Меню

Гонар калектыва Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»

Общество

У Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» шчыруюць тыя, кім ганарацца ў калектыве.

Сярод іх–Таццяна Мілашэўская і Віктар Дземідовіч, якіх сёлета вылучылі для ўзнагароджання з нагоды прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

 

Універсальны «баец»

Апаратчыца асептычнага кансервавання Таццяна Мілашэўская значную частку рабочай змены праводзіць за камп’ютарам.

– Сачу за падрыхтоўкай сыравіны, займаюся яе адважваннем у адпаведнасці з рэцэптурай. У гэтай адказнай справе кожны міліграм мае значэнне і ўплывае на імідж нашага прадпрыемства, – удакладняе Таццяна.

У дзень нашай сустрэчы на лініі былі фруктова-ягадныя напаўняльнікі для дзіцячага харчавання такога брэндавага вытворцы, як «Беллакт». Шмат заказаў паступае і ад вядомых малочных заводаў рэспублікі.

На лініі, якая працуе кругласутачна, выпускаюцца сокі і павідла, ажыццяўляюцца працэсы стэрылізацыі і асептычнага кансервавання ў залежнасці ад тэхналогіі і віда прадукцыі.

За больш чым чатыры гады працы апаратчыцай Таццяна навучылася ўсяму, а ўважлівасці і акуратнасці ёй не займаць. Нездарма в. а. майстра Аляксей Шыдлоўскі назваў яе ўніверсальным «байцом». І такія работнікі, як Таццяна Мілашэўская, складаюць касцяк прадпрыемства.

– Прыемна, што мой уклад заўважаны і ацэнены, – прызнаецца жанчына, матуля траіх дзяцей.

Двое малодшых у Таццяны, сын і дачка, яшчэ школьнікі, але добра ведаюць, якія смачныя і карысныя выпускаюць на мамінай рабоце сокі, салянкі, соусы.

Сапернік дырэктара

У вытворчым цэху задзейнічаны і грузчык-вадзіцель пагрузчыка Віктар Дземідовіч.

На сваёй вёрткай міні-тэхніцы ён ювелірна манеўруе паміж паддонамі і бочкамі, дастаўляючы ў цэх сыравіну, а гатовую прадукцыю – на склад ці ў халадзільныя камеры.

Але вось, прытармазіўшы ля 250-кілаграмовых ёмістасцей, Віктар возіцца з кранамі. Адкрывае адзін, другі.

– Праз помпу канцэнтраты яблычнага і вінаграднага сокаў паступяць на станцыю змешвання, адтуль – на станцыю разліву, – знаёміць ён з тэхналагічнымі нюансамі.

У філіяле Віктар Дземідовіч працуе 11 гадоў. Задаволены ўмовамі працы, заработнай платай. Падабаецца калектыў. Удзельнічае ў спартыўных мерапрыемствах.

– Са школьных гадоў захапляюся тэнісам, – дзеліцца Віктар. – Калі вучыўся ў Клецкім ПТВ, выступаў за вучылішча. Цяпер абараняю гонар філіяла ў раённых спартакіядах. Спаборнічаем мы і ўнутры свайго калектыву. На корце сапернік мне толькі дырэктар…

Віктар разам з жонкай, якая працуе ў раённым аддзеле статыстыкі, гадуюць дзвюх дачок-школьніц. Абедзве – гімназісткі.

«Яшчэ не ўсё давялі да ладу ў сваім новым доме ў мікрараёне Паўночны-2, – кажа Віктар. – Марым хутчэй завяршыць будоўлю і ўсёй сям’ёй – на адпачынак. Пакуль выязджаем з палаткай на бераг Нёмана – жыць у Коласавых мясцінах нам вельмі даспадобы».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем