Меню

Эканаміст ААТ «Вялікі Двор» Дар’я Васечка жыве і працуе на малой радзіме

Общество

Дар’я Васечка працуе эканамістам у ААТ «Вялікі Двор».

– Чаму выбрала гэтую прафесію? – перапытала малады спецыяліст і тут жа дала адказ: – Можна сказаць, выпадкова. Марыла стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Але потым перадумала і паехала да бабулі ў г. Столін, дзе і паступіла вучыцца ў тамтэйшы дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.

Цяпер яна разумее, што зрабіла правільны выбар і памяняла рашэнне своечасова. Прафесію эканаміста палюбіла і лічыць яе запатрабаванай і прэстыжнай.

Малады спецыяліст Дар’я Васечка зрабіла свядомы выбар – жыць і працаваць у вёсцы

У кабінеце, дзе маладому спецыялісту выдзелілі абсталяванае па апошняму слову тэхнікі рабочае месца, нядаўна зроблены еўрарамонт. Устаноўлены кандыцыянер.

– Мне ўсё падабаецца, працуецца лёгка, – сказала Дар’я. – Дапамагаюць ва ўсім, падказваюць, як лепш зрабіць, вопытныя калегі, да якіх магу ў любы час звярнуцца. І ў першую чаргу гэта галоўны эканаміст Ала Полацкая.

Ала Уладзіміраўна і параіла Дар’і вучыцца далей: у гаспадарцы ёсць перспектыва кар’ернага росту. І дзяўчына паступае на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Пра адпрацоўку, а шчыруе ў таварыстве другі год, размову нават не вядзе. Як гаворыць сама Дар’я, яна прыехала ў родную вёску працаваць, а не лічыць дні і месяцы да «дэмбелю». У «Вялікім Двары» цяпер яе карані. Бацькі завіхаюцца на жывёлагадоўчым комплексе: маці – цялятніцай, а бацька – слесарам. Дзядзька Андрэй Мяшок – брыгадзір малочнатаварнага комплексу. А бабуля Тамара Мяшок – праслаўленая ў недалёкім мінулым аператар машыннага даення і першая ў раёне дзесяцітысячніца.

Дар’я – дзяўчына вясковая, працавітая. Пастаянна дапамагае бацькам па дамашняй гаспадарцы. А ў вольны час любіць адпачываць разам з сябрамі, бо маладосць – гэта асаблівы стан душы, якая падпітваецца неўтаймаванай энергіяй і жаданнем новага, нязведанага.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Рекомендуем