Меню

Даступнасць меддапамогі – пад кантролем. Расказваем, як трапіць на прыём да ўрача

Общество

Часта мы чуем каментарыі медыцынскіх работнікаў пра неабходнасць неадкладнага звароту да ўрачоў у выпадку ўзнікнення тых ці іншых сімптомаў. Пры гэтым у жыхароў раёна ўзнікае пытанне, як трапіць на прыём да ўрача, калі няма талонаў, і ці давядзецца стаяць у чарзе ў паліклініцы.

Карэспандэнт  прааналізавала сітуацыю. Праз інтэрнэт-рэгістратуру talon.by можна заказаць талон да любога спецыяліста. Урач агульнай практыкі, гінеколаг, кардыёлаг, анколаг, отарыналарынголаг, хірург прымуць любога жадаючага ў зручны для яго час.

Праўда, гэта не адносіцца да кардыёлага, неўролага, эндакрынолага, стаматолага, афтальмолага і некаторых іншых вузкіх спецыялістаў. На бліжэйшы час талонаў няма, ёсць толькі праз месяц… Запісацца на ультрагукавое даследаванне праз talon.by ўвогуле не магчыма.

Патэлефанавала ў рэгістратуру паліклінікі для запісу на прыём да неўролага і эндакрынолага. Найбліжэйшы талон – на сярэдзіну снежня. Здзіўляюся: «Што рабіць, калі цяпер неабходна трапіць?». Медрэгістратар дадаткова задае пытанні і прапануе першапачаткова звярнуцца да ўрача агульнай практыкі. Тлумачыць, што пры ўзнікненні неабходнасці запішуць да вузкага спецыяліста. У такой сітуацыі накіраванне да ўрача агульнайпрактыкі – адна з магчымасцей атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.

Узнікаюць пытанні і з запісам да ўрача-стаматолага паліклінікі, у тым ліку і на платнай аснове. Найбліжэйшы запіс на бясплатнай аснове праз talon.by – 5 снежня. У рэгістратуры ёсць талоны толькі на сярэдзіну лістапада. На платны прыём запіс вядзецца ўжо на студзень 2024 года.

Гэта можа выклікаць пэўныя складанасці, а часам – і незадаволенасць у пацыентаў. Так, жанчына (адмовілася афішыраваць сваё прозвішча) звярнулася на прыём да стаматолага па вострым болі. Агледзелі, правялі неабходныя працэдуры. Рэкамендавалі звярнуцца праз тыдзень для завяршэння лячэння (пры гэтым у паліклініцы найбліжэйшы запіс – праз месяц). Выбару няма – прыйшлося звяртацца ў прыватны кабінет г. Дзяржынска.

Магчыма, такі выпадак – адзінкавы і меў якія-небудзь спадарожныя фактары, што не дазволіла пацыенту атрымаць кваліфікаваную дапамогу ў паліклініцы.

На момант наведвання карэспандэнтам паліклінікі не назіралася ажыятажу ў калідорах. Чарга ў рэгістратуру была невялікая. На прыём да вузкіх спецыялістаў (хірурга, урача-нарколага, спецыяліста ультрагукавога даследавання, кардыёлага, гінеколага) стаялі па 2-3 чалавекі. Адсутнічалі людзі каля флюараграфічнага кабінета.

Адзінае шматлюднае месца – кабінет забору крыві з вены (к. 329). Жанчына, якая прадставілася Святланай Аляксееўнай, адзначыла: «Такой колькасці людзей не бачыла ўжо даўно, але стаяць буду, трэба тэрмінова здаць аналізы». Пакуль мы вялі ажыўленую гутарку (каля 20 хвілін), прыйшоў час пацыентцы заходзіць у кабінет. Мяркуйце самі, шмат гэта ці не, але, як мне здаецца, пры зладжанай працы двух спецыялістаў у працэдурным кабінеце прыём праводзілі даволі хутка.

Як адзначаюць многія пацыенты, арганізацыя работы паліклінікі, своечасовасць аказання медыцынскай дапамогі знаходзяцца на дастатковым узроўні.

Спыталі ў стаўбчан, што яны думаюць пра медыцынскае абслугоўванне.

Кацярына Паплаўская:

– Паліклініку наведваем рэдка, пры неабходнасці выклікаем урача дадому. Сёння прыйшлі да педыятра, талон да якога ўзялі за некалькі дзён. Хацелася б, каб талонаў было больш, асабліва ў пік захваральнасці на вірусныя інфекцыі.

 

 

 

 

 

Таццяна Бандаровіч:

– Праблем з атрыманнем талона да ўрача ніколі не ўзнікае. Імкнёмся загадзя запісацца на прыём, каб сэканоміць свой час, але не заўжды атрымліваецца. Цяпер з сынам праходзім медкамісію. Дачка захварэла – таксама пойдзе на прыём, праўда, без талона. У рэгістратуры паведамілі, што пытанняў з наведваннем урача не будзе.

 

 

 

Анастасія Міхайлоўская:

Прыйшла на прыём да отарыналарынголага з дзіцем па вострым болі. Чакаем, калі паклічуць у кабінет, абяцалі – хутка. Раней праходзіла медыцынскую камісію з дзіцем, пры гэтым талоны да ўрачоў не бралі. У прыёме не адмовілі.

 

 

 

 

Іна ГАПАНОВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем