Безадходная стратэгія лесазавода

Filed under: Нумары,Прамысловасць |

РУВП «Навасвержанскі лесазавод», які ў мінулым годзе завяршыў мадэрнізацыю і ўвёў у эксплуатацыю сучасную лінію апрацоўкі драўніны, не спыняецца на дасягнутым, знаходзіцца ў пошуку перспектыўных напрамкаў дзейнасці. Не так даўно разам з Банкам развіцця вызначана стратэгія развіцця прадпрыемства.

Сутнасць яе заключаецца ў набыцці лініі аптымізацыі і зрошчвання, а таксама ў арганізацыі пелетнай вытворчасці.

– Усё разам гэта дазволіць выпусціць прадукцыю з дабаўленым коштам і выйсці на поўнасцю безадходную тэхналогію вытворчасці, – аналізуе праекты дырэктар прадпрыемства Васіль Дзейчык. І, каб выказванне не было галаслоўным, бярэ ў рукі некалькі кавалачкаў дошкі. Іх тут, дарэчы, нагружаны не адзін паддон. Васіль Сяргеевіч не хавае эмоцый: – Вось дзе крыецца наша дабаўленая вартасць! Пакуль гэтыя кавалачкі розных памераў лічацца адходамі вытворчасці, але ж, паглядзіце, якая гэта драўніна! Выдатнай якасці, апрацаваная, высушаная  ў сушыльнай камеры. З дапамогай лініі аптымізацыі і зрошчвання можна атрымліваць з іх натуральную і якасную клееную прадукцыю – плінтус, пліту і многае іншае. І такая прадукцыя карыстаецца ў спажыўцоў вялікім попытам.

Відавочна, што пры гаспадарскім падыходзе ўсё ідзе ў справу, і нават кожнаму віду адходаў знаходзіцца дастойнае прымяненне. Да прыкладу, сёння лесазавод поўнасцю ацяпляецца… звычайнай карой. Бясплатнае паліва. У кабінетах, цэхах, мехмайстэрні – камфортная для работы тэмпература. «Наша цяпло выходзіць на 40-50 працэнтаў танней, чым пры прымяненні іншых мясцовых відаў», – заўважае Васіль Дзейчык і, паказваючы запасы дроў, тэхсыравіны, за якія сёння на ўнутраным рынку выручыш няшмат, абагульняе сітуацыю: – Наспела пытанне вытворчасці з адходаў экспартнай прадукцыі – пелетаў». 

З рэсурсамі, што неабходны для набыцця лініі аптымізацыі і зрошчвання, лесазаводу паабяцаў патрымку Банк развіцця. Адносна пелетнай вытворчасці спецыялісты лесазавода рыхтуюць бізнес-план і прапрацоўваюць пытанне з інвестарамі, каб стварыць сумеснае прадпрыемства. Сярод замежных кампаній, якіх ужо пабывала на лесазаводзе не менш за два дзясяткі, ёсць нямала зацікаўленых узяць удзел у рэалізацыі пелетнага праекта. У снежні – студзені 2016 года лесазавод плануе аб’явіць тэндар на пакупку абсталявання для пелетнай вытворчасці, а бліжэй да лета 2016 года – увесці яго ў строй. Як гэта будзе ўвасабляцца на практыцы, пакажа час.

– Для рэалізацыі праекта ёсць усе неабходныя ўмовы, – падкрэслівае Васіль Дзейчык і пералічвае галоўныя вартасці: –  Добрая лагістыка (дзве чыгуначныя веткі на тэрыторыі завода плюс блізкасць аўтамагістралі М1/Е30, па якой гарантаваны перавозкі значных аб’ёмаў прадукцыі), наяўнасць свабоднага будынка – арачніка – для ўстаноўкі абсталявання. Немалаважную ролю адыгрываюць такія фактары, як танныя сыравіна і крыніца цяпла.

Нядаўна лесазавод закупіў літаральна з выстаўкі эксперыментальны ўзор расійскай машыны, якая ператварае нетаварную драўніну ў драніцу. На заводзе ўжо дзве такія машыны. Драніца, зразумела, паслужыць сыравінай для пелетнай вытворчасці. 

Сёння лесазавод, на якім працуюць 150 чалавек, трымае высокі тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці і рэалізуе на экспарт, на ўнутраны рынак запатрабаваныя віды прадукцыі лесапілення: блокхаўс, вагонку, дошку для падлогі, плінтус і т. п. Уся прадукцыя – высокай якасці. Трэба сказаць, што разам з новай лініяй на лесазаводзе ёсць работа і для старога ўчастка лесапілення. «Закрыць яго мы не можам, бо толькі на ім можна распілаваць тоўсты лес, дыяметрам 26-30 см і больш», – тлумачыць дырэктар.

Сярод заказчыкаў лесазавода значыцца апошнім часам і сялянская фермерская гаспадарка «Сула». Яна заказала кантэйнеры для захоўвання гародніны. Дырэктар паказвае ў цэху ўжо гатовыя кантэйнеры, падрыхтаваныя для адгрузкі. СФГ «Сула» таксама з’яўляецца экспартным прадпрыемствам, цесна супрацоўнічае з тымі, хто можа падтрымаць яе імідж.

Разам з перспектывамі ў лесазаводцаў пакрысе расце і заработная плата. Дырэктар задаволены: «Калектыў сфарміраваўся, людзі трымаюцца за сваю работу».      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>