Меню

Ім давяраюць клопат аб сваіх маёмасці і здароўі

Общество

У першую суботу снежня адзначаецца Дзень страхавых работнікаў.

Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з дырэктарам прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Стаўбцоўскім раёне Уладзімірам Місько, які расказаў аб рабоце структурнага падраздзялення:

– З кожным годам усё больш людзей раёна давяраюць нам клопат аб сваіх маёмасці і здароўі, разумеючы, што менавіта страхаванне – гэта магчымасць за нязначную суму пазбегнуць страт, якія могуць быць вышэйшыя за суму ўзносу ў сотню, а то і ў тысячу разоў. Работа нашага калектыву якраз і накіравана на тое, каб жыхары раёна заўсёды маглі атрымаць кваліфікаваную кансультацыю і даступную страхавую абарону, мелі магчымасць заключыць дагаворы ў любы дзень і ў зручным для іх месцы.

З пачатку бягучага года супрацоўнікамі прадстаўніцтва заключана 53 646 дагавораў, у тым ліку 27 686 – добраахвотнага страхавання і 25 960 – абавязковага. Мы рады, што людзі нам давяраюць, стараемся апраўдваць іх давер і ў цяжкую мінуту падтрымліваем матэрыяльна страхавымі выплатамі. У прадстаўніцтве сфарміравалася даволі кампетэнтная і дружная каманда спецыялістаў, прафесіяналаў сваёй справы, якія ўмеюць знаходзіць агульную мову з кліентамі, уважліва працуюць з дакументамі. Усе работнікі, а іх трыццаць два, аператыўна і якасна выконваюць свае абавязкі па страхаванні маёмасных інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб. У нашых поспехах ёсць важкі ўклад кожнага, і ўсе заслугоўваюць добрых слоў. А асабліва хочацца адзначыць вядучых спецыялістаў Ірыну Курыла і Алену Сырадоеву, стаж работы якіх налічвае адпаведна 38 і 36 гадоў.

Сёння ў прадстаўніцтве працуюць 16 агентаў страхавых. Гэтых супрацоўнікаў у любое надвор’е  можна сустрэць на гарадскіх вуліцах, у самых аддаленых вёсачках. Ім уласціва камунікабельнасць, уменне слухаць і пераконваць сваіх кліентаў. У ліку лепшых – Надзея Казлова і Наталля Кірфман – прафесіяналы з вялікім стажам, які налічвае не адно дзесяцігоддзе.  Сярод маладых – Ганна Лаўрышчук, Аксана Кузьміч. Падзякамі філіяла Белдзяржстраха па Мінскай вобласці ў намінацыі «Лепшы агент страхавы» і за добрасумленную працу адзначана сёлета Аксана Дубовік.

Надзея БАТАЛКА

 

Рекомендуем