Паўвекавая біяграфія торфабрыкетнага

Filed under: Нумары,Прамысловасць |

На фінішы 2015 года адсвяткавала свой 50-гадовы юбілей ААТ «ТБЗ «Нёман». 17 снежня 1965 года Саветам Міністраў БССР было прынята рашэнне аб заснаванні завода. Будаваўся ён непадалёку ад Шашкоў шпаркімі тэмпамі, і ўжо ў лютым 1968 года была выпушчана першая прадукцыя. Запатрабаванасць яе заўсёды была высокай – старажылы сцвярджаюць, што ў савецкі час чарга за брыкетам цягнулася аж да самай Гуменаўшчыны, – таму ў паўвекавым летапісе  «нёманцаў» значыцца нямала рэкордаў па датэрміновым выкананні заданняў пяцігодак, а шасцёра яго працаўнікоў сталі ардэнаносцамі. Сярод іх асабліва вылучаецца Аляксандр Шэх, уладальнік ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаля «За доблесную працу».

Сёння тарфяная вытворчасць служыць не менш важным дзяржаўным інтарэсам. Мясцовыя віды паліва набываюць усё большае значэнне ў энергетычнай бяспецы рэспублікі, становяцца надзённым хлебам энергетыкі. Доля іх у агульным балансе складае 15 працэнтаў. Торф і брыкеты маюць шырокае прызначэнне: выкарыстоўваюцца як насельніцтвам, так і ў кацельнях і на цеплавых электрастанцыях, а таксама ў сельскай гаспадарцы.

За паўстагоддзя заводам здабыта 6 мільёнаў 377 тысяч тон фрэзернага торфу, выраблена 2 мільёны 124 тысячы тон паліўных брыкетаў. У кожнай брыкецінцы – часцінка цяпла работнікаў торфапрадпрыемства, пры тым, што «нёманскі» торф асабліва славіцца сваімі цеплатворнымі ўласцівасцямі. У гэтым годзе, як адзначыў дырэктар Міхаіл Камейша, у завода з’явілася новая перспектыва – на былых сельскагаспадарчых угоддзях ААТ «Шашкі» і «Дзераўное» дадаткова выдзелена 225 гектараў зямель для здабычы фрэзернага торфу. Запасаў сыравіны хопіць як мінімум на бліжэйшыя 25-30 гадоў дзейнасці. Акрамя таго, ва ўрочышчы Тонава і Вялікіх Навіках у завода ёсць так званыя кампенсатары. Значныя запасы торфу сведчаць пра будучае завода. На ім вядзецца актыўнае ўкараненне сучаснага энергазберагальнага абсталявання і тэхнікі.

Нягледзячы на тэхнічныя навінкі, праца тарфянікаў застаецца нялёгкай, залежнай у многім ад умоў надвор’я. У сувязі з газіфікацыяй населеных пунктаў (нельга не ўлічваць і глабальнае пацяпленне) на рытмічнасць работы завода значна ўплываюць сёння пытанні збыту прадукцыі. «Нёманскімі» торфабрыкетамі  абаграваюцца спажыўцы сямі раёнаў Мінскай вобласці. Вытворцы мараць і пра замежныя рынкі збыту, для чаго размясцілі інфармацыю аб сваёй прадукцыі на міжнародным сайце. Да яе ўжо ёсць пэўная зацікаўленасць. У гісторыі завода, як і ў цэлым галіны, былі ўзлёты і падзенні, а з 2000-х гадоў, калі тарфяная прамысловасць увайшла ў склад Міністэрства энергетыкі, была распрацавана дзяржпраграма «Торф», пачаўся перыяд яе аднаўлення і мадэрнізацыі.   

