Адметнае

І за мяжой віталі цёпла

2015 год выдаўся адметным для ансамбля танца «Гарошынкі», які не першы год паспяхова працуе пад кіраўніцтвам Наталлі Захаравай на базе гімназіі.

У мінулым годзе «Гарошынкі» разам са сваім таленавітым педагогам сталі лаўрэатамі дыплома І ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Здравствуй, мир!» і дыплома III ступені – на яго заключным этапе.  Аднак Наталля Антонаўна, якая шмат працуе са сваімі выхаванцамі,  верыць у іх поспех, «замахнулася» пакарыць і культурную сталіцу Еўропы.  Так быў запланаваны ўдзел калектыву ў VII Міжнародным конкурсе-фестывалі «Фестывальныя масты Парыжа».       

«Гарошынкам» прыйшлося выступаць на сцэне старадаўняга парыжскага тэатра «Менілмантан» сярод дзіцячых калектываў і прафесійных удзельнікаў з розных краін свету. Праграма ўключала ў сябе репетыцыю, конкурсную праграму, гала-канцэрт і, зразумела, цырымонію ўзнагароджання.

Усе ўдзельнікі конкурсу падрыхтавалі яркія і незвычайныя, напоўненыя, як і сам Парыж, шармам і элегантнасцю, нумары. «Гарошынкі» выканалі на конкурсе тры харэаграфічныя кампазіцыі: «Балаболкі», «Беларускія карцінкі» і «Цуд-Радзіма». Гледачоў і журы яны пакарылі прафесійным узроўнем выканання, арыгінальнымі касцюмамі, нашай беларускай эмацыянальнасцю, за што былі шчодра аддзячаны ўзнагародамі. Сярод апошніх – галоўны прыз фестывалю  «Зорка Парыжа»  і дыплом уладальніка Гран-пры, дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі «Харэаграфічнае мастацтва». Так, звычайныя стаўбцоўскія дзяўчынкі, гімназісткі, адчулі сябе зорачкамі еўрапейскай велічыні ў танцавальным мастацтве. Кожнай з іх уручаны медаль фестывалю, а кіраўніку Наталлі Захаравай – дыплом за высокі прафесіяналізм у падрыхтоўцы калектыву.

Радуе тое, што танцавальны калектыў гімназіі «Гарошынкі»   заўважаны і ў нашай роднай Беларусі – ён быў заахвочаны пуцёўкамі ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня» для адпачынку і ўдзелу ў тэматычнай змене «Калейдаскоп талентаў». У рамках гэтай змены праходзіў рэспубліканскі конкурс харэаграфічнай творчасці «Юныя таленты Беларусі».

Конкурс, удзел у якім бралі 17 харэаграфічных калектываў з усіх куткоў нашай краіны, арганізоўвалі з мэтай папулярызацыі дасягненняў навучэнцаў устаноў адукацыі ў вобласці мастацкай творчасці. Майстэрства ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі такія прызнаныя майстры харэаграфіі рэспублікі, як заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, педагог-рэпетытар Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» С. А. Кашталапава-Патаповіч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктар і балетмайстар ДУА «Дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў № 1 г. Мінска»  І. А. Дарохіна і інш.  

У «Зубраняці»  юныя таленты гімназіі выступалі ў намінацыі «Народна-сцэнічны танец», і іх выступленне таксама ўвянчалася поспехам – уручэннем дыплома І ступені.     

Дзякуючы педагогам-энтузіястам, такім як Наталля Захарава, у навучэнцаў у нашым гарадку ёсць магчымасць далучыцца да цудоўнага, гарманічна развівацца  (яшчэ Платон сцвярджаў, што «сапраўдная адукацыя ўключае ўменне добра спяваць і танцаваць») і няспынна сябе ўдасканальваць. А для дасканаласці, як вядома, межаў не існуе, і на гэтым шляху абуджаецца ў падрастаючага пакалення бязмежная цікавасць да спадчыны свайго народа, пачуццё павагі да сваёй Радзімы.

Іна АЛЯШКЕВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы»

 

З АБАВЯЗКАМ – БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМ

Нядаўна ў нашым горадзе прайшоў канцэрт былога саліста групы «Белы арол» Леаніда Лютвiнскага. Артыст знайшоў хвілінку, каб даць інтэрв’ю для раённай газеты.

–  Аднойчы вы сказалі, што погляд у будучыню –  творчасць. Як гэта зразумець?

– Творчасць – гэта маё жыццё. У любога чалавека павінна быць наперадзе перспектыва, мэта. Калі ў чалавека ёсць нейкі арыенцір, матывацыя, гэта і ёсць аснова творчасці, таму што жыццё напаўняецца сэнсам. Калі ты не глядзіш наперад, а глядзіш вакол, пад ногі, то ты не зможаш займацца творчасцю.

– Я чытала вашы вершы, яны лірычныя, перадаюць пачуцці. Сёння падчас канцэрта вы чыталі вершы Сяргея Ясеніна, што даставіла гледачам прыемныя мінуты.

– Што датычыць маёй асабістай творчасці, то ўсе вершы розныя:  яны – як рэха нейкай падзеі, унутранага перажывання. У розныя перыяды жыцця яны перадаюць мой стан. Люблю паэзію, з задавальненнем чытаю Пушкіна і Бродскага, іншых аўтараў. Што датычыць Сяргея Ясеніна, то я вельмі люблю гэтага паэта. Ён – адна з жамчужын рускай паэзіі. Ёсць самабытнасць,  непадобнасць ні на каго, ёсць сумленнасць і прыроднасць. Гэта – сапраўдная паэзія.

– Якое месца займае ў вашым жыцці акцёрская і рэжысёрская дзейнасць?

– Я даўно хацеў заняцца рэжысёрскай дзейнасцю і цяпер ажыццяўляю задуманае. Я вучыўся для таго, каб рэалізаваць сваю мэту. Цяпер у мяне ёсць жаданне экранізаваць адзiн вядомы літаратурны твор. Усё ўжо запушчана ў работу. Я і сапраўды хачу здымаць кіно.

– Што для вас значыць быць шчаслівым?

– Чалавеку вельмі важна ў жыцці знайсці тую сферу, дзе ён можа спаўна раскрыцца як асоба. А па вялікім рахунку, кожны чалавек павінен так успрымаць жыццё, каб не ўпадаць у адчай, роспач. Абавязак любога чалавека – быць шчаслівым.

Кацярына ІГНАТОВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>