Святая праведная Ганна, малі Бога за нас!

Filed under: Лампада,Нумары |

7 жніўня царкоўны благавест разнёс па нашым горадзе радасць і адметнасць гэтага дня – кафедральны сабор святой праведнай Ганны адзначаў прастольнае свята.

Святочныя мерапрыемствы ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел і падзяліў радасць урачыстасці са свяшчэннаслужыцелямі і прыхаджанамі сабора. Падчас Бажэственнай Літургіі архіерэю саслужылі благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык і свяшчэннаслужыцелі благачыння. Пасля Бажэственнай Літургіі адбыўся хрэсны ход вакол сабора.

Епіскап Павел звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці з прывітальным словам і адзначыў, што святая праведная Ганна, маці Прасвятой Багародзіцы, з’яўляецца заступніцай не толькі святога храма, але і ўсяго горада, і наказаў кожнаму часцей звяртацца ў малітвах да гэтай святой угодніцы Божай.

Протаіерэй Аляксандр Марцінчык адзначыў, што сёлетняе прастольнае свята адметнае тым, што храм адзначае свой 190-гадовы юбілей. Так супала, што менавіта да гэтай даты ў красавіку бягучага года святыня набыла новы статус – Свята-Аннінская царква стала кафедральным саборам. Гэта другі пасля Маладзечанскага кафедральны сабор у Маладзечанскай епархіі. Айцец Аляксандр зрабіў акцэнты на тым, што храм мае слаўную гісторыю. З яго выйшлі вядомыя свяшчэннаслужыцелі. За сваю багатую гісторыю ён ніколі не закрываўся: ні ў савецкі час, ні ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут заўсёды здзяйсняліся службы, нават тады, калі царква была пашкоджана разрывамі мін і снарадаў. Міласць Божая праліваецца на кожнага з нас, і мы гэта адчуваем на богаслужэннях у храме. Айцец Аляксандр, які ўжо 18 гадоў служыць у Стоўбцах, прыкладае шмат сіл і старанняў для захавання старадаўніх ікон (для іх выраблены новыя ківоты), іншых святынь, што захавалі для нас продкі, рамонту храма, добраўпарадкавання тэрыторыі і іншых неадкладных патрэб па захаванні святыні для будучых пакаленняў. Благачынны  благаславіў усіх жыхароў горада, прыхаджан прымаць асабісты ўдзел у захаванні святыні, упрыгажэнні святога дома Божага.

Ва ўнісон слову айца Аляксандра было прывітальнае выступленне намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Пашкевіч. Яна адзначыла высокую ролю Царквы ў кансалідацыі сіл грамадства на яднанне і стваральную дзейнасць, таму аўтарытэт Царквы запатрабаваны ў грамадстве. Станоўча было адзначана супрацоўніцтва  і ўзаемадзеянне Царквы з мясцовымі ўладамі на ўсіх узроўнях, сумесная дзейнасць у выхаванні маладога пакалення. Райвыканкам падрыхтаваў падарунак кафедральнаму сабору ў сувязі з 190-годдзем з дня адкрыцця храма – вялікую, ва ўвесь рост, ікону Прасвятой Багародзіцы і іконы Спасіцеля і Божай Маці для Царскіх Варот.

Імя Ганна вельмі папулярнае ў нашым горадзе. У гэты дзень віншаванні з імянінамі прымалі тыя, для каго святая праведная Ганна з’яўляецца нябеснай заступніцай. У ліку іх і стаўбчанка Ганна Мікалаеўна Санько, якая з пачатку 90-х гадоў нясе паслушанне ў храме на пасадзе казначэя, аддае сабору сілы душы і сэрца, сваёй працай і малітвай служыць Богу і людзям. Яе вы бачыце на здымку з ружамі пры ўрачыстай сустрэчы епіскапа Паўла. Сіл і крэпасці, многая і благая лета жадалі ў гэты дзень свяшчэннаслужыцелям, усім, хто прыслужвае ў храме, дабрачынцам, тым, хто ахвяруе на сабор і дапамагае захаваць святыню ў той красе і велічнасці, якім і належыць быць дому Божаму.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО і аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>