Пачым памідорчыкі?

Filed under: Людзі і лёсы,Нумары |

Новасвяржанін Мікалай Баўдзей прапануе людзям свой вітамінны тавар, пры гэтым упэўнены ў яго экалагічнай чысціні.

Вырашчаныя сваімі рукамі на ўласным агародзе агуркі, памідоры, капуста, цыбуля, бульба і т. п. – сезонная прадукцыя, якая ў агародніка не затрымліваецца. Гандлёвыя месцы, выдзеленыя сельвыканкамам, – у цэнтры Новага Свержаня. Пляцоўка дастаткова бойкая. Да агародніка падыходзяць мясцовыя жыхары і дачнікі, спыняецца праезджы транспарт. 

– Да канца дня прадам кілаграмаў 20 памідораў, 5-7 кг агуркоў. Пра бульбу пытаюць – можна і цэлы мех рэалізаваць. Ды і астатняе разыдзецца, – упэўнены ў сваім прагнозе Мікалай Баўдзей. У яго асартыменце яшчэ – капуста, зялёная цыбуля і салатная, чырвоныя буракі, баклажаны.

Найбольшым попытам карыстаюцца памідоры. «Не першы раз раблю ў яго пакупкі, задаволена смакам гародніны», – дзеліцца новасвяржанка Ларыса Аляксандраўна. Памідоры, відавочна, не аднаго сорту, бо адрозніваюцца паміж сабою колерам, памерам і нават формай. Гаспадар знаёміць з сартамі: «ікарус», «ляна», «слава пераможцам», «калгасніца», «маркоўныя».  «Мне вядома каля 50-ці відаў, – гаворыць Мікалай, – хаця ў прыродзе іх значна больш. Яны бываюць раннімі, сярэднімі і позняспелымі. Памідоры можна мець і да Новага года, калі абаграваць цяпліцу».

У Мікалая Баўдзея тры цяпліцы з абагрэвам – дзве арачныя і адна самаробная значных памераў. Свой агарод складае 16 сотак, больш за 20 сотак апрацоўваецца на цешчыным участку. А ён знаходзіцца недалёка, праз вуліцу. 

– Баўдзеі жывуць звычайна дзе? У Свержані! – пытаецца і адначасова адказвае мясцовы агароднік. – А свержанскія Баўдзеі заўсёды займаліся агародніцтвам. У мяне гэта ў генах. Бабка мая займалася, потым маці. Раней аддавалі перавагу расадзе капусты. Аднак сусед наш, татарын па нацыянальнасці, вырошчваў агуркі. Ад яго і пайшло. У нас амаль уся вуліца Румовая зарабляла на расадзе, на агародзе.

– Зразумела, у першую чаргу агарод з’яўляецца фінансавай падтрымкай для сям’і.

– Як кажа мая цешча, калі сезон ужо заканчваецца, «хай гэта работа лясне», але прыходзіць вясна, і тады «цяпку» ў рукі і – за работу. Гэта ўжо лад жыцця. Я працую вартаўніком у школе. Вольны час маю. Трэба нечым займацца яшчэ, каб пражыць. Як там у народзе кажуць? На Бога спадзявайся, але і сам завіхайся. Калі ўраджай добры, то і заробак ёсць.

– Хто дапамагае вам у гэтай справе?

– У нас яна сямейная. Займаемся мы з жонкай Ганнай Мікалаеўнай. Яна ўжо год як на пенсіі і яшчэ працягвае выкладаць у школе працоўнае навучанне. І дачка Вольга ў нас – настаўніца,  таксама дапамагае, асабліва летам, падчас водпуску. Яна эксперыментуе з экзотамі – дынямі, кавунамі. Так, для сябе, і, між іншым, культуры гэтыя добра выспяваюць у адкрытым грунце. А сын – праграміст, ён больш па прафесіі працуе. 

– З ранняй вясны вы гандлюеце расадай. У вас, можна сказаць, наладжаны замкнёны вытворчы цыкл – ад расады да збору ўраджаю?

– Так, з вясны – расада, потым – ураджай. Ён экалагічна чысты. У нас агарод выходзіць акурат да Жацераўкі, таму паліваем пасадкі рачной вадой. Мінеральных угнаенняў не даём. Уносім толькі арганічныя. 

– Гэта і ёсць сакрэт вашых ураджаяў памідораў, таго, што вы гандлюеце імі усё лета?

– Сакрэтаў няма. Усё трэба зрабіць своечасова, прыкласці рукі да кожнай расліны. Кожнай трэба пакланіцца. Мы рана пачынаем працаваць над гэтым ураджаем. Звычайна, высяваем расаду ўжо ў пачатку лютага. Сеем памідоры, капусту, перац, баклажаны, кабачкі. Усё добра разыходзіцца на рынку. Збыт ляжыць на мне. Гандлюю цяпер у Свержані, Коласаве і, спадзяюся, будзе чым гандляваць да кастрычніка.

– Мікалай Міхайлавіч, вельмі мала сёння засталося такіх людзей, як вы, якія і на работу паспяваюць, і з натуральнай гаспадаркай возяцца, для якіх яна, як у нашых продкаў, служыць крыніцай сямейнага даходу. Як вы думаеце, чаму?

– Няпростая гэта справа, ды і сёння ўсё можна купіць у магазіне. Гэта мы разумеем, што нам трэба агародніцтва, але так думаюць не ўсе. Асабіста мне прыемна з’есці сваё, з градкі. У нас і дзве казы ёсць. Вунь яны, каля рэчкі, пасуцца. Малачко, тваражок – таксама свае. Дружна жывём, так жа дружна і працуем… 

Ад сябе дадам, што на рынку заўсёды хочацца набыць гародніну, садавіну дамашнюю і мясцовую, а не тую, якая прывезена невядома адкуль. За яе і лішнія дзве-тры тысячы не шкада пераплаціць. Хочацца, каб не перавяліся сярод нас такія шчырыя працаўнікі, як новасвяржане Ганна і Мікалай Баўдзеі.                                                 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

***

Чытайце ў газеце на 4-й старонцы:

РЫХТУЙ ДРОВЫ ЛЕТАМ – парада Ланы СВЯТЛІЦКАЙ спажыўцам цвёрдага паліва.

“ПРА ДАРЫ ЛЕСУ” – аб ўтрыманні радыенуклідаў у грыбах і ягадах расказвае Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіены РЦГіЭ.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>