У гасцях у сям’і Васільевых

Filed under: Нумары,Сям'я |

Год назад у нашым раёне быў адкрыты першы дзіцячы дом сямейнага тыпу. Ён размешчаны ў Стоўбцах на вуліцы паўночнага мікрараёна райцэнтра з прыгожай назвай Бярозавая. Згоду на прапанову органаў дзяржаўнай апекі засяліць дом дала прыёмная cям’я з багатым вопытам – Аляксандр і Кацярына Васільевы. Ім таксама прыйшлося перажыць унутраныя хваляванні, каб пакінуць свой уласны дом у Драздах і перасяліцца ў Стоўбцы. Дом сямейнага тыпу з’яўляецца дзяржаўнай установай, і яны жывуць тут, пакуль з’яўляюцца супрацоўнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

У сям’і Васільевых шасцёра сваіх дзяцей, яны ўжо ўсе дарослыя. Трое маюць свае сем’і і парадавалі бацькоў нараджэннем унукаў – іх у Васільевых трое. Малодшаму сыну 22 гады, у будаўнічым каледжы ён атрымлівае чатыры запатрабаваныя на рынку працы будаўнічыя спецыяльнасці. Аднаго хлопчыка з трох братоў, якія выхоўваюцца ў сям’і, Васільевы ўсынавілі, яму было тады сем месяцаў, цяпер ужо – дзесяць гадоў. Васільевы выхоўваюць шэсць сацыяльных сірот – пяць хлопчыкаў і васьмігадовую дзяўчынку.  Хоць, па сутнасці, яны маюць клопат пра семярых. Адзін з юнакоў цяпер з’яўляецца навучэнцам абласнога ліцэя ў Дзяржынску, атрымлівае спецыяльнасць повара-кандытара. Васільевы аформілі на яго патранатную апеку. На выхадныя дні Арцём прыязджае да іх. Для яго гэта родны дом –  тут ёсць сваё месца, хапае яму ўвагі, клопату, ласкі і такой незаменнай бацькоўскай любові.

З выхаванцаў – трое родных братоў (адзін з іх усыноўлены), двое родных братоў і яшчэ двое родных братоў і дзяўчынка. Кацярына Рыгораўна гаворыць, што ў сям’і ўсе ў чаканні вялікай радасці – маці дваіх хлопчыкаў аднаўляецца ў бацькоўскіх правах. Чакаецца, што двое дзетак хутка пераедуць дамоў.

Нам расказваюць, што для дзяцей іх мамы – самыя дарагія, яны ніколі не трымаюць на іх крыўды, наадварот, некаторыя самі адчуваюць віну перад імі, што не жывуць разам. Таму Васільевы ў справе выхавання прыёмных дзяцей праводзяць вялікую работу з кроўнымі бацькамі, зацікаўлены ў тым, каб яны сустракаліся з дзецьмі. Малым не трэба ніякіх падарункаў – ім так важна ўбачыць сваю маму. Васільевым ёсць дзе прыняць бацькоў. Новы дом сямейнага тыпу выдатнай планіроўкі. Ёсць пакоі для дзяцей, вялікая кухня з тэрасай, гасцінным абедзенным сталом. У прасторнай гасцінай усе вельмі любяць праводзіць час. Спецыялісты службы аховы дзяцінства Алена Гамза і Кацярына Міхнавец гавораць, што ў сям’і Васільевых вельмі цёпла і гасцінна, і самі яны любяць сюды прыязджаць. У сваю чаргу Аляксандр і Кацярына Васільевы вялікую ўдзячнасць выказваюць спецыялістам службы аховы дзяцінства. У любых жыццёвых сітуацыях у першую чаргу прыёмныя бацькі шукаюць іх парады, падтрымкі. І ўдзячныя ім не толькі за ўмелае метадычнае кіраванне, але і за арганізаваныя сумесныя святы. Як на Дзень маці ў гэтым годзе – выехалі ўсе разам на пікнік на прыроду.

