Вось і маразы хрышчэнскія

galereya1
У сувоі снежным і Альбуць, і Смольня,
У дрымоце ціхай згадваюць пра лета.
Ужо колькі зімаў розных яны помняць,
Найлепшая ж – апетая паэтам.
Яна заўсёды – у вобразах жывых,
У слоў мелодыі таемна непаўторнай.
І тут зліццё на вечнасць і на міг
Рэальнасці з аздобаю чароўнай.
Здаецца, дзядзька выгляне Антось
І скажа гучна: «Ого-го, браточкі,
Вы санкі даставайце і канёчкі.
Жывей жа на прыроду, ягамосць!»
galereya3
Зіма заўсёды надыходзіць знянацку. Ужо колькі яе чакалі, дачакацца не маглі. А ўсё роўна – падзьмула пранізлівым сіверам, іртутны слупок тэрмометра апусціўся да дваццаціградуснай рысы, і ўжо не да любавання белым краявідам. Глядзець то прыемна, але лепш, каб з акна, у пакоі, у цяпле. Аднак жа справы не чакаюць. Паспяшаўся чалавек у гараж, каб звыкла выехаць на работу ці па якой іншай тэрміновай патрэбе. А машына не заводзіцца. І стаў гадаць-прыгадваць, як ажывіць застылы рухавік. Чуў, што святлом крыху паміргаць, і, як міленькі, загудзе. Аднак жа не свецяць фары. Дык няўжо ж і акумулятар прыхапіла? Думай цяпер, ці добры антыфрыз або тасол заліў, ці прадугледзеў усё на выпадак экстрэмальных паводзін зімы. Толькі разважаць доўга няма калі. Трэба подбегам спяшацца на вакзал – на аўтобус або цягнік.
galereya2
І жонка павохкала крыху, што муж не падвязе – ёй цяпер спадзяванні толькі на свае ногі. А яшчэ ж дзяцей у школу адпраўляць. Тут таксама не абыдзешся без парад з жыццёвай практыкі. Што абавязкова перад выхадам на мароз трэба выпіць чаю ды з’есці чаго гарачага. Каб дзяўчынка надзела шарсцяныя калготы, хлопчык не выскачыў без шапкі, абавязкова былі ў пальчатках. І самой гэтыя правілы строга выконваць. Чаю сабе наліць, а ад любімай кавы часова адмовіцца, бо, як даводзіць урач, пры яе ўжыванні сасуды звужваюцца, што непажадана.
Як бы ні было, а ўсе вясёлыя і бадзёрыя вярнуліся дамоў. Жанчына не можа без тэлефона, а суседка – пра свае беды. Іхні легкавік на павароце ледзьве не «раскруціла», добра што ні транспарту, ні людзей блізка не было. Паставяць пакуль машыну на прыкол. Моцны мароз, а яшчэ з галалёдзіцай – непрыемная, нават небяспечная рэч.
Уключылі тэлевізар, камп’ютар. У Амерыцы сёлета, выходзіць, ужо і сорак градусаў марозу было. Так што ў нас яшчэ па-боску. А як наконт прагнозаў? «Дакладны прагноз толькі на бліжэйшыя пяць дзён», – удакладняе дасведчаная жонка. Далей жа будзем гадаць.
Усе памятаюць, што і летась гэтай парой трашчалі хрышчэнскія маразы. З пачаткам лютага пацяплела. А ў сярэдзіне сакавіка наляцеў славуты «Хавер» – буран, які намёў-накруціў такія гурбы, што ледзьве не да мая раставалі. А вось у сярэдзіне леташняга мая было ўжо плюс 25. Такім чынам вясны амаль і не здарылася. Добрым, з гарачымі днямі, выдалася лета, ажно і праз новы год перайшла бясснежная восень. А ўвогуле, як падлічылі сіноптыкі, сярэдняя тэмпература за мінулы год была амаль на два градусы вышэйшай за кліматычную норму.
У кожнага года свае адметнасці. Хаця паўтарэнне праз доўгі перыяд указвае на заканамернасць. Метэаролагі навукова абгрунтоўваюць тэорыю глабальнага пацяплення клімату. Маразы нас пужаюць? Дык яны ж не надоўга. Няхай люты сваёй назве будзе верны, але сонца ўсё вышэй, дзень усё святлей. Вясна – доўгая ці кароткая – усё ж прыйдзе. Ды і ўвогуле, ці ж зіма без марозу і снегу?
А якія зімы раней былі! Згаданы леташні «Хавер» здаваўся многім нязвыклым цудам. Старэйшыя, наадварот, здзіўляюцца: напалохала ледзьве не першая сур’ёзная мяцеліца за дзесяцігоддзе. Некалі ж у сваю пару завеі часта гулі, мароз трашчаў. Пачытаем Максіма Багдановіча: «У бубны дахаў вецер б’е». А якія выразныя малюнкі зімы ў «Новай зямлі»! «Холад люты, калі ўсе рэчкі лёдам скуты і ўсё пад снегам качанее» ці «Зіма свайго не падаруе і злосна ветрам засвідруе». Ды, як сцвярджае далей Колас, «ёсць хараство ў гэтых зімах».
У кожным годзе свая зіма. Самыя ж суровыя за апошняе стагоддзе прыйшліся на 1939-1941 гады. Паклонімся легендарнай мужнасці савецкіх воінаў, але і прыродныя фактары пэўным чынам паспрыялі таму, што гітлераўцы не захапілі Маскву. Тады якраз, са снежня сорак першага, ударылі саракаградусныя маразы. Наша сібірскае падмацаванне войскам добра дапамагло.
А ў прыроды ніколі дрэннага надвор’я не бывае, проста ў нас можа быць кепскі настрой ці характар.
Фёдар БАНДАРОВІЧ
Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>