Аднойчы ў каралеўстве Флорыі…

Filed under: Захапленні,Моладзь Стаўбцоўшчыны,Нумары |

На адной лясной палянцы цвіло мноства розных кветак. Яны былі настолькі прыгожыя, што ад іх немагчыма было адарваць вачэй. Нібы вясёлка ў блакітным небе, ззялі яны рознымі колерамі. Абапал палянкі раслі бярозкі, асінкі, хвоі і яліны. Яны былі быццам вартавыя, якія абаранялі кветкавую палянку сярод лесу. А над кветкамі ляталі і звінелі на розныя галасы пчолкі, стракозкі, мушкі і іншыя насякомыя. Па шаўковай траве бегалі  жучкі, мурашы. І кожны з іх быў заняты сваёй справай. Гэта былі жыхары казачнага кветкавага каралеўства Флорыя, дзе каралевай была фея Флора. Заўсёды маладая, заўсёды прыгожая, яна сама, нібы тая кветка, упрыгожвала сабою каралеўства. Яе ласкавы голас звінеў, нібы крынічка. А на прыгожым  і румяным твары свяцілася шчырая ўсмешка. Яе зялёная сукенка мякка струменілася на тонкім і грацыёзным стане.   Гэта была мудрая і справядлівая каралева. Яна падтрымлівала парадак і спакой, прыгажосць і дабрабыт  у сваім каралеўстве. Дружна і зладжана жылі  фларыянцы. Умелі на карысць сабе працаваць і весела адпачываць сярод прыгожых кветак.

Але аднойчы на паляну прыйшлі страшныя веліканы-варвары. Яны тапталі кветкі, ірвалі прыгожыя бутончыкі і кідалі іх на траву. З вялізнай жалезнай  скрыні, якую варвары ўсталявалі пасярод палянкі, грымела страшная музыка. Ад гэтай музыкі трэслася зямля, а ў маленькіх жыхароў Флорыі закладвала вушы.

Ад такога страшнага вэрлаху жучкі пахаваліся ў норкі, мурашы спяшаліся ў мурашнік, павучкі сплялі пад лісцікамі павуцінкі і прытаіліся ад страху. Перапалоханыя стракозкі, пчолкі і мушкі кружыліся над кветачкамі і не ведалі, дзе схавацца ад веліканаў.

А затым здарылася наогул неверагоднае: пасярод кветкавай палянкі веліканы-варвары распалілі вогнішча. Пякучыя языкі полымя злізвалі усё жывое на палянцы, а едкі дым сляпіў вочкі і не даваў дыхаць  маленькім жыхарам Флорыі.

Гэтае страшэннае нашэсце здарылася так раптоўна, што застала казачнае каралеўства знянацку. Разгубіліся фларыянцы, не ведалі, як ратаваца. Але вось на палянцы з’явілася сама фея Флора і адразу пачала ратаваць сваё каралеўства. Яна шапнула Ветру, каб той папрасіў Хмарку праліцца на палянцы дажджом. Камары, мушкі і пчолкі па загадзе Флоры дружным гуртам накінуліся на веліканаў і пачалі іх джаліць, мурашы сталі пякуча кусацца, а жучкі непрыемна казытаць няпрошаных гасцей.

Спалохаліся варвары і кінуліся ўцякаць з палянкі.

Хмарка пралілася над Флорыяй дажджом і патушыла агонь.

Шмат жыхароў каралеўства загінула ад нашэсця веліканаў. А пасярод прыгожай палянкі чарнела страшная выгараная пляма.

Пагаравалі маленькія фларыянцы і дружна ўзяліся за работу. Мурашы з жучкамі прыбіралі палянку ад смецця. Крылатыя насякомыя насілі насенне розных траў і кветачак ды разам з Флорай засявалі параненую палянку. Хмарка палівала дожджыкам, каб хутчэй прарасло насенне. Сонейка грэла і песціла ўсходы.  І хутка палянка сярод лесу ізноў заззяла рознакаляровымі кветкамі. А фларыянцы  дружна і весела зажылі ў сваім казачным каралеўстве.

Алёна КАЛКОЎСКАЯ, вучаніца Шашкоўскай СШ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>