Меню

«Езджу ў лазню, а не ў бальніцу». Расказваем пра стаўбчаніна, які выбраў актыўнае даўгалецце

Общество

Стаўбчанін Станіслаў Грывачэўскі ўжо каторы год запар займаецца культурным валанцёрствам і вядзе актыўны лад жыцця.

Мужчына – удзельнік хору ветэранаў раённага Цэнтра культуры «Журавы» і вакальнай студыі «Родны кут» пры Стаўбцоўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кожны яго месяц насычаны падзеямі і мерапрыемствамі. З канцэртнай праграмай з калегамі наведвае сацыяльныя ўстановы, прымае ўдзел у раённых святах.

Валанцёрствам мужчына марыў займацца даўно. «Мне ўсё ў жыцці даспадобы. І людзей усіх люблю. Таму хачу дзяліцца з імі сваімі шчырымі пачуццямі, дарыць добры настрой», – гаворыць Станіслаў Юльянавіч.

У свае 87 гадоў мужчына поўны энергіі. Прызнаецца, што такі запал і бадзёрасць надае яму здаровы лад жыцця. Валанцёр «сярэбранага» ўзросту кожную раніцу пачынае з зарадкі, ходзіць на прагулкі. Не забывае аб рыбалцы і паходзе ў грыбы. Цяпер актыўна рыхтуецца да марафону па скандынаўскай хадзьбе.

Станіслаў Юльянавіч ужо даўно абраў для сябе курс на даўгалецце: з машыны перасеў на веласіпед, а замест бальніцы ездзіць у лазню. Такі прыклад падае і моладзі.

З падрастаючым пакаленнем валанцёр часта праводзіць сустрэчы, удзельнічае ў сумесных акцыях, чэленджах. Станіслаў Юльянавіч для добрай справы не ведае словы «не» ці «не магу». Ён жвавы, кампанейскі і хуткі на пад’ём. Не забывае мужчына і пра свой знешні выгляд. Заўсёды акуратны і мінімалістычна  стыльны, ён прыцягвае да сябе ўвагу.

А як жа без грамадскай дзейнасці?! Больш за 25 гадоў ён адпрацаваў у пуцявых дарожных майстэрнях станцыі Стоўбцы. Цяпер там з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі. У раённым камітэце Камуністычнай партыі займаецца культурна-масавай дзейнасцю.

Пастаянная падтрымка Станіслава Юльянавіча – любячая жонка. Ён называе яе па-ласкаваму «птушка мая, якая не лятае». Па стане здароўя жанчына знаходзіцца дома, штодзень чакае мужа і падтрымлівае яго ва ўсіх пачынаннях.

Планаў на будучае ў мужчыны хапае. «Наперадзе яшчэ шмат сустрэч, выступленняў», – гаворыць валанцёр. Вось і пасля нашай сустрэчы Станіслаў Юльянавіч у прыўзнятым настроі адправіўся на чарговую рэпетыцыю.

Сказана Станіславам Грывачэўскім

â Машына ў чалавека адбірае рух і дае напружанне.

â У жыццё прыйсці і нічога не любіць – значыць памерці адразу.

â Калі на зямлі папрацуеш, то сябе па-іншаму адчуваеш.

Ксенія РУБІН, фота аўтара

Рекомендуем