З Рубяжэвіцкім каларытам

Сонечнымі промнямі лета, вясковым каларытам, пышнасцю клумбаў, пералівам птушыных спеваў сустракае наведвальнікаў у гэтыя прыгожыя летнія дні аграсядзіба «Рубяжэвічы» на Стаўбцоўшчыне. Нават для тых, хто зжыўся з вясковым бытам, наведванне гэтага ўтульнага мястэчка – прыемнасць. Што ўжо казаць пра насельнікаў вялікіх гарадоў, якія могуць тут хоць на малы час адпачыць ад мітусні, шуму, візгу аўтамабіляў, людской таўкатні. Гаспадыня сядзібы Валянціна Шумілава сама яшчэ не так даўно была гараджанкай, жыхаркай беларускай сталіцы, таму добра ведае, што патрэбна гараджанам, каб зняць з сябе стрэс цывілізацыі.

Першае, што адзначаеш пры знаёмстве з Валянцінай Шумілавай, – дар гэтага чалавека паднесці гасціннасць і прывабнасць вясковага турызму. Сама яна сустракае наведвальнікаў у нацыянальным строі, з усмешкай, вясёлым настроем і бярэ ў палон сваёй абаяльнасцю. На сёлетнім семінары па пытаннях агратурызму з уладальнікамі аграсядзіб Стаўбцоўскага раёна Валянціна Аляксандраўна выбрана ў склад раённага грамадскага савета па агратурызме. Яна звярнула на сябе ўвагу нераўнадушным падыходам да развіцця агратурызму ў нашай краіне.

Гэта яе густам, стараннасцю прыдуманы дызайн аграсядзібы ў сучасным экастылі і з нацыянальным беларускім каларытам. У гэтым утульным мястэчку на беразе возера турысты могуць спаўна нацешыцца прыгажосцю прыроды, маляўнічымі краявідамі, водарам і гукамі наваколля.

Для паўнацэннага адпачынку наведвальнікаў – лазня з пахучымі венікамі і травамі, нацыянальная кухня з вясковымі прадуктамі. Дакрануцца да культурных традыцый беларускай вёскі дапаможа ансамбль у складзе Рамана і Тадэвуша Сабалеўскіх і Анатоля Шумілава. Усе наведвальнікі аграсядзібы, сярод якіх нямала расіян, турыстаў з Германіі і іншых еўрапейскіх краін, не ўпускаюць магчымасці паслухаць старадаўні арган у касцёле з векавой гісторыяй. Храм і аграсядзіба суседнічаюць. У Рубяжэвічах шмат цікавага. Не хопіць і аднаго дня, каб наведаць усе адметныя мясціны, паслухаць пра гісторыю старадаўняга мястэчка і людзей, якія тут жылі, працавалі і пакінулі след у гісторыі цяперашняга аграгарадка. Дыпламатычная і камунікабельная Валянціна Шумілава сумела наладзіць з мясцовымі жыхарамі добрыя стасункі, ажыццяўляе сумесныя праекты. На будучае аграсядзіба гатова гарманічна ўпісацца ў турыстычную праграму, якая распрацоўваецца адносна Рубяжэвічаў.

Сельскі домік Шумілавых прадастаўляе турыстам камфортныя ўмовы для пражывання з дабротамі цывілізацыі. Так што сем’і могуць адпачыць на прыродзе і з дзецьмі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>