Аб газеце

Гістарычны шлях, пройдзены Стаўбцоўскай раённай газетай, увабраў у сябе шмат яркіх старонак. На свет газета з’явілася на пяты дзень пасля памятнай для жыхароў Стоўбцаў падзеі — уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР — пад назвай «Знамя» і распавядала аб «вялікай радасці вызваленага часцямі Чырвонай Арміі насельніцтва Заходняй Беларусі ад прыгнёту, жабрацтва і беспрацоўя». Прайшло яшчэ пяць дзён верасня 1939-га, і з друку выйшаў другі нумар стаўбцоўскай «раёнкі». Ён ужо быў цалкам беларускамоўным і меў іншую назву — «Голас селяніна».

Спачатку як газета Часовага кіраўніцтва г. Стоўбцы, а затым і ў якасці друкаванага органа стаўбцоўскіх райкама Кампартыі і райвыканкама ў першыя гады свайго існавання «Голас селяніна» актыўна інфармаваў сваіх чытачоў пра жыццё краіны і тыя пазітыўныя пераўтварэнні, якія адбываліся ў перадваенны час на Стаўбцоўшчыне.

У ліпені 1943 года стаўбцоўскі «Голас селяніна» пачаў выходзіць у падполлі, у адным з партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Налібацкай пучшы.

У пасляваенны час газета заўсёды падтрымлівала і актыўна прапагандавала лепшыя ўзоры працы жыхароў раёна, іх сапраўднага прафесіяналізму, расказвала аб перадавіках вытворчасці, людзях высокага абавязку і творчых памкненняў, выступала супраць коснасці і кансерватызму. Таму нездарма яна стала надзейным сябрам, дарадцам і выхавальнікам для многіх пакаленняў жыхароў Стаўбцоўшчыны.

Свой адбітак на гісторыю газеты наклалі і аграрныя пераўтварэнні пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1962-1963 гадах, у сувязі са стварэннем у Беларусі калгасна-саўгасных вытворчых упраўленняў, адбылося аб’яднанне некалькіх «раёнак» у адно рэгіянальнае выданне. Менавіта ў гэты час адбылося перайменаванне газеты, якая, пачынаючы з 1 мая 1962 года, стала выходзіць пад назвай «Прамень» у якасці друкаванага органа Мінскага абкама КПБ і аблсавета і распаўсюджвалася на тэрыторыі Стаўбцоўскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў.

Аднак так званы міжрэгіянальны газетны эксперымент не ўдаўся, і ў сакавіку 1963 года на Стаўбцоўшчыне зноў з’явілася свая «раёнка» пад назвай, якую не змянілі далейшыя перыпетыі нашай айчыннай гісторыі, — «Прамень».

Стаўбцоўская «раёнка» дала творчае жыццё многім вядомым у нашай краіне людзям, стала адпраўной кропкай на шляху ў прафесію для дзясяткаў здольных журналістаў. У прыватнасці, на яе старонках спрабавалі сваё пяро пісьменнікі і паэты Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Генрых Далідовіч, Уладзімір Мархель, Яўген Хвалей, Алесь Камароўскі і іншыя.

Сёння ў кагорце друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Прамень» мае сваю адметнасць і па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Стаўбцоўшчыны.