На галоўнай магістралі

Filed under: Нумары,У калектывах Стаўбцоўшчыны |

Дзень чыгуначніка адзначаецца тады, калі наступае гарачая ўборачная пара. Падобнае супадзенне – сімвалічны знак таго, што запатрабаванасць у людзях гэтай прафесіі была, ёсць і будзе, як, напрыклад, у хлебе, і што яны, такія незаменныя, дакладна не з разраду тых, хто робіць сваю справу сяк-так, між іншым або наспех. Дзейнасць чыгуначнікаў характарызуецца грунтоўным падыходам і, калі разважаць у духу побытавай логікі, яны ў апошні вагон не ўскокваюць – яны рулявыя цэлага саставу. Саставу пад назвай – народнагаспадарчы комплекс. 

Па гэтай прычыне, як падкрэслівае і намеснік начальніка станцыі Стоўбцы УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» Таццяна Санько, эфектыўнасць работы станцыі напрамую залежыць ад дзейнасці прадпрыемстваў раёна і прамысловасці рэспублікі ў цэлым. З-за эканамічных цяжкасцяў колькасць грузаадпраўляльнікаў апошнім часам зменшылася. Разам з тым, рух на чыгунцы не спыняецца.

На Стаўбцоўшчыне асноўнымі грузаадпраўляльнікамі выступаюць Навасвержанскі лесазавод, які актыўна адгружае піламатэрыялы, апілкі, драніцу польскім і прыбалтыйскім спажыўцам, а таксама Стаўбцоўскі доследны лясгас, стаўбцоўскі цэх ААТ «Белуторчармет» і іншыя.

– Што датычыць уборачнай, то рухомага саставу ў нас дастаткова – мы гатовы аказваць паслугі па перавозцы збожжа новага ўраджаю. Таварная кантора працуе ў кругласутачным рэжыме», – зазначае Таццяна Санько.

Для жыхароў раёна, дачнікаў электрычкі па-ранейшаму ў ліку  самых папулярных відаў транспарту. З вясны дабаўлена іх колькасць. Праўда, акурат у летні перыяд вядуцца рамонты пуці, таму некаторыя маршруты прыходзіцца часова адмяняць. Чыгуначнікі апавяшчаюць аб гэтым пасажыраў загадзя, каб мінімізаваць узнікненне нязручнасцяў. Попытам карыстаюцца рэгіянальныя электрапаязды як эканом-класа, так і бізнес-класа. Для тых, хто едзе на адпачынак, уведзены дадатковыя паязды. Білеты зручна набываць не толькі ў касіра, а і праз інтэрнэт, з дапамогай банкаўскай пластыкавай карткі. 

– На станцыі завершаны рамонт платформы, стараемся падтрымліваць парадак і, адпаведна, трымаць марку, – расказвае Таццяна Санько, чыгуначнік з 35-гадовым стажам. Апошнія 15 гадоў яна займае пасаду намесніка начальніка станцыі. На станцыі падабраўся вопытны калектыў, у які штогод уліваецца моладзь. З улікам спецыфікі галіны папаўненне складаюць выпускнікі профільных сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. З ліку моладзі – і кіраўнік станцыі Анатоль Навумовіч, не так даўно прызначаны на гэтую пасаду.            

Пераемнасць пакаленняў –адна з традыцый калектыву чыгуначнікаў. Упрыгожваюць яго старажылы – дзяжурныя па станцыі Марына Карачун і Людміла Клочка, іх калега Надзея Гузава. Павагай і аўтарытэтам карыстаюцца аператары пры дзяжурным па станцыі – Марына Міхейкіна, Раіса Міцкевіч. Адказны ўчастак работы ў прыёмаздатчыкаў грузу. Тут вызначаюцца Ала Трапейка і Людміла Янкоўская, сярод іх набіраецца навыкаў і маладая супрацоўніца – Хрысціна Носава. Наталля Калоша прысвяціла чыгунцы больш за 20 гадоў жыцця і неўзабаве – са словамі падзякі – выходзіць на заслужаны адпачынак.

Нельга не заўважыць зладжаную работу таварных касіраў – Жанны Макарэвіч і Ірыны Бойка, білетных касіраў – Вольгі Немчык, Алы Батура, Людмілы Парфенчык, Таццяны Ісмаілавай і, безумоўна, старшага білетнага касіра Алены Казакевіч.

Усе мы карыстаемся паслугамі чыгункі і верым у тое, што яна і надалей застанецца прывабным, зручным і бяспечным відам транспарту, з прыярытэтам задач народнагаспадарчага значэння. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: багаты працоўны вопыт у дзяжурнай па станцыі Людмілы Клочка і аператара Раісы Міцкевіч; добры настрой у таварнага касіра Алены Шуцько і прыёмаздатчыцы Хрысціны Носавай; за рабочымі клопатамі намеснік начальніка станцыі Таццяна Санько; пасадка на электрацягнік бізнес-класа.

Фота Васіля ЗЯНЬКО     

 

ТАКІМ БЫЎ ПАЧАТАК

У жніўні спаўняецца 145 гадоў з дня адкрыцця чыгуначнага вакзала ў Стоўбцах.

Дзень 16 жніўня 1870 года быў азнаменаваны ў «местечке Столпцах особым торжеством по случаю освящения закладки вокзала 2 класса и других при нем железнодорожных сооружений» («Минские губернские ведомости» ад 29 жніўня 1870 года). Пасля богаслужэння ў абедзвюх цэрквах – Аннінскай і Марыі Магдалінскай – урачыстасці адкрыліся аб’яднаным шэсцем да месца закладкі вакзала. Дажджлівае надвор’е не спрыяла вялікаму збору народу, тым не менш хрэснае шэсце было шматлюдным. Праз штучна зробленыя з зеляніны вароты працэсія наблізілася да прыгожа ўладкаванай і акаймаванай зелянінай палаткі. Тут працэсія была сустрэта начальнікам 7-га ўчастка будуемай Маскоўска-Смаленска-Брэсцкай чыгункі, ваенным інжынер-капітанам Бальцам, іншымі інжынерамі, тэхнікамі і агентамі, а таксама многімі ганаровымі асобамі, якія прыбылі па запрашэнні. Абрад асвячэння быў адкрыты прамоваю мясцовага святара Іаана Янушэўскага аб тым, наколькі Маскоўска-Смаленска-Брэсцкі шлях можа паслужыць інтарэсам Заходняга краю ў справе аб’яднання яго на пачатках праваслаўя і рускай народнасці з цэнтральнай Расіяй увогуле і Масквой у прыватнасці.

Святою вадою былі акроплены каменныя фундаменты ўсіх вакзальных будынкаў, спраўлены малебен. А пасля на дарожнай плошчы для рабочых і народа таварыствам будаўнікоў быў прапанаваны пачастунак. Ганаровых жа гасцей запрасілі ў Стаўпецкую кантору будаўнікоў, дзе іх пачаставалі багатым абедам.

1 верасня 1870 года адбылася закладка вялікага жалезнага моста на рацэ Нёман ля Стоўбцаў. А ў лістападзе 1871 года пачаўся рух паяздоў паміж Масквой і Брэстам праз Стоўбцы.

Работы па рэканструкцыі чыгуначнай магістралі працягваліся і ў наступныя гады. У 1897 годзе на ўчастку Смаленск – Брэст быў адкрыты двухпутны рух паяздоў. На будаўніцтве чыгункі працавалі і нашы землякі са Стоўбцаў і многіх вёсак.

Аляксандр ТУРКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>