Меню

Сучасныя тэхналогіі пачынаюцца з паштальёна. Сёння — Сусветны дзень пошты

Общество

Штогод 9 кастрычніка адзначаецца Сусветны день пошты. Такое рашэнне было прынята на кангрэсе Сусветнага паштовага саюза ў 1969 годзе. У склад гэтага саюза ўваходзяць 172 краіны. У 2022 годзе наша краіна па выніках сваёй паштовай дзейнасці заняла сярод іх 13-е месца.

– «Белпошта» пастаянна развіваецца, штодзень пацвярджаючы свой дэвіз – «Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць», – падкрэслівае начальнік Стаўбцоўскага ўчастка паштовай сувязі Таццяна Уласік. – Карыстаюцца попытам як традыцыйныя, так і новыя паслугі. У шырокім асартыменце прапануем  маркіраваную прадукцыю, рэалізуем тавары айчынных вытворцаў праз паштовы інтэрнэт-магазін і інш.

– Таццяна Віктараўна, наведвальнікі прызвычаіліся, што на пошце можна зрабіць усе плацяжы, аформіць падпіску, набыць або заказаць тавары народнага спажывання. А ў чым заключаецца навізна?

– Сучасныя тэхналогіі пачынаюцца ўжо з паштальёна. Цяпер у руках кожнага з іх – апаратна-праграмны комплекс «Мабільны паштальён», з дапамогай якога можна прыняць плацяжы або выпісаць газету дома ў кліента, на вуліцы. У гэты комплекс нядаўна была дабаўлена паслуга па папаўненні банкаўскай пластыкавай карткі і зняцці наяўных грошай, якая не магла застацца непрыкметнай.

У цэлым дзейнічае нацыянальная паштовая электронная сістэма, якая дае магчымасць алічбоўваць простыя і заказныя пісьмы ў альтэрнатыву стандартнай перасылцы адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі.  Электронная авансавая сістэма выводзіць на новы ўзровень узаемаразлікі з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі за аказаныя паслугі. Гэты новы лічбавы стандарт дазваляе кліентам адсочваць рух сваіх грашовых сродкаў у асабістым кабінеце ў рэжыме анлайн, аплачваць усе віды паштовых, дадатковых і няпрофільных паслуг, залічваць грашовыя сродкі ў рэжыме анлайн.

– Работнікі пошты праводзяць падпіску на раённую газету і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Якія аддзяленні найбольш актыўна прэзентуюць «Прамень»?

– Па падпісцы на СМІ варта вылучыць аддзяленні паштовай сувязі ў Літве (начальнік Галіна Жвірбля), Любкаўшчыне (Святлана Навоша), Мікалаеўшчыне (Наталія Мілішкевіч), усе тры перасоўныя аддзяленні (Надзея Яўсейчык, Наталля Петрашкевіч, Кацярына Бохан). Так склалася, што работнікі пошты, ветэраны паштовай сувязі  – першыя падпісчыкі «Праменя» і іншых выданняў. Наша ветэранская арганізацыя налічвае больш за 90 чалавек. Узначальвае яе Марына Петух.

Жадаю ўсім нам плённага супрацоўніцтва, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Рекомендуем