Меню

Без моцнай сям’і няма моцнай дзяржавы. На базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа прайшла дыялогавая пляцоўка

Общество

Актуальнай тэмай дыялогавай пляцоўкі, якая прайшла на базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа, стала партнёрства дзяржавы і сям’і ў інтарэсах пакаленняў.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіў Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Удзел прынялі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама,  тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, шматдзетныя маці, пажылыя грамадзяне «сярэбранага» ўзросту.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Навіцкая звярнула ўвагу на тое, што сацыяльная абарона сям’і, паляпшэнне яе становішча – прыярытэт дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. Прыводзячы розныя лічбы, яна праінфармавала прысутных аб рэалізацыі сацыяльных гарантый і дапамог, умовах назначэння  і датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу і інш.

— Без моцнай сям’і няма моцнай дзяржавы, — падкрэсліла Вольга Аляксандраўна. – Дабрабыт сям’і – залог развіцця краіны, дзе фарміруюцца агульначалавечыя каштоўнасці. Адносіны паміж членамі павінны будавацца на даверы, шчырасці, любові.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі падзяліліся вопытам аказання ім дзяржаўнай падтрымкі. Напрыклад, маці, якія выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей, дзяцей-інвалідаў, расказалі аб ільготах ва ўстановах адукацыі, выдзяленні дадатковага выхаднога дня, сямейным капітале і інш. Жанчыны ўдзячны дзяржаве за такую падтрымку.

У Беларусі шмат увагі надаецца самарэалізацыі грамадзян. Адным з такіх спосабаў з’яўляецца рамесніцкая дзейнасць. Для яе ажыцяўлення створаны спрыяльныя ўмовы. Гэта пацвердзіла жыхарка аг. Заямнае Наталля Ждановіч. Рамесніца займаецца вырабам кампазіцый з сухацветаў.»Дзякуючы субсідыі адкрыла сваю справу. Хапае часу і на працу, і на догляд за дзецьмі».

На сустрэчы віталі пары «сярэбранага» ўзросту — Мікалая і Тамару Данец, Іосіфа і Тэрэсу Макась.  Стаж іх сямейнага жыцця – 40 і 50 гадоў адпаведна. З якой пяшчотай яны гаварылі адзін аб адным! «За нашымі плячыма хапала ўсяго. Аднак мы ніколі не апускалі рукі, без падтрымкі не абыходзілася. Самае галоўнае – глыбокая павага адзін да аднаго. Не дапускаем угразнуць у дробязях», — падзяліліся сакрэтам поспеху сямейнага жыцця Іосіф і Тэрэса Макась, Мікалай і Тамара Данец.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі шмат разважалі пра тое, што ў сям’і адбываецца фарміраванне чалавека як грамадзяніна, менавіта тут дзіця развіваецца не толькі фізічна, але і духоўна. Прыйшлі да агульнай думкі, што сям’я – гэта дом, утульнасць, падтрымка.

Прыемным завяршэннем сустрэчы стаў музычны падарунак ад сям’і Данец.

Марына КУТАС, фота аўтара

 

Рекомендуем