Меню

Чаго не хапае маладым спецыялістам? Даведаліся ў ААТ «Рубяжэвічы»

Общество
Д

З 2021 года на Стаўбцоўшчыну прыбылі 359 маладых спецыялістаў, 135 з іх прыйшлі ў сельскагаспадарчую галіну.

Пры размеркаванні маладыя работнікі ведалі, што на першым працоўным месцы будуць не толькі акружаны клопатам старэйшых калег, але і атрымаюць жыллё, а таксама выдатную магчымасць для паспяховага кар’ернага росту. Аднак не ўс хочуць карыстацца гэтай магчымасцю. Пасля абавязковай адпрацоўкі ў сельскай гаспадарцы застаецца менш за 40 працэнтаў маладых спецыялістаў.

Падтрымаць на старце

У ААТ «Рубяжэвічы» – шэсць маладых спецыялістаў.

 

Д
Дар’я Богуш задаволена ўмовамі пражывання

Дар’я Богуш працуе бухгалтарам ужо другі год пасля заканчэння Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Цяпер завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю.

– Перад размеркаваннем гутарыла па тэлефоне з кіраўніком ААТ «Рубяжэвічы» Дзмітрыем Сахарэвічам, – расказвае дзяўчына. – Ён паабяцаў дастойную заработную плату і жыллё. Адразу скажу, Дзмітрый Валер’евіч усё выканаў.

Дар’я жыве з калегамі ў доме з усімі выгодамі, які размешчаны ў цэнтры аграгарадка. Да працы – пяць хвілін хады. Плаціць трэба толькі за камунальныя паслугі.

Сяргей Асташонак другі год працуе бухгалтарам у ААТ «Рубяжэвічы»

Сяргей Асташонак таксама закончыў Навапольскі каледж. Пры размеркаванні сам папрасіўся ў ААТ «Рубяжэвічы», дзе ўжо год працаваў яго сябар Яўгеній Федасенка. Хлопцы пражываюць у вёсцы Гнецькі. Адзінае адрозненне ад умоў, якія створаны для дзяўчат, – неабходнасць самім абаграваць жыллё. Але, як расказаў Сяргей, ён пра гэта ведаў загадзя. Затое цяпер па вечарах у перапынках паміж камп’ютарнымі гульнямі – фізкультхвілінка – колка дроў. На працу спецыялістаў дастаўляе машына.

Маладыя людзі расказваюць, што ў гаспадарцы працуе сталовая, дзе можна паабедаць літаральна за капейкі. І ў калектыве іх прынялі лагодна. Яны ведаюць, што заўсёды могуць звярнуцца па дапамогу да галоўнага бухгалтара прадпрыемства Тэрэзы Казацкай.

Умовы для моладзі створаны. Аднак ці застануцца яны тут пасля абавязковай адпрацоўкі? Дар’я Богуш адказала адназначна: «Не». Пасля адпрацоўкі дзяўчына з’едзе ў Мінск, дзе яе чакае жаніх. Сяргей пакуль не вырашыў, але мяркуе, што тут таксама не застанецца.

Не хапае зносін?

Чаго ж сёння не хапае маладому пакаленню ў малых населеных пунктах, што многія спяшаюцца ў горад? Забаў і зносін?

Для замацавання моладзі на месцах сёння робіцца вельмі шмат. Заработная плата – на належным узроўні, умовы працы – выдатныя, жыллё – добраўпарадкаванае. Але ім у вёсцы сумна. Чым заняцца маладым людзям у выхадныя дні, калі няма ні кафэ, ні кіно?

Добра было б кіраўніцтву прадпрыемстваў падумаць у гэтым напрамку. Напрыклад, часцей арганізоўваць выезды на экскурсіі для працаўнікоў, хаця б некалькі разоў на месяц прапаноўваць бясплатныя абанементы ў басейн і трэнажорную залу ў райцэнтры.

Або рабіць стаўку на сваю моладзь. Трэба адзначыць, што з гэтай мэтай дырэктар ААТ «Рубяжэвічы» Дзмітрый Сахарэвіч сустракаецца са старшакласнікамі, знаёміць з формамі маральнага і матэрыяльнага стымулявання студэнтаў-«мэтавікоў» і перспектывамі працы ў гаспадарцы. Сельгаспрадпрыемства стымулюе выдатную вучобу дзяцей, уручае грашовыя прэміі за поспехі ў навучанні і спорце.

Трэба разумець, што менавіта выпускнікі мясцовай школы, якія вярнуліся на радзіму пасля атрымання спецыяльнасці, застануцца тут працаваць, абжывуцца і створаць сем’і.

Алена ГАМЗА

Фота Ксеніі РУБІН

Рекомендуем