мобильная версия
Прамень

Геройская праца

Нумар - №153-155    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

25.09.2010

Яе добра ведалі льнаводы не толькі нашага раёна, але і ўсёй рэспублікі, нават Саюза. Гаворка ідзе пра Аніссю Фамінічну Гецман, Героя Сацыялістычнай Працы, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, дарэчы, 28 ліпеня споўнілася 95 гадоў з дня яе нараджэння.

Гартаючы газетныя старонкі падшывак "Чырвонай звязды", органа былых Баранавіцкіх абкома партыі і аблвыканкама, аўтару гэтых радкоў удалося, няхай і няпоўна, аднавіць некаторыя старонкі яе жыцця.

Нарадзілася Анісся Гецман у вёсцы Краснагоркі Нясвіжскага раёна. Ужо з ранніх гадоў ёй давялося паспытаць горкі хлеб батрацкай долі. Наймалася служанкай да багацеяў, была пастушкай і пасудамыйшчыцай.

Але надышоў верасень 1939 года. "Інакш засвяціла для нас сонца, - успамінала Анісся Гецман. - Вольна ўздыхнулі мы, расправілі плечы і ўзняліся будаваць новае жыццё". Сяляне-беднякі і былыя батракі аб'ядналіся ў калгас. Калгасніцай стала і Анісся.

Мірная праца была спынена вайной. Патрыётка сваёй краіны цвёрда рашыла змагацца са зброяй у руках з ненавісным ворагам. Яна становіцца партызанкай атрада імя Воранава, які дзейнічаў на тэрыторыі Стаўбцоўскага і Мірскага раёнаў.

Пасля вызвалення Стаўбцоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Анісся Гецман працуе ў калгасе імя Варашылава нашага раёна, ёй давяраюць справу звеннявой па вырошчванню лёну.

Члены льнаводчага звяна пад кіраўніцтвам Аніссі Фамінічны працавалі старанна, не шкадуючы сіл, строга захоўваючы правілы агратэхнікі. У 1949 яны дасягнулі даволі высокіх ураджаяў ільновалакна і насення. Аніссю Гецман сталі называць майстрам ільну. У Вялікі Двор, у калгас з усёй рэспублікі ехалі спецыялісты-льнаводы, каб пераняць вопыт працы.

29 жніўня 1950 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за выдатныя працоўныя дасягненні звеннявой калгаса імя Варашылава Стаўбцоўскага раёна Гецман Аніссі Фамінічне было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля "Серп і молат". Тым жа ўказам члены звяна таксама атрымалі высокія ўзнагароды: Кацярына Віжнеўская (Арлова) - ордэн Леніна, Марыя Купшта і Марыя Сільвановіч - медалі "За працоўную доблесць".

У 1951 годзе А. Ф. Гецман выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яна вяла вялікую грамадскую работу, часта бывала сярод людзей, вырашала іх запыты.

Вось такой была Анісся Фамінічна Гецман, жанчына-маці, сельская працаўніца, удастоеная першай у нашым раёне звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Аляксандр ТУРКО