Меню

ААТ «Агранёманскі» з позіркам у заўтрашні дзень

Общество

У ліку лепшых гаспадарак раёна па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыіадкрытае акцыянернае таварыства «Агранёманскі».

Жывёлагадоўля

Стабільна працуе жывёлагадоўчая галіна. Старанныя работнікі фермаў дасягаюць неблагіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Таварыства – у першай пяцёрцы сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна па надоях малака ад кожнай каровы і па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе буйной рагатай жывёлы. У гаспадарцы адзін з самых высокіх валавы надой малака і яго таварнасць. Па вытворчасці мяса ялавічыны працаўнікі фермаў – на трэцім месцы.

Кіраўніцтва сельскагаспадарчага таварыства зацікаўлена ў павелічэнні вытворчасці прадукцыі. У Скамарошках узводзіцца новы малочнатаварны комплекс на тысячу галоў дойнага статка з убудаванай даільнай залай, дзе будуць прыменены самыя сучасныя тэхналогіі. Першую чаргу комплексу плануецца здаць напрыканцы года, а на працягу наступнага – поўнасцю завяршыць будаўніцтва і запоўніць «клюшачнікі» жывёлай.

Для збалансавання рацыёну жывёлы і аўтаматызацыі раздачы кармоў сёлета набыты два кормараздатчыкі. Таксама купілі малочнае таксі для выпойвання маленькіх цялят.

Для людзей ствараюцца належныя ўмовы працы і адпачынку. На МТФ «Залужжа» адрамантаваны бытавыя пакоі і ацяпленне ў пабудаваных дзесяцігоддзі назад памяшканнях. У плане рамонту нямала зроблена на МТФ «Дразды». Работы выкананы сіламі ўласнай будаўнічай брыгады. У найбліжэйшых планах – правесці на гэтай ферме рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Дарэчы, тут вядзецца будаўніцтва сучаснага прафілакторыя для цялят на 150 галоў.

Раслінаводства

У вытворчасці збожжа гаспадарка заўсёды ў першых радах, але сёлета дасягнуць высокіх паказчыкаў, на жаль, не ўдалося. І тут, лічыць дырэктар, ёсць над чым працаваць. Неабходна ўдасканальваць тэхналогію падрыхтоўкі глебы да сяўбы. У планах кіраўніка – набыццё высокапрадукцыйных глебаапрацоўчых агрэгатаў, у прыватнасці культыватара КШП-10, што напрамую звязана і з недахопам механізатараў. Трэба згадаць, што машынна-трактарны парк таварыства ўкамплектаваны рознай сучаснай тэхнікай. Для своечасовага выканання палявых работ дастаткова і энерганасычаных трактароў.

Старанная і плённая праца механізатараў дазволіла сёлета нарыхтаваць на зімоўку жывёле ў дастатковай колькасці і якасных травяных кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае звыш 33 цэнтнераў кармавых адзінак. Затрамбавана ў траншэі ў паўтара раза больш сіласу. Практычна выкананы план па закладцы сенажу, чаму паспрыялі і пасеяныя ў чыстым выглядзе 200 гектараў люцэрны. У наступным годзе плошчу пад гэтую культуру павялічаць яшчэ на 150 гектараў.

Трэба адзначыць, што гаспадарка з’яўляецца элітгасам па вырошчванні новых перспектыўных сартоў насення збожжавых культур айчыннай селекцыі, з далейшай рэалізацыяй яго сельгаспрадпрыемствам раёна і вобласці. Ад гэтай дзейнасці маюць прыбытак. На тэрыторыі Залужскага склада ўстаноўлена адзіная ў раёне лінія па ачыстцы і дапрацоўцы насення.

– Мы працуем з позіркам у заўтрашні дзень, – сказаў дырэктар гаспадаркі Іван Скварчэўскі. – І самае важнае для нас – гэта людзі, якія, не шкадуючы сіл, рупяцца на паляхі фермах, у канторы і мехмайстэрнях, добрасумленна  выконваючы даручаныя абавязкі. Кожны з іх уносіць свой уклад у нашу агульную справу. Віншую ўсіх працаўнікоў таварыства з прафесійным святам і шчыра дзякую за плённую працу. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам працы гаспадаркі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Рекомендуем