Меню

«Быць настаўніцай – гэта маё». У новай школе працуе малады хімік і біёлаг

Общество

Добрая, спагадлівая, інтэлігентная, уважлівая – менавіта так характарызуюць маладую настаўніцу хіміі і біялогіі СШ № 4 г. Стоўбцы Дзіяну Пуляк.

Родам яна з аграгарадка Дварэц Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. У школе вучылася на дзявяткі і дзясяткі. Яе любімымі прадметамі былі біялогія, матэматыка, хімія, фізкультура. Дзяўчыне падабалася вырашаць прыклады і ўраўненні, рабіць якія-небудзь матэматычныя разлікі.

Бацькі раілі ёй паступаць у Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, каб у будучым стаць урачом. Дзяўчына ўспамінае: «Тата вязе мяне на машыне ў г. Гомель. Заўважае, што я еду сумная, няма агеньчыка ў вачах. Ён пытае: «Што такое?» А я яму ў адказ: «Урач – гэта не маё, хачу стаць педагогам». Доўга не думаючы, тата разварочвае машыну ў іншы бок, і мы едзем у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна». Пасля сканчэння ўстановы адукацыі Дзіяна Пуляк прыехала на Стаўбцоўшчыну.

Дзяўчына працуе трэці год у СШ № 4. З першых дзён сваёй педагагічнай дзейнасці яна не толькі выкладае хімію і біялогію, але і з’яўляецца класным кіраўніком.

– Ні разу не пашкадавала аб сваім рашэнні. Быць настаўніцай – гэта маё.  Падабаецца дзяліцца з дзецьмі сваімі ведамі. Праз свае ўрокі імкнуся выхоўваць у вучняў любоў да прыроды, экалогіі.

Дзіяна Аляксандраўна лічыць: каб стаць добрым настаўнікам, мала валодаць пэўнымі ведамі. У першую чаргу трэба навучыцца мець зносіны з вучнямі, разумець і любіць іх. Школьнікі ў сваю чаргу з радасцю «цягнуцца» да яе, расказваюць аб патаемным, дзеляцца сваімі поспехамі і няўдачамі.

– Каб «запаліць» цікавасць да вучэбнай тэмы, выкарыстоўваю прэзентацыі, інтэрактыўную дошку, разнастайныя гульні, – расказвае маладая настаўніца. – Не забываю і пра фізкультхвілінкі – сродак псіхалагічнай і фізічнай разгрузкі. Дзецям цікава самім праводзіць на ўроках якія-небудзь доследы, высвятляць уласцівасці рэчываў і інш.

Вучні Дзіяны Аляксандраўны  прымаюць удзел у алімпіядах па хіміі, біялогіі. Разам з настаўніцай займаюцца даследчай працай. Напрыклад, у 2022 годзе вучні 8 «А» класа Аліна Жылінская і Ягор Тарасевіч заваявалі дыплом ІІ ступені ў абласным конкурсе даследчых работ па вучэбным прадмеце біялогія.

Малады педагог не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У хуткім часе будзе спрабаваць атрымаць другую кваліфікацыйную катэгорыю. Дзіяна Пуляк – актыўны член прафсаюзнай арганізацыі школы, курыруе ахову працы.

У вольны час любіць гуляць у вялікі тэніс, валейбол, шахматы. Прывівае і сваім вучням любоў да спорту.

Марына КУТАС, фота аўтара

Рекомендуем