Меню

На ФАПе ў Горках праходзіць вакцынацыя

Общество

Медыкі арганізавалі вакцынацыю супраць грыпу не толькі ў паліклініцы, але і ў сельскіх установах аховы здароўя, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Разам з выязной прышчэпачнай брыгадай Стаўбцоўскай ЦРБ пабываем на ФАПе ў Горках, дзе папярэдне выказалі жаданне зрабіць прафілактычную прышчэпку каля 50 работнікаў ААТ «Жацерава».

Кіраўніцтва сельгаставарыства ў гэтым плане таксама праявіла пэўную ініцыятыву, бо зацікаўлена (асабліва напярэдадні «віруснага сезона») у тым, каб было як мага менш бальнічных лістоў. Усе разумеюць, што толькі работнікі з моцным імунітэтам здольны забяспечыць выкананне вытворчых задач.

Невыпадкова, што асабісты прыклад вакцыянавання паказвае калектыву намеснік дырэктара ААТ «Жацерава» Васілій Цярцюк.

«Супраць грыпу рабіў прышчэпку летась і пазалетась, і гэтая страхоўка мне дапамагла», – прызнаецца Васілій Аляксандравіч, пакуль медык робіць яго агляд.

Вядзе прыём памочнік урача стаўбцоўскай паліклінікі Дар’я Аляхновіч. З кожным, хто прыйшоў на прышчэпку, яна праводзіць стандартныя працэдуры: змервае ціск, тэмпературу цела, узровень кіслароду ў крыві. Просіць паказаць горла. Цікавіцца, ці былі прастудныя захворванні ў апошнія два тыдні.

– Прышчэпка звычайна ўсімі пераносіцца добра, але калі чалавек нядаўна перахварэў, то лепш адкласці яе і не выпрабоўваць арганізм дадатковай нагрузкай, – тлумачыць Дар’я Юр’еўна.

Нарэшце яна дае дабро, пасля чаго вакцыну ўводзіць фельчар (загадчыца) Горкаўскага ФАПа Аліна Шастакова. Статус маладога спецыяліста не перашкаджае ёй быць сярод вяскоўцаў сваёй.

Чаргі на прышчэпку няма, аднак і без работы медыкі не сядзяць. Работнікі гаспадаркі паступова пад’язджаюць. Асобнымі падраздзяленнямі, бо з улікам сельскагаспадарчай спецыфікі многія працуюць на розных участках.

Сярод тых, хто прыйшоў на прышчэпку, – і вясковыя пенсіянеры Пётр і Людміла Салдаценкі. На пытанне пра здаровы лад жыцця Пётр Уладзіміравіч прыводзіць сенсацыйны аргумент: «Ужо шаснаццаць гадоў не куру».

Медыкі вітаюць такі асэнсаваны падыход да свайго здароўя і таксама рэкамендуюць усім пацыентам «завязаць» і са спіртным (тым больш нельга ўжываць яго пасля прышчэпкі).

Яны папярэджваюць: вакцыны хопіць на ўсіх, але трэба паспяшацца, каб да наступлення эпідсезона паспеў сфарміравацца імунітэт.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

Рекомендуем