Азімы рапс – культура выгадная

У раёне, на базе ААТ «Рубяжэвічы», прайшоў абласны семінар на тэму «Тэхналогія вырошчвання азімага рапсу з улікам асаблівасцяў сёлетняга года», з удзелам намеснікаў начальнікаў райсельгасхарчаў па механізацыі, начальнікаў аддзелаў раслінаводства і начальнікаў насенных інспекцый з усіх раёнаў.

Адкрыў семінар старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Віталій Грышанаў. Віталій Леанідавіч адзначыў, што ўмовы надвор’я для вырошчвання азімага рапсу сёлета былі спрыяльныя, але перазімаваў рапс дрэнна, таму ў вобласці намалочана амаль у тры разы менш масланасення, чым летась. Але культура гэтая запатрабаваная, і старшынёй аблвыканкама  даручана распрацаваць у кожным раёне структуру яе пасяўных плошчаў, як і яравых збожжавых. Неабходна вызначыцца колькі насення засыпаць і якіх культур. Дарэчы, сёлета кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў дадзены дазвол вырашаць самім, якія культуры высяваць і колькі. Але, разам з тым, раслінаводчая галіна павінна працаваць так, каб штогод прыбаўляць не менш за 10 працэнтаў ад валавога збору папярэдняга года. І загрузіць сыравінай прамысловыя прадпрыемствы.

Што тычыцца ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых, то намалоты сёлета добрыя. У лідарах па-ранейшаму Нясвіжскі раён, дзе хлебаробы атрымліваюць амаль 70 цэнтнераў з кожнага гектара. Звыш 50 цэнтнераў збіраюць на круг у Дзяржынскім, Мінскім і Клецкім раёнах, каля 50 – у Маладзечанскім раёне. Сярэдняя ўраджайнасць па вобласці складае каля 40 цэнтнераў. Уборачная выйшла на фінішную прамую, і два мільёны тон збожжа вобласць павінна атрымаць. Віталій Грышанаў падкрэсліў, што з усіх культур самая ўмалотная азімая пшаніца, якая аддзячвае ў сярэднім 46 цэнтнерамі з гектара, на другім месцы азімае трыцікале – звыш 40 цэнтнераў. Астатнія культуры паказваюць вынік ніжэйшы. Таму неабходна сеяць больш ураджайныя і эканамічна выгадныя культуры. А ўвогуле ўпор  рабіць на стварэнне трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі. Высяваць, у прыватнасці, азімы рапс і свірэпіцу, якія з’яўляюцца, да таго ж, выдатнымі папярэднікамі для іншых культур. І дадаў, што дзяржзаказ на масланасенне рапсу ў будучым годзе адменены. Але гэтай культурай трэба займацца, бо яна прыбытковая. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць і вырошчванню насення шматгадовых траў. Сёлета ў гэтым плане спрацавалі не лепшым чынам. Старшыня камітэта падкрэсліў, што для таго каб атрымаць высокі ўраджай у наступным годзе, неабходна строга прытрымлівацца тэхналогіі і асеннюю пасяўную правесці хутка і якасна.

Затым перад удзельнікамі семінара выступілі вучоныя. Загадчык лабараторыі крыжакветных культур РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве», кандыдат сельскагаспадарчых навук Ядвіга Пілюк засяродзіла ўвагу на рэсурсазберагальных тэхналогіях вырошчвання азімага рапсу. Яна падкрэсліла, што кожны год мае свае асаблівасці, але ўраджай азімых культур на 70 працэнтаў закладваецца з восені, рапсу ж – на ўсе сто працэнтаў.  Назвала прычыны, па якіх рапс дрэнна перазімаваў сёлета. Гэта і неналежная падрыхтоўка глебы, і няпоўнае ўнясенне фосфарных угнаенняў, і познія тэрміны сяўбы, і няправільная норма высеву. Зразумела, не парадавала і надвор’е. Але на тых палетках, дзе ўсё было зроблена па тэхналогіі, рапс паспяхова перанёс усе неспрыяльныя пагодныя катаклізмы.

Ядвіга Эдвардаўна згадала, што за апошнія дзесяць гадоў валавы збор рапсу павялічыўся ў цэлым па рэспубліцы больш як у пяць разоў і летась склаў 840 тысяч тон. Рапс – культура выгадная і запатрабаваная на рынку, таму аграрыям неабходна думаць, як яе вырасціць. Дарэчы, рапс яшчэ называюць маленькім суперфасфатным заводам, бо ён абагачае пасля сябе глебу фосфарам. Дзякуючы развітой каранёвай сістэме  расліна здабывае і пераўтварае яго з цяжкадаступных формаў у глебе. Сёння навукоўцы прапануюць сельгаспрадпрыемствам звыш ста сартоў і гібрыдаў азімага рапсу. Былі названы самыя перспектыўныя і марозаўстойлівыя. Рапс неабходна сеяць у вызначаныя тэрміны, а іменна ўкласціся да 23 жніўня. Зрабіць так – значыць, у два разы вышэйшы ўраджай сабраць. А ўпусціш час – ураджайнасць не вернеш ніякімі агратэхнічнымі прыёмамі. Ушчыльную неабходна займацца і азімай свірэпіцай. Тэхналогія яе вырошчвання даволі простая, высяваецца гэтая кармавая культура на лёгкіх землях.

Аб асноўных прыёмах апрацоўкі глебы і настройках агрэгатаў расказаў кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі. Ён падкрэсліў, што рапс любіць глыбокую апрацоўку глебы. У гаспадарках жа цяпер гэта правіла не выконваецца, бо няма належнага кантролю з боку спецыялістаў. Тэхналогія аддадзена, так бы мовіць, на «откуп» механізатарам. Калі чалавек сумленны і, да таго ж, вопытны, то ён пастараецца зрабіць усё як трэба. Але часта ворыва праводзіцца з парушэннямі. Да таго ж, плугі як след не адрэгуляваны і глыбіня загортвання насення не аднолькавая, а значыць і ўсходы будуць нядружныя. Менавіта на рэгуліроўцы ўсіх агрэгатаў Якавам Усцінавічам зроблены асаблівы акцэнт. Пасля лекцыі ўдзельнікі семінара выехалі на поле, дзе была пастаўлена тэхніка, якая прымяняецца пры вырошчванні рапсу і іншых сельскагаспадарчых культу. І на свае вочы пабачылі пралікі, якія дапускаюцца падчас апрацоўкі глебы, калі агрэгаты як след не адрэгуляваны. І адначасова плюсы, калі тэхніка настроена правільна.

Як падкрэсліў Віталій Грышанаў, ворыва і сапраўды ў гаспадарках вобласці жадае быць лепшым. Пастаўлена задача, каб у кожным сельгаспрадпрыемстве было два механізатары, якія ўмеюць араць глебу, і толькі яны павінны быць пастаянна задзейнічаны на гэтай аперацыі круглы сезон. Інакш немагчыма будзе дабівацца высокіх паказчыкаў у раслінаводстве.

У рабоце семінара бралі ўдзел старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень, галоўныя аграномы гаспадарак раёна.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>