мобильная версия
Прамень

"Гасцінец" – ад банка

Нумар - №72    Рубрыка - Грамадства

01.10.2013

У стужцы навін у сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце мала хто прапусціць радок аб курсах валют, крэдытах, якія прапаноўваюць банкі, укладах. І жыццё, і чалавек у ім знаходзяцца ў бесперапынным фінансавым руху. Па просьбе нашых чытачоў мы праводзім інтэрв'ю з дырэктарам Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы філіяла № 500 - Мінскага абласнога ўпраўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Людмілай Стралкоўскай з просьбай расказаць аб новых формах зберажэнняў і крэдытах.

- Людміла Мікалаеўна, што можа прапанаваць ваш Цэнтр банкаўскіх паслуг жыхарам раёна, якія гатовы размясціць свае зберажэнні ў банку і назапасіць іх?

- Наш банк прапаноўвае розныя формы размяшэння грашовых сродкаў: уклады, аблігацыі, ашчадныя сертыфікаты, каштоўныя металы. Існуе разнастайная сетка ўкладаў як па тэрмінах захоўвання, так і па працэнтных стаўках. Працэнтныя стаўкі дасягаюць 45 працэнтаў гадавых, тэрміны захоўвання вар'іруюцца ад 15 дзён да пяці гадоў. Трэба адзначыць, што ў сучасны момант існуе сістэма бонусаў - налічэнне дадатковага ўкладу па рахунках кліентаў у беларускіх рублях (ад 13 да 18 працэнтаў гадавых у залежнасці ад выбранага віду ўкладу). Грошы, якія вы размесціце на дэпазіт, пачнуць працаваць і прынясуць дадатковы даход да зарплаты ці пенсіі. Можна выбраць уклад з умовамі, якія цалкам падыходзяць пад вашы запыты, на кароткі ці больш доўгі тэрмін.

- Якія ўклады можна папаўняць?

- Розныя: "Класік плюс", "Гасцінец", "Ваш выбар", "Прэміяльна-накапляльны "Дзіцячы", "Накапляльны", "Ашчадны". Прычым папоўніць уклад можна ў любым аддзяленні Беларусбанка незалежна ад месца яго адкрыцця.  Трымальнікі пластыкавых картак маюць магчымасць папоўніць уклад праз любы інфакіёск Беларусбанка, а таксама праз паслугі Інтэрнэт-банкінг і Мабільны банкінг.

- Новыя банкаўскія паслугі прадастаўляюць магчымасць пазычыць у банку грошы і на пластыкавую картку?

- Так, напрыклад, авердрафт - гэта кароткатэрміновы крэдыт па бягучым рахунку, доступ да якога забяспечаны па сродках плацежнай банкаўскай карткі, зыходзячы з сярэднямесячнай сумы паступленняў на рахунак. Працэнты налічваюцца толькі за фактычна выкарыстаную суму авердрафту і колькасць дзён карыстання ім. Пры гэтым стаўка па такім крэдыце на даны момант складае 44 працэнты гадавых.

- Жыхароў раёна цікавіць, што змянілася на рынку спажывецкага крэдытавання за апошні час?

- Апошнім часам назіраецца павелічэнне попыту насельніцтва на крэдытныя паслугі. Крэдытны рынак нашага раёна папоўніўся новымі ўдзельнікамі. Паміж банкамі існуе канкурэнцыя, якая прыводзіць да развіцця крэдытных паслуг, з'яўлення новых крэдытных прадуктаў. Наш банк займае першае месца па колькасці выдадзеных крэдытаў. Мы маем надзейную дзяржаўную падтрымку - больш за 90 працэнтаў акцый Беларусбанка належаць дзяржаве. Таму нашы крэдытныя прадукты - сацыяльна арыентаваныя. Мы прапаноўваем шырокую лінію крэдытаў: доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя на спажывецкія патрэбы, на набыццё аўтамабіляў, аплату навучання, на будаўніцтва, рэканструкцыю і набыццё жылых памяшканняў. Па крэдыт можна звярнуцца ў любое аддзяленне Беларусбанка альбо аформіць яго праз анлайн-заяўкі на сайце банка ці па тэлефоне кантакт-цэнтра - 147. Крэдыты прадастаўляюцца шляхам выдачы крэдытнай банкаўскай краткі (з магчымасцю зняцця наяўных грашовых сродкаў) ці шляхам безнаяўнага пералічэння на рахунак трэцяй асобы. Крэдыты на спажывецкія патрэбы выдаюцца на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў шляхам выдачы крэдытнай банкаўскай карткі (з магчымасцю зняцця наяўных грашовых сродкаў). Працэнтная стаўка па крэдыце на тэрмін да пяці гадоў залежыць ад віду забеспячэння, што прадастаўляецца грамадзяніну. Пры афармленні крэдыту тэрмінам да аднаго года працэнтная стаўка на два пункты ніжэйшая. У пачатку навучальнага года вялікім попытам карыстаюцца крэдыты на аплату навучання. Прадастаўляюцца крэдыты на аплату медыцынскай дапамогі і паслуг, набыццё медыкаментаў, медыцынскай тэхнікі для грамадзян, якія стаяць на дыспансерным уліку, а таксама крэдыты на добраўпарадкаванне месцаў пахавання (стаўка рэфінансавання плюс тры працэнтныя пункты).

- Якія новыя крэдыты банк можа прапанаваць?

- Адзін з іх - "Праверана часам". Крэдытам могуць карыстацца кліенты банка, якія з'яўляюцца ўладальнікамі бягучых ці ўкладных рахункаў, адкрытых у рамках зарплатных праектаў, якія не дасягнулі 57-гадовага ўзросту. Перавагі такога крэдыту ў тым, што яго можна аформіць без прадастаўлення даведак аб заработнай плаце, без паручыцельства, з выдачай міжнароднай крэдытнай карткі, з дапамогай якой можна ажыццяўляць разлікі і за мяжою. Важным момантам з'яўляецца магчымасць карыстання той часткай крэдыту, што ўжо пагашана. Кліентам банка, якія з'яўляюцца ўладальнікамі бягучых рахункаў, банк прадастаўляе магчымасць афармлення авердрафту ў памеры штомесячнага акладу на плацежную картку, якая выкарыстоўваецца для атрымання заработнай платы. Да новых відаў можна аднесці крэдыт на набыццё аўтамабіляў як новых, так і тых, што былі ў карыстанні менш за 10 гадоў. Ён прадастаўляецца на тэрмін ад пяці да сямі гадоў. Па ўсіх крэдытах нашага банка магчыма датэрміновае пагашэнне без выплаты камісій.

- Ці існуе бонусная сістэма для кліентаў?

- У нашым банку распрацаваны праграмы лаяльнасці. З 1 ліпеня бягучага года дзейнічае праграма лаяльнасці "Добрасумленны крэдытаатрымальнік", якая прадугледжвае магчымасць зніжэння памеру працэнтнай стаўкі пры ўмове адсутнасці фактаў парушэння дысцыпліны пагашэння штомесячных плацяжоў. З 1 верасня ўступіла ў сілу праграма лаяльнасці "Безнаяўная выгада", якая прадугледжвае зніжэнне дзеючай працэнтнай стаўкі пры пагашэнні крэдыту безнаяўным шляхам з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі. З 1 лістапада крэдытаатрымальнікі, якія маюць станоўчую крэдытную гісторыю ў нашым банку, змогуць стаць удзельнікамі праграмы лаяльнасці "Льготная стаўка", якая таксама прадугледжвае зніжэнне працэнтнай стаўкі на дату заключэння крэдытнага дагавору.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