Сэнс жыцця

Filed under: Жаночы клуб,Нумары,Соцыум |

Мне хацелася б выказаць прызнанне і ўдзячнасць усім, у каго знайшоў водгук артыкул «Сакрэты шчасця», размешчаны ў № 82 «Праменя»  за 31 кастрычніка. Вашы водгукі пацвярджаюць: кожны марыць аб сваім шчасці, разважае аб жыцці, перыядычна падводзіць вынікі, наколькі яно ўдалося. Многіх непакояць пытанні: ці магчыма вырашэнне праблем, якія наспелі? Як можна знайсці выхад са складанай сітуацыі? Прапануем вам універсальныя рэцэпты, якія паляпшаюць душэўны стан.

У папярэдняй нашай гутарцы ў праекце «Жаночы клуб» мы вялі размову аб тым, што любыя жаданні чалавека зводзяцца да дасягнення двух галоўных мэтаў жыцця: поспеху і шчасця. Мы імкнёмся да знешніх дасягненняў (здароўя, сям’і, кар’еры, фінансаў і т. п.), пры гэтым чакаючы ўнутранай  радасці і гармоніі. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы захоўваем натуральныя законы быцця, Богам устаноўленыя, яны такія ж рэальныя, нязменныя і бясспрэчныя, як закон сусветнага прыцягнення ў фізіцы: што вылучаем – тое і атрымліваем. Нам неабходна зразумець, што навакольны свет – вучэбны клас, і праблемы, якія прыходзяць у наша жыццё, – гэта ўрокі. Пастаянныя негатыўныя падзеі адыходзяць толькі ў тым выпадку, калі мы ўмеем гэтыя ўрокі распазнаваць і знаходзіць у іх сэнс. Калі наша жыццё пакуль яшчэ рана назваць паспяховым і шчаслівым, то пры больш пільным аналізе можна заўважыць, што перыядычна нас суправаджаюць аналагічныя сітуацыі. Паразважайце і, магчыма,  вы знойдзеце ў сваім жыцці гэтыя дзве-тры сітуацыі, якія паўтараюцца. Яны могуць быць звязаны з асабістымі аносінамі, работай, грашыма і т. п. Задайце сабе пытанне: што ў іх адбываецца? Вельмі часта ад псіхолага на кансультацыі чакаюць парад, нейкай чароўнай пілюлі ад праблемы.

Напрыклад, у бацькоў не складваюцца адносіны з дачкою-старшакласніцай: крыўды, канфлікты, узаемныя прэтэнзіі. Можна колькі заўгодна прымаць розныя правільныя тэхнікі зносін, праблему гэта не вырашыць. У такіх адносінах няма даверу, пачуцця ўпэўненасці і надзейнасці. Калі бацькам уласціва заводзіцца з «паўабарота», раздражняцца, абрываць дачку на паўслове, крытыкаваць учынкі, пагражаць, ці ёсць тады надзея на разуменне ў такім выпадку? Я б парэкамендавала маме пазнаёміцца з творам Ю. Гіпенрэйтар «Общаться с ребенком. Как?». А таксама задумацца: чаму вучыць гэтая сітуацыя? У чым яе сэнс? Яна заклікае ўсіх змяніцца. Вырашыць праблему можна толькі паўплываўшы на яе прычыну. Няхай кожны пачне з сябе, са сваіх паводзін, характару, матываў. Калі вы хочаце мець добрыя адносіны са сваім дзіцем-падлеткам, то павінны стаць бацькамі, якія любяць, разумеюць, выказваюць спачуванне, якія ўмеюць быць паслядоўнымі і ўважлівымі. Калі хочаце мець больш свабоды ў сваёй рабоце, будзьце больш адказным, больш карысным працаўніком, гатовым дапамагчы іншым. Калі хочаце, каб шлюб быў шчаслівы, вылучайце самі пазітыўную энергію, праяўляйце клопат і любоў. Калі хочаце, каб вам не лгалі, самі будзьце чалавекам, якому можна сказаць праўду. Калі хочаце, каб вам верылі, будзьце дастойныя даверу і давярайце самі.

Рэцэпт 1. Давярайце Промыслу Божаму. Кожны новы дзень пагружае нас у рашэнне пэўных дробных і сур’ёзных задач, на якія мы адклікаемся рознымі эмоцыямі. Часта мы ўнутрана пратэстуем супраць таго, што адбываецца, крыўдзімся на чалавека, які прынёс непрыемнасці, на свой лёс. Вось толькі жыццё, якое падкідае праблемы (хваробу, страту грошай, канфлікты дома і на рабоце), заўсёды навучае, дорыць нам магчымасці, якія распазнаеш не адразу. Падзялюся сваім асабістым урокам. Гэтая гісторыя адбылася даўно. Восеньскай раніцай, дабіраючыся на аўтобусе з цэнтра Мінска ў пасёлак Бараўляны, я пачула расказ, які на ўсё жыццё пакінуў адбітак на маім успрыняцці праблемных сітуацый. Маёй спадарожніцай аказалася прыемная жанчына сярэдніх гадоў. Адразу мы ехалі моўчкі, я лавіла погляд яе сумных і добрых вачэй. Быццам мы даўно знаёмыя, жанчына паведаміла мне сваю гісторыю. Яна жыла ў прыватным доме. Дзеці часта прыязджалі ў госці. Аднойчы дачка з зяцем, ад’язджаючы па важных справах, даручылі ёй паняньчыцца з двухгадовым унукам. Яна не заўважыла, як малы выскачыў з дома і з усяго маху, не зарыентаваўшыся, зваліўся з ганка. Вынік: моцны сполах, удары і пералом двух рэбраў. Яе ніхто не папракнуў, аднак уявіце, якім вялікім было ў яе пачуццё віны і душэўнага болю. Урачы, якія праводзілі абследаванне траўміраванага хлопчыка, выявілі падазроны ачаг на лёгкіх. У будучым яму пацвердзілі анкалогію І ступені і сказалі бацькам, што толькі шчаслівы выпадак з пераломам дапамог распазнаць хваробу на ранняй ступені. Малога паспяхова пралячылі.

