліна і парадак. Да свята «Дажынкі» нам трэба прыйсці з добрым настроем, здаровымі і з высокімі вынікамі. Асаблівы кантроль неабходна наладзіць за выхадам тэхнікі ў рэйс, за строгім  правядзеннем перадрэйсавых медыцынскіх аглядаў і, у прыватнасці, наконт алкагольнага ап’янення. Прафсаюзы павінны адстойваць інтарэсы працаўнікоў, каб зарплата іх была дастойная, арганізоўваць вольны час людзей.

Дырэктар таварыства Іван Краўчук расказаў, што да ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы рыхтаваліся планамерна. Правялі інструктажы па пажарнай і электрабяспецы, дарожным руху, арганізавалі дадатковую вучобу. І арганізавана выйшлі ў поле. Будуць нарошчваць тэмпы, каб правесці жніво, так бы мовіць, на адным дыханні. Усе ў таварыстве ведаюць, што дапушчаныя парушэнні тэхнікі бяспекі адаб’юцца на заработнай плаце.

Разам з галоўным інжынерам Дзянісам Скачко ўдзельнікі семінара прайшлі па машынным двары, пабывалі ў механічнай майстэрні, на складзе, адзначыўшы чысціню і парадак.

Затым адбылося пасяджэнне. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко прывяла статыстыку няшчасных выпадках, якія здарыліся ў раёне за бягучае паўгоддзе. Яна несуцяшальная – тры здарэнні з цяжкім зыходам і адзін смяротны. Наперадзе ўборачная, і трэба ўсё рабіць для таго, каб выключыць надзвычайныя здарэнні. А іменна, пільную ўвагу ўдзяляць людзям так званай групы рызыкі – аматарам спіртнога, кантраляваць іх штодзённа. І тут з боку працаўнікоў не павінна быць ніякай крыўды. Менавіта шляхам правядзення такіх мерапрыемстваў можна захаваць жыцці работнікаў і не зламаць лёс. Таксама нагадваць работнікам аб асабістай асцярожнасці, каб абавязкова выкарыстоўвалі спецадзенне і спецабутак. Усе спецыялісты па ахове працы павінны павышаць сваю кваліфікацыю, на гэта ёсць адпаведнае рашэнне райвыканкама. Пакуль што навучанне прайшлі не ўсе. Сельская гаспадарка самая траўманебяспечная галіна, таму работа па папярэджанні вытворчага траўматызму тут павінна весціся пастаянна.

Інспектар дзяржаўнай аўтаінспекцыі Аляксандр Трацяк засяродзіў увагу на арганізацыі перадрэйсавага кантролю. За яго вядзеннем загадам па гаспадарцы павінны быць замацаваны чатыры чалавекі. Спецадзенне павінна быць са святлоадбівальнымі элементамі.  Аб забеспячэнні пажарнай бяспекі на жніве расказала інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч. З трынаццаці пажараў, якія адбыліся сёлета на сенасховішчах, адзін прыходзіцца на наш раён: на МТФ «Заброддзе» ААТ «Дзераўное» згарэла некалькі тон сена. Асобы, адказныя за замер вільготнасці кармоў, павінны правяраць яе не толькі на полі, а і ў сенасховішчы. Пажарна-тэхнічны мінімум павінны праходзіць усе, за парушэнні патрабаванняў прадугледжаны штраф. Збожжаўборачныя камбайны абавязкова неабходна ўкамплектаваць сродкамі пажаратушэння. 

Загадчыца аддзела гігіены РЦГіЭ Алена Лойка скіравала ўвагу на абавязковасць праходжання медыцынскіх аглядаў работнікамі сталовых, на арганізацыю харчавання работнікаў: прадукты  павінны мець сертыфікаты, мяса падлягае абавязковай санветэкспертызе. А таксама на наяўнасць аптэчак і тэрмін прыдатнасці лекавых сродкаў. Павінны працаваць душавыя, а дзе іх няма – лазні.

 Галоўны дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі працы Вольга Барысевіч назвала прычыны няшчасных выпадкаў. На першым месцы – парушэнне пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, інструкцыі па ахове працы. А таксама невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы. Асабістая неасцярожнасць траўміраваных, знаходжанне іх у стане алкагольнага ап’янення. Нельга дапускаць работнікаў да выканання работы без уводнага інструктажу, без стажыравання.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч асаблівую ўвагу ўдзяліла рабоце на жніве непаўналетніх, арганізацыі спаборніцтва сярод тых, хто працуе на жніве. Работа грамадскіх інспектараў па ахове працы павінна аплачвацца, што неабходна занатаваць у калектыўных дагаворах.

Падвяла вынікі семінара галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Магер, якая адзначыла, што галоўная задача сёння – правесці ўборачную кампанію без няшчасных выпадкаў.

Надзея БАТАЛКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>