Меню

«Ключ поспеху — у сумеснай рабоце». Малады харэограф расказала, як захапіць дзяцей танцамі

Общество

Маладая настаўніца рытмікі і танцаў Валерыя Леўчык захапілася танцам яшчэ ў дзяцінстве.

Спецыяліст родам з гарадскога пасёлка Свіслач Пухавіцкага раёна. Тут жа вучылася ў сярэдняй школе. У Старасвержанскую дзіцячую школу мастацтваў прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

– Калі мне было шэсць гадоў, урач парэкамендаваў заняцца харэаграфіяй, – адзначае Валерыя. – Бацькі доўга не разважалі – аддалі мяне ў школу танцаў. Так мастацтва стала сэнсам жыцця. І цяпер я не проста жыву ім, але і навучаю іншых.

Валерыя з цеплынёй і павагай успамінае свайго першага настаўніка – харэографа Ірыну Гаўруш. Менавіта яна навучыла любіць танец і дапамагла вызначыцца з прафесіяй.

Як дастукацца да сэрца кожнага дзіцяці? Як захапіць дзяцей танцамі? Гэтыя пытанні хвалявалі маладога спецыяліста перад першым працоўным днём. Але прыйшлі да Валерыі Аляксандраўны першыя дзеці – і ў яе ўсё атрымалася. Знайшла падыход да бацькоў, адчувала цікаўнасць выхаванцаў, атрымала падтрымку калег.

Цяпер малады спецыяліст плённа працуе ў школе мастацтваў, мае шмат задум і энергіі. Для яе важна, каб дзіця мела магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял.

З дзецьмі Валерыя Леўчык паспяхова вывучае азы класічнага і народнага танца, у планах – пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з бальнымі.

«У мяне займаецца больш за 30 дзяцей, – адзначае настаўніца. – Часам бывае няпроста, у кожнага дзіцяці свой характар. У падрыхтоўку кожнай кампазіцыі даводзіцца ўкладваць максімум фізічных і маральных сіл, а таксама неабходна запасціся цярпеннем. Бо ключ да поспеху дзіцяці – не толькі ў яго жаданні ці ў старанні выкладчыка, але і ў сумеснай рабоце».

Дзеці адчуваюць любоў сваёй настаўніцы, яе дабрыню і, у меру, строгасць, таму на ўроках ловяць кожнае слова Валерыі Аляксандраўны, яе рух. Валерыя – у душы тонкі псіхолаг, бо ведае, калі трэба вучня пахваліць, а калі – зрабіць заўвагу.

Валерыя Леўчык аддае перавагу класічнаму напрамку. Разам з тым імкнецца ўвесь час вучыцца новаму, быць у пошуку. Калі глядзіць розныя танцавальныя шоу, прыкмячае цікавыя сучасныя стылі, хоча гэтаму навучыцца, каб потым падзяліцца з дзецьмі.

Любімая справа, рэпетыцыі, непрадказальнасць дзяцей натхняюць, даюць сілы для творчасці. Дзяўчына імкнецца да ўласнага прафесійнага росту і вялікай сцэны. Рэцэпт яе поспеху – марыць, ставіць высокія планкі і ўпарта ісці да мэты.

Іна ГАПАНОВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем