Па-суседску, па-таварыску

Filed under: Грамадства,Нумары,Факты, падзеi, людзi |

vera
Нярэдка бывае так, што сацыяльнымі работнікамі фактычна можна назваць людзей, далёкіх ад сацыяльнай службы, даўно немаладых. Аднак яны нясуць іншым свой клопат і святло душы, нічога не патрабуючы ўзамен.
Адносіны гэтых людзей выглядаюць вельмі натуральнымі – як прыяцельскія, таварыскія, суседскія. У гэтым іх і чалавечая сутнасць, і невытлумачальны боскі сэнс.
…У дом да 85-гадовай удавы, ветэрана вайны Ніны Паўлоўскай заходзіць нярэдка яе пажылая суседка – Вера Кожыч. Калі з будзённымі клопатамі ёсць каму ўпраўляцца (тройчы на тыдзень прыходзіць сацыяльны работнік Ірына Емяльяненка, пра яе ў падапечнай – толькі цёплыя водгукі), то неабходна скрасіць адзіноту бабулі, якая ў апошнія гады, пасля перанесенага інсульту, рухаецца толькі па хаце, ды і то з цяжкасцю. Такі адкрыты і гаваркі чалавек як Вера Бярнардаўна – проста пасланнік Божы ў яе дом. Яна і не лічыць гэтыя сустрэчы за нейкую нагрузку, не прыпісвае сабе як заслугу, зусім проста тлумачыць: “Няхай гэта будзе мая ахвяра Богу. Я хачу, каб мая дачка была здаровай і дагледзела мяне, калі прыйдзе час”.
Ніна Паўлоўская прызнаецца, што розумам усведамляе – Бог ёсць на свеце, ён падарыў ёй шчаслівы лёс, але храм не наведвала. Працуючы ў ДАРМе, была сакратаром партыйнай арганізацыі. Выбіралі шэсць разоў дэпутатам раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў. Канешне, дапамагала розным людзям у розных сітуацыях. “Вера павінна быць у сэрцы”, – слушна разважае Ніна Сцяпанаўна. Адна з яе трох праўнукаў Віка, будучы па справах у Калінінградзе, прывезла блізкім аднолькавыя іконкі Ксеніі Пецярбургскай. Адна з іх – у рамцы з натуральнага каменю, упрыгожаная сонечным балтыйскім бурштынам, – заззяла і ў пакоі жанчыны. Напэўна, у жыцці выпадкова нічога не адбываецца, на ўсё ёсць промысел Усявышняга.
Ён і ў тым, што пажылая жанчына заяўляе з агеньчыкам у вачах: “Наша Беларуская чыгунка – самая надзейная”. Колькі гадоў прайшло, а дарогу ў яе дом не забываюць работнікі былога цяпер ДАРМа. Яны – своеасаблівая сацыяльная служба для свайго ветэрана вайны і працы.
– “Дармаўцы” бываюць у мамы шмат разоў на год – 9 Мая, 3 ліпеня, у Дзень пажылых людзей, у Дзень чыгуначніка. Заўсёды – не з пустымі рукамі. Калі неабходна ў доме што падрамантаваць – не адмаўляюць у дапамозе, – падказвае адзіная дачка Ніны Сцяпанаўны. Ала пражывае ў Мінску, ужо на пенсіі, але хварэе яе муж, таму прыходзіцца жыць між двума дамамі. Яна ў курсе ўсіх матуліных спраў.
Цесную сувязь з былым месцам працы ўзмацняюць і сустрэчы Ніны Сцяпанаўны са Станіславам Грывачэўскім. У ДАРМе яна працавала сакратаром, потым – у аддзеле кадраў, ён – дырэктарам. Пры сустрэчы гавораць – не нагаворацца, успамінаючы мінулае, абмяркоўваючы сучасны дзень свайго калектыву. Балазе, ветэранам-чыгуначнікам выпісваюць бясплатна ведамасную газету – “Чыгуначнік Беларусі”, і так – з году ў год. Па жыцці Ніна Паўлоўская і сама выпісвае не адно выданне. Каб магла чытаць, родныя купілі ёй нямецкую лупу. З маральнай падтрымкай і газетамі, якімі прызвычаіліся абменьвацца, заходзіць да Ніны Сцяпанаўны яе даўні знаёмы – Анатоль Ляшкоў.
Бабуля расказвае мне не толькі пра вагоннае дэпо (так называўся ДАРМ у 1944-м, калі іх з матуляй і сястрой немцы везлі з Бранска ў рабства, але ў Стоўбцах аказаўся разбомбленым пуць, прыйшлося асесці тут і, як аказалася, – на ўсё жыццё), але і пра самыя апошнія змены ў калектыве рамонтнікаў. ДАРМ ужо называецца інакш, ён далучаны да завода ў Пінску. Цяпер уяўляеце, з якой павагай ставяцца ў гэтым калектыве да сваіх былых работнікаў!
Акурат 9 Мая 1945-га, будучы ў дэпо на дзяжурстве, Ніна Сцяпанаўна пазнаёмілася са сваім мужам – слесарам-механікам інструментальнага цэха. Але яна шукала яшчэ аднаго мужчыну – свайго бацьку, які быў на фронце. На яе запыт з ваенкамата прыслалі сумны адказ – загінуў у баях за Варшаву…
– Мама мая пражыла 94 гады, мы з сястрой – Зінаідай Новікавай, ёй 88, – жывем у Стоўбцах недалёка адна ад другой, цяпер больш кантактуем па тэлефоне… Мой муж цаніў сваю сям’ю, любіў фатаграфаваць. 13 гадоў таму яго не стала, – расказвае Ніна Сцяпанаўна.
Неўзабаве пасля яго смерці жанчыну разбіў інсульт. Тэрытарыяльны цэнтр выдзеліў ёй інвалідную каляску, дапамагае ў іншых патрэбах. Не забывае раённы савет ветэранаў. Асобная размова – гэта клопаты блізкіх. У знак удзячнасці ім бабуля падрыхтавала навагоднія падарункі. Дабрыня – рэч узаемная: аддавай людзям і атрымаеш значна больш, чым аддаў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>