Так быць павінна на свеце, каб сталі шчаслівымі дзеці

Filed under: Нумары,Сям'я |

Мы працягваем расказваць пра сем’і нашага раёна, якія клапоцяцца пра дзяцей-сірот. Кожная новая сустрэча з імі пераконвае, што гэта асаблівыя ў Бога людзі. Цяпер і са сваімі дзецьмі не так лёгка справіцца, што ж гаварыць пра чужых, ды яшчэ з нялёгкім лёсам і нярэдка з абцяжаранай спадчыннасцю, складанымі захворваннямі. Трэба прыкласці сілы душы для іх рэабілітацыі, выхавання, прынесці ў ахвяру свой час, быць гатовым да цяжкасцяў, якія патрабуюць фізічных і маральных высілкаў. І ў гэтай Божай справе іх падтрымлівае Гасподзь.

Алена Камёнка і Аксана Ажгірэвіч жывуць у Вішняўцы. Да прыёмнага бацькоўства яны працавалі выхавацелямі ў Вішнявецкім дзіцячым садзе. Іх зблізіла не толькі прафесія педагога, адно месца работы, але і сяброўства. А цяпер яшчэ – і статус прыёмных маці.

На пытанне аб тым, як узнікла рашэнне ўзяць у сям’ю прыёмнае дзіця, Алена Генадзьеўна гаворыць, што душа яе падрыхтавалася да гэтага – яна 20 гадоў адпрацавала ў дашкольнай установе. Зносіны з дзецьмі дапамаглі ўзрасціць лепшыя чалавечыя якасці. Зразумела, што без згоды мужа пайсці на такі крок было б немагчыма. Але і Валерый Уладзіміравіч, інжынер ААТ «Вішнявецкі», падтрымаў жонку. Больш таго, на працягу часу, колькі прыёмныя дзеці жывуць у сям’і, ён праяўляе ў адносінах да іх самыя лепшыя бацькоўскія якасці і з’яўляецца вялікай падтрымкай і апорай Алене Генадзьеўне.

Першай з’явілася ў сям’і трохгадовая Віка. Маленькая, худзенькая, безабаронная, яна стала аберагаемай не толькі бацькамі, але і дзецьмі Алены Генадзьеўны і Валерыя Уладзіміравіча Уладзімірам і Алесяй, якія цяпер ужо дарослыя людзі. Яны працягваюць беражліва клапаціцца пра дзяўчынку. І ў гэтым вялікая карысць для іх асабістага станаўлення: дзіця, якое пашкадуе іншае дзіця, у будучым можа адбыцца як асоба, як чалавек, які здольны ўсведаміць духоўныя каштоўнасці. Алену і Валерыя Камёнкаў радуе, што іх уласныя дзеці гатовы да дзейнасці на карысць іншым, імкнуцца да добрых спраў, асабліва ў адносінах да сірот. У Алесі ўжо свая сям’і, гадуюцца двое дзетак.

Другім прыёмным дзіцем прыйшла ў сям’ю Камёнкаў дзяўчынка Іна. Цяпер яна – студэнтка Барысаўскага каледжа. Якую ж вагу меў для яе аўтарытэт Алены Генадзьеўны, калі яна выбрала яе прафесію – выхавацеля дашкольнай установы. Наступным рашэннем  было прыняць у сваю сям’ю васьмікласніка Дзіму. Ён толькі год пажыў у Камёнкаў і быў вернуты ў кроўную сям’ю. У гэтым ёсць заслуга і прыёмных бацькоў, якія паралельна з тым, што стварылі для яго ў сябе дома атмасферу для паўнацэннага жыцця ў міры, згодзе, гармоніі, любові, яшчэ і ўсяляк садзейнічалі збліжэнню яго з роднай сям’ёй, арганізоўвалі сустрэчы з роднай маці. Алена Генадзьеўна пераканана: якая б добрая ні была замяшчальная сям’я, прыёмныя бацькі не могуць замяніць дзецям родных. Страта іх – вялікая трагедыя для дзіцяці. Сіроцтва звязана з фактычна непераадольнай сітуацыяй у жыцці. Сірата, трапіўшы ў выдатныя ўмовы, дзе яе апякуюць, любяць, імкнуцца парадаваць, усё роўна мае незагойную рану, і яна назаўсёды застаецца ў падсвядомасці. Гэта так яскрава праследжвалася на прыкладзе Дзімы. Ён быў агрэсіўным, цяжка кіруемым. А пасля суда, калі было вынесена рашэнне аб вяртанні яго ў кроўную сям’ю, дзіця як падмянілі. Гэта ў першую чаргу заўважылі настаўнікі Вішнявецкай школы. І адкуль узялася пакладзістасць, паслухмянасць, зусім іншы пазітыўны жыццёвы настрой. Алена і Валерый Камёнкі працягваюць мець зносіны з юнаком па тэлефоне, ён ім расказвае пра свае справы і планы. Ён па-ранейшаму даражыць парадай, якую яму даюць Алена Генадзьеўна і Валерый Уладзіміравіч.

