Меню

Вадзіцель пагрузчыка ўносіць асабісты ўклад у імідж торфабрыкетнага завода ў Шашках

Экономика

Аляксандр Гамза летась пагрузіў у вагоны 70 тысяч тон торфу, дзякуючы чаму былі выпушчаны дзясяткі тысяч тон запатрабаванай прадукцыі

Новы год пачаўся ў ААТ «ТБЗ «Нёман» з не менш напружанай працы.

Аляксандр, як і яго калегі па транспартным цэху Станіслаў Дзям’янка, Анатоль Бычко, Раман Ананьеў, разумеюць, што ад іх, вадзіцеляў пагрузчыкаў, залежыць рытмічнасць работы вытворчага канвеера і ў цэлым выкананне даведзенага задання.

Усе чатыры вадзіцелі – як на падбор, працавітыя і ўмелыя. Круглы год у іх – гарачая пара. Для свайго завода яны гатовы працаваць столькі, колькі спатрэбіцца.

Аляксандр Гамза родам з гэтых мясцін, з вёскі Ругаец. На торфабрыкетным заводзе калісьці працавалі яго бацькі, а сам ён пачынаў у 2002 годзе манцёрам пуці, саставіцелем паяздоў. З 2010 года шчыруе на пагрузчыку.

Жыве з сям’ёй у райцэнтры, аднак месца працы не збіраецца мяняць. Дабіраецца ў пасёлак Нёман на свае рабочыя змены (дзень праз дзень) на ўласным транспарце.

– Трымаюць добры заробак і такія ж адносіны дырэкцыі да работнікаў. Нядаўна ўсе атрымалі навагоднія падарункі, – заўважае Аляксандр.

Майстар транспартнага цэха Сяргей Сёмуха гаворыць пра Аляксандра Гамзу наступнае:

– Граматны і адказны спецыяліст, беражліва ставіцца да тэхнікі. Яго партрэт не раз быў на Дошцы гонару завода і на Дошцы гонару раёна. У тым, што ААТ «ТБЗ «Нёман» трымае перадавыя пазіцыі сярод прадпрыемстваў канцэрна «Белпалівагаз», ёсць і яго асабісты ўклад.

Новы, 2024 год, які аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам якасці, абяцае стаць для торфабрыкетнага завода прарыўным у рэалізацыі праектаў па падрыхтоўцы новых палёў для здабычы фрэзернага торфу. Яго дырэктар Міхаіл Камейша падкрэслівае, што такім чынам ствараецца доўгатэрміновая перспектыва – прыкладна на 20 гадоў наперад. Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця, сёлета плануецца выпусціць 45 тысяч 200 тон торфабрыкету.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем