Меню

«Генрыхавіч, паехалі!» Школьны вадзіцель з Цеснавой ведае, як давесці дзяцей весела і бяспечна

Общество

Кожную раніцу ў будныя дні заўважаеш аўтобусы, афарбаваныя ў яркі, сонечны колер, з бартавым надпісам «Дзеці». За рулём –  школьныя вадзіцелі. Адзін з іх – Анатолій Раткевіч, які працуе ў Цясноўскай школе імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Па жыцці Анатолій Генрыхавіч з аўтатэхнікай неразлучны. Некаторы час працаваў вадзіцелем у калгасе «Радзіма Дзяржынскага». Потым прапанавалі перасесці на школьны аўтобус у Цеснавой. З задавальненнем прапанову прыняў.

Да сваёй прафесіі мужчына адносіцца з вялікай адказнасцю. І гэта зразумела: у яго руках – жыцці дзяцей. Дарэчы, у 2021 годзе Анатолій Генрыхавіч атрымаў падзяку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама за добрасумленную працу, паспяховае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм.

Яго працоўны дзень пачынаецца ў 06.30 з праверкі тэхнічнага стану аўтобуса, праходжання медыцынскага агляду. За месяц аўтобус «намотвае» прыкладна 4000 км. Маршрут для вадзіцеля звыклы: Цеснавая – Рочавічы – Слабодка – Куль – Дзенісы – Пятрылавічы. Школьны аўтобус выкарыстоўваецца не толькі для падвозу вучняў, але і для экскурсій, наведвання памятных месцаў.

Анатолій Генрыхавіч – вопытны вадзіцель. Кожную шрубу аўтобуса ўважліва правярае, тым больш што ён па сумяшчальніцтве і аўтаслесар. Трэба сказаць, хуткасць у паездцы вадзіцель трымае самую бяспечную. Бацькі могуць быць спакойнымі за сваіх дзяцей.

– Некаторым можа здавацца простым – вазіць дзяцей туды і назад, – прызнаецца мужчына. – Але гэта не так: на прыпыначным пункце трэба быць асцярожным, каб ні спадарожных, ні сустрэчных машын не было. Няма перашкод – тады і адкрываю дзверы. А ўвогуле з дзецьмі весела, часам яны спяваюць песні ў аўтобусе. Некаторыя нават спяць падчас руху. Так прыемна чуць раніцай: «Генрыхавіч, паехалі!»

Анатолій Раткевіч з жонкай Жаннай Іванаўнай жывуць у Цеснавой-2. Яны любячыя сужэнцы і бацькі. А яшчэ садаводы і агароднікі, трымаюць дамашнюю гаспадарку – кабанчыкаў, курэй. Ёсць сабака і каты. На падворак Раткевічаў прыемна глянуць: заўсёды тут акуратна і прыгожа. Нездарма ў 2021 годзе падчас свята вёскі Цеснавая Анатолій Генрыхавіч і Жанна Іванаўна атрымалі дыплом пераможцы конкурсу «Падворак, які радуе вока» і каштоўны падарунак.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ

Рекомендуем