На торфабрыкетным заводзе «Нёман» сёння шчыруюць 102 чалавекі. Тут ёсць нямала працоўных дынастый, такіх, напрыклад, як сем’і Стонькаў, Круглінскіх, Чабай, Рагозаў, Шацілаў, Кутасаў і інш. У свой час для торфабрыкетчыкаў быў пабудаваны жылы пасёлак Нёман (ён і сёння знаходзіцца на балансе завода) з усімі аб’ектамі сацкультбыту – школай, дзіцячым садком, амбулаторыяй, Домам культуры. З гэтымі ўстановамі завод падтрымлівае цесныя і плённыя партнёрскія адносіны. Як сведчанне таму, работнікі Шашкоўскага Дома культуры наладзілі для завадчан  цудоўнае свята з нагоды 50-гадовага юбілею.

Адкрыў свята завадскі хор – адметнасць і гонар завода, дзе, відавочна,  кіпіць не толькі вытворчае, а і грамадскае жыццё, работа і творчасць ідуць побач. Песню для хору напісаў ветэран завода, яго былы галоўны энергетык Франц Дзям’янка. На свяце ён жа выступаў салістам. У святочна прыбранай зале, дзе яблыку не было дзе ўпасці, сабраліся дружны калектыў і ветэраны працы, прыехалі госці – прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз», райвыканкама, абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў энергетыкі, электратэхнічнай і паліўнай прамысловасці, калегі з торфапрадпрыемстваў. Прыйшлі падзяліць з торфабрыкетчыкамі юбілейную радасць іх самыя блізкія партнёры і сябры – кіраўнікі Шашкоўскага сельвыканкама і раённай арганізацыі КПБ, тутэйшых школы  і дзіцячага садка, лясніцтва, ААТ «Шашкі».    

…З экрана замільгалі будні торфабрыкетчыкаў. Фільм, як заўважалі многія выступоўцы, зняты з любоўю да тых, хто здабывае торф у полі, вырабляе ў цэху торфабрыкеты, думае над абнаўленнем завода. Многія працаўнікі за шматгадовую і плённую працу былі адзначаны граматамі і падзякамі, у тым ліку Міністэрства энергетыкі і ДВА «Белпалівагаз». Сярод іх – кантралёр Алена Камейша, транспарцёршчыца Тамара Матусевіч, вадзіцель пагрузчыка Міхаіл Кутас, электраманцёр Аляксандр Рослік, саставіцель паяздоў Баляслаў Янкоўскі, машыніст экскаватара Віктар Чабай, машыніст машыны на здабычы торфу Генадзь Кураш, машыніст цеплавоза Баляслаў Рослік, вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Швец, машыніст-качагар кацельні брыкетнага цэха Юрый Янкоўскі. Старшыні прафсаюзнага камітэта Віктару Якаўлеву ўручаны нагрудны знак «За ўклад у развіццё галіновага прафсаюза» і, пры ўзнагароджанні яго Ганаровай граматай райвыканкама, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч адзначыла Віктара Анатольевіча як аднаго з самых моцных эканамістаў раёна. Старшыня ААТ «Шашкі» Валерый Ільюшэнка падзякаваў дырэкцыі завода за падтрымку і добрасуседскія адносіны і, карыстаючыся выпадкам, уручыў падзякі механізатарам завода – Генадзю Курашу, Уладзіміру Кутасу і Аляксею Новіку, якія аказваюць дапамогу гаспадарцы пры правядзенні масавых палявых работ.

Узнагароджаных і ўшанаваных торфабрыкетчыкаў было значна больш, але назваць іх усіх не дазваляе газетная плошча. Заводу-юбіляру ўручана шмат падарункаў, адзін з іх – ад ДВА «Белпалівагаз» – трактар МТЗ-1221, набыты за кошт інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі. 

Свята дапоўнілі ўзорны харэаграфічны калектыў «Лявоначкі» (мастацкі кіраўнік – Людміла Несцярук) і самадзейны артыст, работнік завода Мікалай Канапацкі, а таксама зоркі беларускай эстрады – Ніка і Уладзімір Ухцінскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>