Мы забіраем з аздараўленчага лагера Вішнявецкай школы Віку – яшчэ сонную пасля ціхага часу, і едзем да Аксаны Ажгірэвіч. Пра прыёмнага сына Максіма Аксана Вітальеўна гаворыць, што ён сам прыйшоў у сям’ю. Такая кранальная сітуацыя, што пранізвае да слёз.

Сястра Аксаны Вітальеўны Анжаліка жыве ў Мінску і сябруе з выхавацелем дзіцячага дома. Прыяцелька расказвала пра хлопчыка, які ўжо другое лета застаецца ў казённых сценах, таму што яго няма каму забраць.

Анжаліка Вітальеўна папрасіла сваю маці ўзяць на лета ў вёску гэтага хлопчыка. Надзея Пятроўна Шаўчэнка з Вішняўца праз органы апякунства аформіла «гасцявы рэжым» на дзіця-сірату і забрала яго на ўсё лета. Зразумела, большую частку часу ён праводзіў у сям’і Аксаны і Мікалая Ажгірэвічаў з іх дзецьмі, куды збіралася і вясковая дзятва. Усе ў сям’і так прывыклі да Максіма, што з наступленнем верасня не знайшлі ў сабе сіл адправіць яго назад у дзіцячы дом. Пакінулі без афармлення дакументаў, якія былі перааформлены пазней і перасланы Ажгірэвічам.

Аксана Вітальеўна расказвае, як нялёгка ім было ўладкаваць сітуацыю з рэўнасцю іх дачкі Алены. Максім, як і многія дзеці-сіроты з інтэрнатных устаноў, усяго баяўся, асабліва спаць адзін. Аксане Вітальеўне нічога не заставалася, як класці яго з сабою. З гэтым 14-гадовая Алена ніяк не магла змірыцца. Купілі крэсла-ложак. Алену раптам адпусцілі крыўда, рэўнасць,  яна пашкадавала Максіма і дазволіла яму спаць з яе бацькамі. Новае крэсла-ложак стала непатрэбным.

Цяпер ужо Алена дарослая, студэнтка медкаледжа. Жанаты сын Віталь, працуе ў сталіцы. Спартыўны, вышынёю больш за два метры юнак, працягвае займацца спортам, удзельнічае і перамагае ў спаборніцтвах. Для Максіма ён – добры прыклад для пераймання. Дзеці па-ранейшаму з любоўю адносяцца да прыёмнага хлопчыка, дапамаюць выхаваць яго добрым чалавекам.

Максіма вельмі любяць у Вішнявецкай школе. Па стане здароўя і з-за іншых прычын Максім не мае высокай паспяховасці па прадметах. Аднак у яго ёсць іншае багацце – вельмі добры характар, абаяльнасць, паслухмянасць, ён усім запаў у душу. Аксана Вітальеўна з вялікай удзячнасцю гаворыць пра педагогаў школы, якія сваім разуменнем, правільным падыходам, любоўю дапамагаюць ёй выхоўваць хлопчыка. Максім закончыў сёмы клас. Яго ўзрост ужо дастатковы для таго, каб прывучаць да працы, рыхтаваць да самастойнага жыцця. І гэта вельмі важна. Практыка паказвае, што існуе нямала праблем у працэсе сацыялізацыі дзяцей-сірот. Выходзячы ў самастойнае жыццё, многія з іх не ўмеюць распарадзіцца сваім бюджэтам, не ўмеюць сябе абслужыць, не прывучаныя да працы, што стварае потым праблемы ў іх уласных сем’ях. Аксана Вітальеўна падхвальвае Максіма, гаворачы, што ў яго ёсць свае абавязкі: паліць таматы ў парніку, выканаць іншую пасільную для яго работу. Дом Ажгірэвічаў у Вішняўцы з мноствам экзатычных і квітнеючых раслін на ўчастку вызначаецца адмысловым парадкам.

У гэтым годзе Аксана Вітальеўна перажыла вялікую страту – ва ўзросце 44 гадоў раптоўна памёр яе муж. Гэта дзякуючы яму створаны адмысловы парадак і ў двары, і ў доме. Яна страціла любімага чалавека і прыкладвае ўсе сілы, каб змірыцца з гэтай жыццёвай сітуацыяй. Дапамажы ёй, Божа!

Мы любуемся гэтымі прыгожымі жанчынамі, захапляемся сілай іх духу, мацярынскай мудрасцю, іх подзвігам.

Вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гамза звяртае ўвагу жыхароў раёна на тое, што ёсць вялікая патрэба ў новых прыёмных сем’ях. Прафесія прыёмных бацькоў вельмі запатрабаваная.  Выхаваць сірату, праявіць аб ёй клопат, палюбіць, дапамагчы стаць на ногі – ва ўсе часы лічылася высакароднай і богаўгоднай справай, вышынёю хрысціянскіх дабрадзейнасцяў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>