Меню

Праца даярак на вёсцы цэніцца. У ААТ «Каганец» вызначаны перадавікі ў жывёлагадоўлі

Общество

Сёлета на злёце перадавікоў аператар машыннага даення ААТ «Каганец» Надзея Кухарчык была адзначана дыпломам.

Па выніках работы за мінулы год Надзея Міхайлаўна заняла ў раённым спаборніцтве другое месца сярод прадстаўніц гэтай нялёгкай прафесіі. Восем гадоў жанчына рупіцца на ферме. Расказвае, што нават думаць не думала, калі ехала з вёскі ў сталіцу, што вернецца назад.

Спачатку ўсё складвалася добра. Выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Некаторы час працавала ў гандлі, паспрабавала сябе ў якасці адміністратара ў аквапарку «Лябяжы». Але потым усё пайшло па-іншаму: лёс прыгатаваў ёй цяжкае выпрабаванне – загінуў муж. І ўсе планы адразу рухнулі. Жанчына пасля доўгіх разважанняў прымае рашэнне вярнуцца на малую радзіму.

У вёсцы без адпаведнай адукацыі работу з добрай зарплатай не знайсці, тым больш што патрэбна было жыллё. І заставаўся адзіны выхад – ісці на працу ў жывёлагадоўлю.

– Спачатку было цяжка, – расказвае Надзея Міхайлаўна, – асабліва ўставаць на золку, а дадому вяртацца познім вечарам. Ды і вопыту практычна не было. Дзякуй дзяўчатам, дапамагалі.

Цяпер руплівіца гаворыць, што за гады працы яе арганізм прывык і працуе як гадзіннік.

– Калі б не любіла жывёлу, то, напэўна, тут не працавала б, – працягвае размову даярка. – Каровы да мяне прывыклі, і я да іх таксама. Калі з ласкай да рагулі падысці, то яна аддзячыць высокім надоем.

Стараннасць і добрасумленныя адносіны да даручанай справы дазволілі Надзеі Кухарчык выйсці ў перадавікі. У кастрычніку бягучага года  яна ўжо перавысіла дзевяцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Ды і ферма, на якой працуе, уваходзіць у пяцёрку лепшых у раёне сярод аднатыпных падраздзяленняў.

– Мы стараемся, каб малако з нашай фермы залічвалася на малаказаводзе толькі гатункам экстра, і нам гэта ўдаецца, – гаворыць Надзея Міхайлаўна. – А прадукцыю найвышэйшай якасці можна атрымаць толькі ад здаровай каровы, таму прытрымліваемся тэхналогіі кармлення, даення і ўтрымання дойнага статка.

Старэйшы сын Надзеі Кухарчык Максім таксама працуе ў сельгаставарыстве. Ён аўтаслесар у машынна-трактарным парку.

Надзея Міхайлаўна – добрая гаспадыня. На падворку трымае дамашнюю жывёлу, таму заўсёды спяшаецца дадому да сваіх гадаванцаў. А калі затрымліваецца, то накарміць свінак і курэй дапамагаюць дзеці. Любіць руплівіца рабіць нарыхтоўкі з садавіны і агародніны і сцвярджае, што іх у яе заўсёды многа, бо сям’я  немалая – акрамя старэйшага сына яшчэ двое дзяцей. А ў вольны час, якога не так  і многа, жанчына вяжа кручком. Асвоіла гэтую тэхніку яшчэ школьніцай. Ужо спрабуе вязаць і малодшая дачка Соф’юшка. У Мікалая свае, хлапечыя забавы.

Надзея Кухарчык не марыла стаць даяркай. Так склалася. На пытанне, ці не шкадуе яна, што вярнулася ў вёску, адказала:

– Працаваць усюды трэба, а ў мяне ўсё цяпер стабільна: заробак даволі неблагі і дах над галавою. Ды і ўвогуле галоўнае ў рабоце не прэстыж, а каб выбраная справа была па душы.

Рекомендуем