Бывае, што сэнс жыццёвага ўрока мы зможам зразумець праз многа гадоў. Таму прымайце жыццё такім, якім яно ёсць.

Рэцэпт 2. Паляпшайце характар. Ва ўсіх шмат агульнага, і пры гэтым мы ўсе розныя. Па-рознаму думаем, адчуваем, разумеем рэальнасць, ацэньваем тое, што адбываецца, і вядзём сябе, зыходзячы з уласнага жыццёвага вопыту. Кожны з нас схільны лічыць, што бачыць падзеі такімі, якія яны ёсць у сапраўднасці, г. зн. – «правільна» бачыць. Аднак мы бачым свет не такім, які ён ёсць, а такім, якія мы самі. Гэта не значыць, што фактаў не існуе зусім. Аднак, калі мы пачынаем мяняцца ў лепшы бок, паляпшаць свой характар, то праблемныя сітуацыі ці вырашаюцца цалкам, ці, калі і застаюцца, то па-іншаму ўспрымаюцца намі. Нават адзін і той жа чалавек можа за кароткі прамежак часу змяніць сваё ўспрыманне чаго-небудзь.  Прывяду прыклад з кнігі Стывена Р. Кові «7 навыкаў высокаэфектыўных людзей». «У вагоне метро было ціха і спакойна. Пасажыры сядзелі на сваіх месцах – хтосьці чытаў газету, хтосьці думаў аб нечым сваім, хтосьці, прыкрыўшы векі, адпачываў. Раптам у вагон зайшоў мужчына з дзецьмі. Дзеці гучна крычалі, сваволілі – атмасфера моцна змянілася. Мужчына апусціўся ў крэсла і закрыў вочы, яўна не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца навокал. Дзеці шумелі, насіліся туды-сюды, нечым кідаліся. Я адчуў раздражненне. Цяжка было паверыць, што чалавек можа быць такім бяздушным, робячы выгляд, што нічога не адбываецца. Усе пасажыры адчулі незадаволенасць. У рэшце рэшт я павярнуўся да гэтага чалавека і сказаў, як мне здавалася спакойна і стрымана: «Паслухайце, вашы дзеці дастаўляюць непакой столькім люзям! Не маглі б вы заклікаць іх да парадку!» Чалавек паглядзеў на мяне і ціха сказаў: «Вы маеце рацыю. Напэўна, патрэбна нешта зрабіць… Мы толькі што з бальніцы, дзе гадзіну назад памерла іх маці. Яны таксама не ў сабе пасля ўсяго гэтага». Уявіце, што я адчуваў у гэтую хвіліну. Маё сэрца было перапоўнена глыбокім спачуваннем. Усё змянілася ў адно імгненне. Можна патраціць тыдні, месяцы і нават гады, вырашаючы складаную сітуацыю, аднак нават і блізка не падысці да тых перамен, якія адбываюцца самі сабою, калі мы пачынаем усё інакш успрымаць, разумець мэту пастаўленай жыццём задачы і замест раздражнёнасці і крыўды адчуць удзячнасць. «Я скардзіўся Богу на свае цесныя чаравікі, пакуль Ён не паказаў мне чалавека, які не мае ног». Пачынаючы з адказных паводзін да выбару нашых рэакцый на сітуацыю (не помсціць, не зводзіць рахункі), мы развіваемся да больш высокага ўзроўню, калі здольныя дараваць і прасіць даравання, і, нарэшце, набываем здольнасць ні на кога не крыўдзіцца. Таму ніколі не будзе як нам хочацца, паколькі законы рэальнасці імкнуцца выконваць жаданні кожнага чалавека. Дзякуй усім, хто далучыўся сёння да нашай размовы. Шчасця вам і жыцця з дастойным сэнсам!

Тых, каго цікавяць гэтыя тэмы, хто хоча глыбей у іх разабрацца, запрашаю на адукацыйныя семінары і разавыя адукацыйныя кансультацыі «Мамінай школы», якая працуе з 2013 года. Асаблівае месца займаюць урокі мацярынства для цяжарных жанчын. Запісацца на заняткі, а таксама задаць свае пытанні можна па тэлефоне 8-029-353-60-95. Пытанні і прапановы можна прыслаць па электроннай пошце radezia@mail.ru  ці на адрас рэдакцыі.

Да новых сустрэч на старонках «Праменя»!

Таццяна ДУДЗЬКО, практычны псіхолаг, кіраўнік адукацыйных курсаў «Маміна школа»

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>