Ці трэба гаварыць, што стаць прыёмнымі бацькамі могуць выбраныя ў Бога людзі, з асаблівым складам душы і сэрца. Вялікая сям’я для Васільевых – спадчынная асаблівасць. Бабуля Кацярыны Рыгораўны па бацькавай лініі нарадзіла 19 дзяцей. Імкнуцца падтрымаць сям’ю Васільевых і бацькі Аляксандра Анатольевіча, якія жывуць у Смаленскай вобласці. Яны адобрылі імкненне сям’і сына ўзяць прыёмных дзяцей, мудра разважыўшы: «Сваіх пагадавалі і гэтых на ногі паставіце». Бацька Аляксандра Анатольевіча вельмі добры па сваім характары. Як надараецца магчымасць, Васільевы  адпраўляюцца ў дарогу ў Смаленскую вобласць з прыёмнымі дзецьмі. Дзядуля і бабуля шчодрыя, ім ужо за 80 гадоў. Яны прынялі ў свае сэрцы прыёмных дзяцей, як родных.

Патрэбна зрабіць яшчэ адзін важны акцэнт адносна сям’і Васільевых. Адзначыць ролю бацькі ў гэтай сям’і. Аляксандр Анатольевіч унаследаў ад свайго бацькі такую ж дабрыню. Усе дзеці яго вельмі-вельмі любяць. Аляксандр Васільеў на паўстаўкі працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму  і з’яўляецца ахоўнікам філіяла Гарадзейскага цукровага завода. Уладзімір і Кацярына Васільевы – працавітыя людзі. Не першы год займаюцца парнікамі. Дзяцей умела прывучаюць да працы. Гэта для іх не цяжар, а задавальненне і радасць. Бацькі ўмеюць прыкмеціць таленты кожнага, заўважыць поспехі, падтрымаць, падхваліць. Вельмі рады за васьмікласніка  Віталія. Ён з’яўляцца членам раённай лёгкаатлетычнай каманды. На здымку ён з медалём, які атрымаў на Нацыянальным фестывалі па лёгкай атлетыцы. Юнак мае шырокі кругагляд.  Вельмі добра малюе. Бацькі хацелі б развіць і гэты яго талент. Аднак заняткі спортам патрабуюць частых трэніровак у спартыўнай школе, і ў юнака застаецца няшмат часу. Нас пазнаёмілі з поспехамі ўсіх дзетак. Большая палова з іх займаецца ў малодшых класах. Старэйшыя дапамагаюць малодшым, асабліва па англійскай мове, бо бацькі яе не вывучалі. Прыёмныя бацькі з удзячнасцю гавораць пра настаўнікаў Анжаліку Смірнову, Ганну Бутрымовіч, іншых педагогаў СШ № 3 г. Стоўбцы, якія таксама ўкладваюць душу і дапамагаюць ім у справе выхавання і навучання прыёмных дзяцей.

У гэтыя перадражджэственскія дні ў сям’і Васільевых дружная і светлая атмасфера. Кацярына Рыгораўна – майстар на ўсе рукі. Яны выдатна вяжа кручком і на прутках, вышывае. Віталій робіць прыгожыя мастацкія рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гэтаму ён навучыўся ў Старасвержанскай школе, калі жылі яшчэ ў Драздах. У роднае гняздзечка заўсёды спяшаюцца дзве незамужнія дачкі і сын Аляксандра Анатольевіча і  Кацярыны Рыгораўны, дзеці так рады сустрэчы з імі. Шчаслівыя мінуты, калі вялікая дружная сям’я ў зборы. Так што свята будзе афарбавана любоўю адзін да аднаго, упрыгажэннямі, зробленымі сваімі рукамі, атмасферай сумеснай творчасці і радасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ІЛЬГОТНЫ КРЭДЫТ І ШЧАСЛІВАЕ НАВАСЕЛЛЕ

У адыходзячым годзе 163 жыхары райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў раёна з дапамогай ільготнага крэдыту значна палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Асаблівым попытам карыстаецца такі крэдыт у сельскіх жыхароў, а найбольшую актыўнасць у яго набыцці праявілі сёлета жыхары Куля.

– Калі праязджаеш па вёсках, бачыш, як змяняецца іх выгляд, як старыя дамы набываюць другое жыццё. Кардынальна пераўтвараецца пасля рамонтаў і іх унутраны дызайн, інфраструктура, – заўважае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Юнцэвіч, якая па доўгу службы выязджае да крэдытаатрымальнікаў і кантралюе выкарыстанне льготных рэсурсаў.

Нагадаем, што льготны крэдыт, прызначаны для рэканструкцыі жылля, будаўніцтва гаспадарчых пабудоў у невялікіх населеных пунктах, выдзяляецца згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  № 75  тэрмінам на 10 гадоў пад тры працэнты гадавых. Максімальная сума крэдыту складае 300 базавых велічынь (на даны момант гэта 54 000 000 рублёў).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>